13 траўня 2024, панядзелак, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Ёсць адна дзіўная дэталь у псіхалогіі Лукашэнкі

48
Леанід Заіка: Ёсць адна дзіўная дэталь у псіхалогіі Лукашэнкі

Чаму бізнэсу не па дарозе з дыктатарам.

Буйному бізнэсу даўно пара ўключыцца ў палітыку.

Днямі паводле пастановы эканамічнага суда ў апальнага алігарха Юрыя Чыжа адабралі менскае "Дынама", якім ён валодаў 20 гадоў.

Чыжу не дапамагло нават тое, што ён уваходзіў у найбліжэйшае кола Лукашэнкі. Доўгі час алігарх уважаўся за аднаго з найбольш уплывовых бізнэсоўцаў краіны.

Ці законная пастанова суда? Ці чакаць новага этапу нацыяналізацыі паводле прынцыпу "імем рэвалюцыі"? Чаму буйны бізнэс у Беларусі дазваляе з сабой так абыходзіцца?

Усе гэтыя пытанні сайт Сharter97.org задаў эканамісту, кіраўніку аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леаніду Заіку:

- Пачнем з таго, што менскае “Дынама” - гэта спартыўнае аб’яднанне, якое знаходзіцца пад кантролем КДБ і МУС. Ніколі Чыж ім не валодаў. Хіба можна валодаць "спартовым аб’яднаннем КДБ"? Яму проста даручылі аплачваць рахункі і ўтрымліваць "гонар краіны".

Частку грошай, якія ён пералічваў сабе, аддаваў гэтаму аб’яднанню. Цалкам нармальная беларуская працэдура.

Калі хтосьці мяркуе, што ён быў уласнікам "Дынама", то гэта чалавек, недасведчаны ў беларускай палітычнай практыцы. Паўтаруся "Дынама" - гэта НКУС, КДБ, МУС, якія "чыжы"? Ён страціў давер, таму ўсе - адпачывае.

- У Грамадзянскім кодэксе ёсць тэрмін аспрэчвання прыватызацыйнай угоды - гэта 10 гадоў. Гэтым разам угода была ўкладзеная аж 20 гадоў таму. Атрымліваецца, у выпадку з “Дынама” закон не працуе?

- Тут няма нічога дзіўнага. Лукашэнка ставіць сябе вышэй за закон. З ім можа спрачацца толькі падпалкоўнік КДБ з Крамля. Астатнія жа “камунаркі”, “чыжы”, «вераб'і» проста, на ягоную думку, круцяцца пад нагамі. Паляванне на птушак улюбёны занятак Лукашэнкі.

Які тут Цывільны або Крымінальны кодэкс? Ведаеце, многія цяпер ідуць вучыцца на спецыяльнасць - правазнаўства, але яны не разумеюць, што сёння ў Беларусі няма ні права, ні знаўства. Нешта зрабіць па званку кагосьці-гэта так.

Увогуле, для мяне ў гісторыі з Чыжом няма ніякіх нечаканасцяў. Паспрабаваў "Дынама”, праштрафіўся і яму так жа зрабілі “дынама".

- Выходзіць, што ніхто з бізнэсоўцаў не застрахаваны ад сітуацыі, у якую трапіў Чыж. Яго не ўратаваў нават зборка бульбы на пляцы Лукашэнкі...

- Ёсць жа нават такі анекдот: спачатку садзяць бульбу, а потым і таго, хто яе саджаў. Чыжа ўжо бралі ў закладнікі. У 2016 годзе ён правёў паўгода ў СІЗА КДБ.

Калі хтосьці ўважае яго за блізкага да Лукашэнкі, то, ведаеце, у беларускага правадыра блізкіх людзей няма. Ён думае, што не можа ні з кім параўноўвацца. Для яго прэзідэнт ЗША Дональд Трамп або канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель — дробныя фігуры.

Для Лукашэнкі адправіць Чыжа ці іншага чалавека куды-небудзь далей - гэта пытанне 15-ці хвілін, але Чыж ведаў, куды ішоў. У яго, дарэчы, была адна такая дзіўная дэталь, якая тычыцца неразумення псіхалогіі Лукашэнкі. Я неяк выступаў на буйным форуме Асацыяцыі прадпрымальнікаў і сказаў, што беларускія бізнэсоўцы нейкія дзіўныя. Напрыклад, Чыж пабудаваў у Менску дом на набярэжнай і кватэры верхніх паверхаў вышэй, чым кабінет Лукашэнкі. Сапраўднае глупства. Я казаў гадоў пяць таму, што так нельга рабіць. Нейкі прадпрымальнік, “ушывая блыха”, на думку самі ведаеце каго, пабудаваў дом, дзе можна быць вышэйшым, чым сам Лукашэнка, а потым яго і пасадзілі.

Яшчэ адная цікавая рэч, якая тычыцца псіхалогіі Аляксандра Рыгоравіча. Неяк у Беларусі сталі часта даваць прагнозы надвор'я. Рабіў іх малады чалавек на прозвішча Рабаў. Я гляджу, адзін дзень яго паказваюць - хвілін 5, другі дзень - 10. Я тады сказаў, што гэты хлопец мне не падабаецца, яго паказваюць, як Лукашэнку, кожны дзень. Так і здарылася, яго звольнілі з працы. Праўда, нейкія дурні ўзялі яго, быццам, на АНТ, але яны не разумеюць рэаліі беларускай палітыкі, псіхалогіі Лукашэнкі.

Увогуле, "адчыжыўся" Чыж.

- Калі сур'ёзны інвестар хоча прыйсці ў Беларусь, то ён аналізуе інвестыцыйны клімат у краіне, палітычную сітуацыю. На вашу думку, як наша краіна выглядае ў вачах інвестараў?

- Ды ніяк. Цяпер яна нікому не патрэбная. Трэба міфы пра замежныя інвестыцыі адправіць на памыйніцу. У найлепшыя гады замежныя інвестыцыі былі на ўзроўні 12-14 адсоткаў. Цяпер 3-4 адсоткі з агульных інвестыцый.

Уладам ніякіх замежных інвестыцый тут не трэба. Трэба спачатку распілаваць ўласнасць, каб заводзікі ўзялі дзеці прэм'ераў, міністраў, сакратароў розных. Не патрэбныя ім замежныя інвестыцыі, ні ў якім разе. Яны думаюць, што гнаць іх трэба, а дурняў не толькі гоняць, але і саджаюць. Напрыклад, пасадзілі такога “аўстрыйскага інвестара” з пранізлівым “нямецкім прозвішчам” - Мураўёў. Што тут абмяркоўваць?

Я калі сустракаюся з замежнымі банкірамі, бізнэсоўцамі, то кажу, што ніякіх ілюзій. Адпачывайце спакойна.

- Чаму буйны бізнэс дазваляе такое стаўленне да сябе, не адказваючы уладам на рэйдэрскія захопы?

- Эканамічныя, фінансавыя, палітычныя эліты павінны ўзаемадзейнічаць, падтрымліваць адзін аднаго, быць у дыялогу і супрацоўніцтве. У Беларусі гэтага няма, таму кожнага бізнэсоўцу можна раздушыць. Яны проста пакуль яшчэ не ідэнтыфікавалі сябе, як эліту. Напрыклад, Чыж багацце зарабіў пад дахам нейкага чыноўніка. Таму іх і саджаюць. Няўжо ў кагосьці здрыганецца рука?

Памятаю, паспеў уцячы з Беларусі ў Польшчу буйны бізнэсовец Аляксандр Пупейка. Ён нічым не вызначыўся, але яго хацелі праз Інтэрпол сюды зноў вярнуць. Да мяне дадому прыязджала яго супрацоўніца і прасіла, каб я падпісаў ліст у абарону Пупейкі. Я падпісаў, а потым у размове з Нобэлеўскай лаўрэаткай, пісьменніцай Святланай Алексіевіч высветлілася вось што. Да яе таксама прыязджалі, але яна адмовіла.

Неяк яны з пісьменнікам Васілём Быкавым хадзілі да гэтага бізнэсоўцы, прасілі дапамагчы з выданнем кніг, а ён пашкадаваў сродкаў. Нобэлеўскі камітэт не пашкадаваў, уручыў прэмію Святлане, а беларус пашкадаваў.

Вось вам і вельмі павучальны прыклад. Пупейка адмовіў у дапамозе нашым пісьменнікам, дапамозе, якая была роўная кошту колаў да ягонага джыпу. Хто пасля такога яго падтрымае? Ніхто.

Я думаю, што беларускім бізнэсоўцам яшчэ многае трэба зразумець і дарасці да гэтай ролі. Цяпер іх шкадаваць няма чаго. Хто пра іх добра цяпер можа сказаць? Пра якога беларускага буйнога прадпрымальніка хтосьці з навукоўцаў ці пісьменнікаў скажа добрае слова? Пра "чыжоў"? Не. Пра іншых - таксама не. Таму, чаго іх шкадаваць. Будзе новая эліта.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках