22 лiпеня 2019, панядзелак, 22:19
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Беларусі хочуць зрабіць больш жорсткім закон аб прызыве ў войска

72

Для «ўхілістаў» закрыюць мяжу.

На разгляд у «палату прадстаўнікоў» паступіў праект закона «Аб змяненні законаў у пытаннях эфектыўнага функцыянавання вайсковай арганізацыі дзяржавы». Дакумент істотна робіць больш жорсткімі правілы прызыву на вайсковую службу і наступствы для беларусаў, якія не служылі ў войску без законных падстаў.

Распрацоўшчыкі адзначаюць, што такі дакумент патрэбны, таму што ваенкаматы апошнім часам істотна недабіраюць прызыўнікоў. У тым ліку гэта адбываецца праз «ухілістаў», якім немагчыма асабіста ўручыць позву.

Галоўныя навіны: адтэрміноўка для атрымання адукацыі будзе выдавацца толькі адзін раз; уводзіцца паняцце «не прайшлі вайсковую службу па прызыву не маючы на тое законных падстаў»; уводзіцца забарона прымаць на дзяржслужбу людзей, якія праігнаравалі заклік без законных падстаў; замена працы па размеркаванні службай у войску.

«Еўрарадыё» ўважліва вывучыла праект закона і разбірае асноўныя новаўвядзенні, якія могуць увайсці ў дзеянне ўжо восенню 2019 года.

1. Адтэрміноўкі ад войска

Адтэрміноўка ад войска для атрымання адукацыі будзе прадастаўляцца толькі адзін раз. Гэта значыць, калі малады чалавек адвучыўся ў ВНУ, то перад магістратурай ён павінен будзе адслужыць у войску. Калі малады чалавек адвучыўся ў каледжы або іншай установе сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то перад паступленнем у ВНУ ён павінен будзе адслужыць у войску.

2. «Не прайшлі вайсковую службу па прызыву не маючы на тое законных падстаў»

«У выпадку ўхілення грамадзян, якія не знаходзяцца ў запасе, ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве да дасягнення ўзросту 27 гадоў або невыканання імі абавязкаў па воінскаму ўліку, устаноўленых гэтым Законам, з прычыны чаго стала немагчымым іх абвестка пра неабходнасць прыходу на мерапрыемствы па прызыву на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве, раённая (гарадская) прызыўная камісія прымае рашэнне прызнаць такіх грамадзян як асоб, што не прайшлі ваенную службу па прызыву не маючы на тое законных падстаў», - гаворыцца ў праекце закона.

Гэта азначае, што прызнаюць што ў чалавека, не было законных падстаў для непраходжання воінскай службы, нават калі адказныя асобы не змаглі ўручыць яму позву асабіста. Дастатковай абвесткай пра заклік будзе лічыцца сам факт адпраўкі позвы прызыўніку, а калі ён яе з нейкіх прычынах не атрымаў, гэта будуць яго праблемы.

Тое ж самае тычыцца і афіцэраў запасу, якія ўхіляюцца ад прызыву на зборы.

«Існуючы парадак абскарджвання пастаноў прызыўных камісій выкарыстоўваецца грамадзянамі як механізм ухілення ад праходжання вайсковай службы. Наўмыснае невыкананне без законных падстаў вайсковага абавязку грамадзянамі не з'яўляецца перашкодай для заняцця імі ў далейшым пасад дзяржаўных служачых, праходжання службы ў воінскіх фармаваннях і ваенізаваных арганізацыях. Такое становішча рэчаў не карэлюе з наяўнасцю канстытуцыйнага абавязку і свяшчэннага абавязку грамадзян Рэспублікі Беларусь у абароне Рэспублікі Беларусь», - пазначана ў абгрунтаванні неабходнасці прыняцця праекта закона.

3. Абмежаванні на выезд з Беларусі

Адсутнасць законных падстаў для непраходжання службы ў войску прывядзе да таго, што чалавека ўнясуць у спіс невыязных з Беларусі. Цяпер так робяць толькі з ухілістамі - тымі, хто атрымаў позву, але праігнараваў заклік.

4. Абмежаванні на працу

Калі прызнаюць, што чалавек не мае падстаў для непраходжання службы ў войску, яго будзе забаронена браць на працу:

- на дзяржаўную службу;

- у Следчы камітэт;

- у МНС;

- у органы ўнутраных спраў;

- у органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю;

- у Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

5. Замена працы па размеркаванні службай у войску

Праектам закона прадугледжанае змяненні ў Кодэкс аб адукацыі. Прапануецца дазволіць выпускнікам, якіх чакацьме праца паводле размеркавання, замест размеркавання адслужыць у войску. У гэтым выпадку ім не трэба будзе кампенсаваць ВНУ грошы, выдаткаваныя на навучанне:

«Выпускнікі, якім месца працы прадастаўленае шляхам размеркавання, накіраваныя на працу ў адпаведнасці з дамовай аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дамовай аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, службоўца), што добраахвотна паступілі на ваенную службу па кантракце ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фармаванні Рэспублікі Беларусь і праслужылі не менш тэрміну абавязковай работы, вызваляюцца ад звароту ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку».

Закон зваротнай сілы не мае: новаўвядзенні не закрануць тых, каму да моманту яго ўступлення ў дзеянне споўніцца 27 гадоў. Але калі на момант уступлення дакумента ў дзеянне малады чалавек ужо атрымаў адну адтэрміноўку ад войска для атрымання/працягу адукацыі, то правы на другую адтэрміноўку ў яго ўжо не будзе.