22 лiпеня 2019, панядзелак, 18:12
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Віцэ-прэм'ер Украіны: ПАРЕ адкрыла «скрыню Пандоры»

10

Івана Клімпуш-Цынцадзэ пракаментавала вяртанне расейскай дэлегацыі.

Віцэ-прэм'ерка Украіны ў пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Івана Клімпуш-Цынцадзэ заявіла, што пасля вяртання расейскай дэлегацыі ў ПАРЕ на яе пасяджэннях будуць гучаць маніпуляцыі і прапаганда Масквы.

Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Facebook, паведамляе nv.ua.

«ПАРЕ адкрыла скрыню Пандоры - дзеля грашовага ўнёску Расеі, пад прыкрыццём барацьбы за права простых расейцаў звяртацца ў ЕСПЧ, пастанова якой РФ і без таго не выконвае», - адзначыла Клімпуш-Цынцадзэ.

Яна таксама задалася пытаннем, ці даносіў сваю пазіцыю што да ПАРЕ прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас візітаў у Парыж і Бэрлін.

«Мабыць, падчас візітаў кіраўніка дзяржавы ў Нямеччыну і Францыю не была выразна і бескампрамісна данесеная пазіцыя выканаўчай улады Украіны нашым партнёрам, або такой пазіцыі ўжо не было?» - дадала Клімпуш-Цынцадзэ.

Раней паведамлялася, што ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, якая забяспечвае вяртанне Расеі ў арганізацыю без выканання міжнародных абавязацельстваў. Яе падтрымалі 118 дэлегатаў, 62 выказаліся супраць.

Украінская дэлегацыя заявіла, што пасля такой пастановы можа прыпыніць свой удзел у ПАРЕ.

Перад гэтым на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы адхілілі прапанову дэлегацыі Украіны разгледзець папраўкі да рэзалюцыі па вяртанню РФ у арганізацыю.

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы пазбавіла дэлегацыю Расеі права голасу ў студзені 2015 года праз агрэсіі супраць Украіны. З тых часоў расейскія прадстаўнікі ціснулі на ПАРЕ, спрабуючы дамагчыся скасавання санкцый. З канца чэрвеня 2017 года расейскі бок прыпыніў выплату ўнёскаў у Раду Еўропы да аднаўлення паўнамоцтваў дэлегацыі.