20 красавiка 2024, Субота, 6:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Кісляк: Словы Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» актуальныя цяпер як ніколі

Раман Кісляк: Словы Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» актуальныя цяпер як ніколі

Праваабаронца прапанаваў уладам Берасця паставіць скульптуру «Чыноўнік і чалавек».

Усталяваць у Берасці скульптурную кампазіцыю «Чыноўнік і чалавек» прапануе мясцовы праваабаронца Раман Кісляк.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца 27 чэрвеня ён накіраваў у Берасцейскі гарвыканкам дакумент, у якім просіць узгадніць размяшчэнне скульптурнай кампазіцыі ў цэнтры Берасця на вуліцы Гогаля і прапануе сваю канцэпцыю кампазіцыі, паведамляе naviny.by.

«У яе ўвойдзе скульптура бюракрата з коркамі, якія тырчаць з вушэй, што сімвалізуе нежаданне слухаць чалавека. Бюракрат будзе без твару, каб выключыць выпадковае супадзенне з дзейнымі чыноўнікамі. Над гэтай скульптурай будзе ліхтар з надпісам «праблемы людзей». Гэта будзе падкрэсліваць, што бюракратам праблемы людзей «да ліхтара», - сказаў Кісляк. - За плячыма бюракрата я прапаную ўсталяваць лаўку са скульптурай чалавека, які сядзіць на ёй, бо сутыкнуўся з бюракратызмам. На лаўку змогуць прысесці жыхары і госці нашага горада».

Праваабаронца піша ў заяве, што выраб і ўстаноўка арт-аб'екта не пацягне выдаткаў бюджэтных сродкаў, бо праект будзе рэалізаваны за кошт сродкаў берасцейцаў, якія падтрымалі такую ідэю.

«Сваю прапанову аб ўсталяванні такой кампазіцыі абгрунтоўваю тым, што ў Беларусі і сумежных з ёй краінах няма скульптур на тэму бюракратызму, а таксама тым, што гэты, на мой погляд, унікальны арт-аб'ект значна падвысіць турыстычную прывабнасць нашага горада, - адзначыў Кісляк. - Для людзей, якія сутыкнуліся з бюракратызмам, гэта будзе месца, дзе яны змогуць выказаць свае негатыўныя эмоцыі. То бок, у гэтай скульптурнай кампазіцыі будзе і псіхатэрапеўтычны эфект».

Як падкрэсліў праваабаронца, усталяванне такога арт-аб'екта стала асабліва актуальнай у сувязі з грамадскім пратэстам супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.

«За паўтара года грамадскай кампаніі супраць гэтага завода актывісты пачулі ад чыноўнікаў і ўбачылі ў іх адказах столькі прыкладаў маніпулявання словамі, што здаецца, нас складана ўжо чымсьці здзівіць. Але не, яны ўмудраюцца нас здзіўляць даслоўна кожны тыдзень. Словы Кастуся Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» актуальныя цяпер як ніколі», - заявіў Кісляк.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках