20 красавiка 2024, Субота, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыст: Колькасць «турэмнага насельніцтва» ў Беларусі трэба скараціць да еўрапейскіх нормаў

5
Юрыст: Колькасць «турэмнага насельніцтва» ў Беларусі трэба скараціць да еўрапейскіх нормаў

Як абараніцца беларускім зняволеным?

Рэдакцыю «Свободных новостей» атрымала ліст ад групы асуджаных з папраўчай калоніі №20, што пад Мазыром (прозвішчы асуджаных пазначаны, але яны просяць іх не друкаваць). Вось што яны пішуць:

«Сваім лістом мы хочам звярнуць увагу грамадскасці на тое беззаконне, якое дзеецца ў калоніях і турмах. З моманту прыбыцця ў калонію адміністрацыя павінна забяспечыць навічкоў рэчыўным забеспячэннем адпаведна сезону. Замест гэтага нас прымушаюць гадзінамі стаяць у двары, у тым ліку ў мароз і дождж. І што гэта за хаджэнне з карантыну ў сталоўку? Чаму мы павінны несці ежу ў талерках і рондалях 250 метраў? Бо пасля такога паходу ежа астывае.

Далей - пра санітарыю. У атрадах - ад 140 да 160 чалавек. На ўсіх - 6 пісуараў, 6 унітазаў (адтулін у падлозе) і 10 рукамыйніц. Пасля пад’ёму а 6 гадзіне ўсе спяшаюцца ў прыбіральню, таму што а 6.10 памяшканне трэба пакінуць і выйсці на шпацыр. Ён доўжыцца ўсяго 10 хвілін. Чаму адводзіцца такі ліміт? Найменшае спазненне, і можа быць складзены рапарт аб парушэнні рэжыму.

А яшчэ з нас вылічваюць за святло, ваду, ацяпленне, за кармленне. Мы вымушаныя прымаць ежу ў сталовай у вопратцы. Гэта хіба нармальна?

А што ў нас на вытворчасці? Працуем за 5 - 10 рублёў. Працоўныя месцы ў жахлівым стане. Тэхніка бяспекі і нормы санітарыі не выконваюцца.

Як абараніцца на гэтай закрытай тэрыторыі?»

Каментуе доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў:

- Так, умовы адбыцця пакарання ў месцах пазбаўлення волі застаюцца вельмі суровымі. Паводле сведчанняў людзей, якія прайшлі «турэмныя ўніверсітэты», там няма нічога рамантычнага: жорсткі рэжым ад пад'ёму і да адбою, некваліфікаваная праца, смурод, бруд і час, якое ператварылася ў кашмар.

Пра жыццё беларускіх вязняў можна меркаваць з матэрыялах у інтэрнэце, а таксама з турэмнай літаратуры. Вось, напрыклад, што напісаў Ігар Аліневіч у сваёй кнізе «Еду ў Магадан»: «Забаранілі разеткі ў жылых секцыях, на кабінках туалетаў няма дзвярэй. Забаронены керамічны посуд, канфіскуюць электрачайнікі. Нельга насіць ваўняны швэдар, на зіму і лета - адна мадэль туфляў, адсутнічае міжсезоннае адзенне - дажджавік, куртка, паліто. Або роба, або ватоўка. Што казаць - нават шчотку зубную трэці месяц не магу купіць, таму што няма».

Варта адзначыць, што Беларусь паводле колькасці зняволеных на 100 тысяч насельніцтва ў 2016 годзе займала 14-е месца ў свеце з лікам «сядзельцаў» 34,6 тысячы чалавек. У 19 калоніях змяшчалася 27,5 тысячы асуджаных, у трох турмах - 549 чалавек, у СІЗА - 6,3 тысячы арыштантаў. Беларускія ўлады не паказваюць у сваіх справаздачах колькасць асоб, асуджаных да арышту і да абмежавання волі ("хіміі"). А гэта - дадатковая плойма асуджаных. Так, са дадзеных Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, у 2018 годзе было пакарана ў выглядзе арышту 7507 чалавек, да абмежавання свабоды - 7702 чалавека.

На мой погляд, пытанні, пастаўленыя ў лісце, патрабуюць разгляду. Адным з такіх развязанняў можа стаць перадача сістэмы устаноў для адбыцця крымінальных пакаранняў пад юрысдыкцыю Міністэрства юстыцыі. Аднак у агляднай перспектыве гэта малаімаверна, бо Мінюст як цывільная ўстанова не гатовае да такога «падарунку». Тым не менш дэпартамент выканання пакаранняў варта вывесці з падпарадкавання МУС і правесці яго карэнную рэарганізацыю. На чале гэтага ведамства павінен быць цывільны чалавек, пажадана з ліку тых, хто пабываў у «месцах не вельмі аддаленых» і ведае, што і як трэба змяняць.

Самае галоўнае ў паляпшэнні ўмоў знаходжання ў месцах пазбаўлення волі. Для гэтага ёсць міжнародныя стандарты: мінімальныя правілы абыходжання са зняволенымі, прынятыя на першым Кангрэсе ААН аб папярэджанні злачыннасці і абыходжання з правапарушальнікамі 1955 гады, і Еўрапейскія пенітэцыярныя правілы, прынятыя Камітэтам міністраў Рады Еўропы 12 лютага 1987 года.

Відавочна, што колькасць турэмнага насельніцтва трэба скараціць да еўрапейскіх нормаў, як мінімум, напалову ад цяперашняй лічбы. Зрабіць гэта проста - шляхам правядзення амністыі, а таксама праз перагляд крымінальных спраў. Частка турэмных устаноў можна зачыніць або зрабіць музеямі. На такую ролю, на мой погляд, можа прэтэндаваць будынак СІЗА №1 у Менску і Гарадзенская турма. Мэтай турэмнай рэформы павінна быць не толькі паляпшэнне ўмоў знаходжання асуджаных, але і істотнае змяненне іх статусу. Месцы пазбаўлення волі павінны знаходзіцца пад кантролем грамадства, дэпутатаў, праваабаронцаў, а таксама міжнародных структур.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках