16 лiпеня 2019, aўторак, 14:20
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Магілёўскі журналіст дамагаецца пакарання для чыноўніка і міліцыянта

2
УЛАДЗІМІР ЛАПЦЭВІЧ
ФОТА: MSPRING.ONLINE

Уладзімір Лапцэвіч настроены цвёрда.

Журналіст Уладзімір Лапцэвіч з 2017 года спрабуе змусіць да адказнасці чыноўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянёва і міліцыянта Сяргея Калеснікава. На ягоную думку, яны перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы і злоўжылі ўладай, калі не пусцілі яго як карэспандэнта БелаПАН на сход гаражнага кааператыва "Спадарожнік-2008" у красавіку 2017 года, паведамляе mspring.online.

Нягледзячы на тое, што яго на сход у будынак адміністрацыі Ленінскага раёна запрасіла кіраўніцтва кааператыва, Кісцянёў забараніў журналісту прайсці ў залу. Пасля гэтага чыноўнік запрасіў супрацоўніка Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава, які вывеў Лапцэвіча з будынка з ужываннем сілы.

Экс-карэспандэнт БелаПАН пачаў абскарджваць дзеянні чыноўніка і міліцыянта, а таксама дамагацца распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да іх за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне ўладай.

Следчы камітэт неаднаразова спыняў праверку, пасля чаго пачынаў яе зноў:

"Я ўсяго налічыў блізу пятнаццаці раз, калі пастанова следчых Магілёўскага міжраённага СК скасоўвалася або судом, або кіраўніцтвам самога СК. З лютага мінулага года да гэтага дня я нават не мог звярнуцца ў суд са скаргай на пастановы аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы – Следчы камітэт проста сам адмаўляў і сам жа скасоўваў адмовы", – апавёў Лапцэвіч.

21 чэрвеня сёлета старшы следчы Рыбакоў прыняў чарговую пастанову пра адмову ў распачынанні крымінальнай справы. Кіраўніцтва СК пастанову не аспрэчыла.

Уладзімір Лапцэвіч звярнуўся ў суд Ленінскага раёна, дзе запатрабаваў скасаваць пастанову Рыбакова і накіраваць матэрыялы аб змушэнні Кісцянёва і Калеснікава да крымінальнай адказнасці на новы разгляд.

На пасяджэнні 11 ліпеня журналіст заявіў, што за ўсе два гады, што ідзе праверка, супрацоўнік Ленінскага РАУС Сяргей Калеснікаў неаднаразова мяняў свае паказанні падчас апытанняў:

"Спачатку ён казаў, што я не паказваў пасведчанне. Потым сказаў, што ён не звяртаў увагі, пакаваў я ці не. А паводле апошніх матэрыялаў справы, ён зноў заяўляе, што я нічога не паказваў. Увесь час блытаніна ў паказаннях кажа пра тое, што злачынец проста спрабуе пазбегнуць адказнасці", – заявіў Лапцэвіч.

Акрамя таго, ён паскардзіўся на тое, што Следчы камітэт замест таго, каб разбірацца ў справе, увесь час ініцыюе пустыя запыты ў розныя органы, чым "імітуе бурную дзейнасць":

"Пасылае бяздумныя запыты з боку СК. Іх ужо цікавіць, ці з'яўляецца аўтарская дамова пацвярджэннем маіх працоўных стасункаў з інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН. Хоць паводле аўтарскай дамовы мне былі налічаныя ганарары, былі падатковыя адлічэнні з гэтых грошай у бюджэт Рэспублiкi Беларусь. Дайшлі да таго, што СК папрасіў кансультацыю на юрфаку БДУ, каб ім патлумачылі, што такое аўтарская дамова. Якая ж гэта кампетэнтнасць?" – выступіў на судзе Лапцэвіч.

Пракурор Дзмітрый Кузняцоў у адказ заявіў, што міліцыянт Сяргей Калеснікаў ажыццяўляў ахову грамадскага парадку. Таксама ён заявіў, што ўсе запыты, якія робіць Следчы камітэт – гэта неабходнасць.

Праўда, ён адзначыў, што пры вынясенні пастановы пра адмову ў распачынанні крымінальнай справы старэйшым следчым Рыбаковым былі парушаныя нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ – ён не зрабіў спасылку на частку неабходнага артыкула Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Кузняцоў папрасіў скасаваць пастанову і накіраваць яе на новы разгляд. Акрамя таго, ён адзначыў, што следчым трэба выклікаць для апытання прадстаўніка кампаніі БелаПАН, які мог бы апавесці пра працоўныя стасункі Лапцэвіча з гэтым СМІ.

Суддзя Алена Літвіна ўзяла пазіцыю пракурора і скасавала пастанову СК на фармальных падставах, накіраваўшы матэрыялы праверкі на новы разгляд.