8 траўня 2024, Серада, 22:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трапічны шторм «Бары» выклікаў паводкі і вадзяныя смерчы

Трапічны шторм «Бары» выклікаў паводкі і вадзяныя смерчы

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў захады на федэральным узроўні.

Ураган "Бары" аслабеў да трапічнага шторму, калі ў суботу дасягнуў Луізіяны, хуткасць ветру знізілася да 96 км/г. Улады штата раней папярэджвалі пра патэнцыйна небяспечныя для жыцця паводкі. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвесціў у штаце надзвычайнае становішча, паведамляе ВВС.

Шторм рухаецца на паўночны захад з хуткасцю прыкладна 13 км/г, на Луізіяну абрынуліся праліўныя дажджы.

Тысячы людзей былі эвакуяваныя з раёнаў, найбольш схільных да рызыкі паводак, іншым жыхарам было загадана шукаць прытулак на месцы.

Тысячы людзей былі эвакуяваныя з зоны рызыкі

Нацыянальны цэнтр ураганаў раней паведаміў, што "Бары" дасягнуў сілы ўрагану, стаўшы першым ураганам у Атлантыцы сёлета. У нядзелю чакаецца далейшае паслабленне шторму, з тым як ён будзе прасоўвацца ўглыб краіны.

"Бары" бушуе ў Мексіканскім заліве апошнія некалькі дзён – ён стаў першым ураганам у Атлантыцы ў 2019 годзе. Цяпер хуткасць ветру ўнутры ўрагану дасягала 120 км/г.

Чакалася, што больш за ўсё ад стыхіі пацерпіць Новы Арлеан, дзе ўжо пачаліся залевы і падняўся штармавы вецер.

Нацыянальная метэаралагічная служба ЗША папярэджвала, што менавіта пры "павольным" урагане паводкі ўяўляюць найбольшую небяспеку, бо, перамяшчаючыся з малой хуткасцю, шторм падоўгу застаецца ў адным раёне, сеючы разбурэнні.

Калі верыць прагнозам, штат чакаюць 25–50 см ападкаў пры тым, што ўзровень вады ў рацэ Місісіпі ўжо цяпер набліжаецца да паводкі.

ВАДЗЯНЫ СМЕРЧ НАЗІРАЛІ НА ВОЗЕРЫ ПОНЧАРТРЭЙН НА ПАЎДНЁВЫМ УСХОДЗЕ ШТАТА ЛУІЗІЯНА

Указ прэзідэнта Трампа пра надзвычайнае становішча дазваляе мабілізаваць федэральныя рэсурсы ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.

Мэт Макграф, карэспандэнт Бі-бі-сі ў пытаннях навакольнага асяроддзя:

"Хоць шторм Бары не звязаны наўпрост са зменамі клімату, глабальнае пацяпленне прыводзіць да таго, што наступствы падобных з'яваў становяцца больш цяжкімі.

Тэмпература паветра расце апошнія дзесяцігоддзі, пры гэтым расце і ягоная здольнасць утрымліваць вільгаць, у выніку чаго трапічны шторм суправаджаецца вялікай колькасцю ападкаў.

У выніку глабальнага пацяплення такія штормы становяцца больш павольнымі. За апошнія сем дзесяцігоддзяў ураганы, падобныя да Бары, у Паўночнай Амерыцы знізілі хуткасць свайго руху па сушы на 20–30%.

Гэта адбылося, напрыклад, з ураганам Харві ў 2017 годзе, калі ягоная сіла знізілася да катэгорыі трапічнага шторму.

Потым ён некалькі дзён шалеў у раёне Х'юстана, стаўшы прычынай анамальнага ўзроўню ападкаў, выклікаўшы шматлікія чалавечыя ахвяры і велізарныя разбурэнні.

Узровень мора таксама падвышаецца ў выніку глабальнага пацяплення, і калі вецер дзьме ў напрамку берагу, гэта павышае верагоднасць паводак".

Як Луізіяна рыхтавалася да стыхіі

Была прынятая пастанова пра эвакуацыю жыхароў некаторых раёнаў, размешчаных у нізіне.

Жыхароў папярэдзілі пра неабходнасць зрабіць захады і падрыхтавацца – назапасіць вады і правіянту, іншых прадметаў першай неабходнасці.

Прэзідэнт Трамп распарадзіўся ў выпадку неабходнасці прапанаваць рэсурсы Агенцтва надзвычайных сітуацыяў для дапамогі раёнам, якія апынуліся ў зоне бедства.

У "Твітары" ён апублікаваў запіс пра тое, што наладжанае ўзаемадзеянне чыноўнікаў на мясцовым і нацыянальным узроўнях, і заклікаў жыхароў падрыхтавацца да сустрэчы з ураганам.

Нацыянальная метэаралагічная служба паведаміла ў пятніцу раніцай, што ўзровень вады ў Місісіпі дасягнуў пяціметровай адзнакі і можа падняцца да 5,7 м.

Прадстаўнікі корпуса вайсковых інжынераў ЗША заяўляюць, што сістэмы абароны Новага Арлеана ад паводкі гатовыя справіцца з павышэннем узроўню вады да 7–7,5 метраў.

Губернатар Джон Бел Эдвардс называў блізкі шторм вельмі моцным і, спаслаўшыся на звесткі Нацыянальнага цэнтра вывучэння ураганаў, папярэдзіў, што "Бары" мае небяспеку для жыцця.

"Для значнай часткі Луізіяны блізкі шторм стане сур'ёзным выпрабаваннем. Луізіяне пагражаюць паводкай адразу тры чыннікі: штармавыя хвалі, разліў ракі і залевы", – заявіў ён у чацвер.

У суботу губернатар заклікае жыхароў заставацца пільнымі, бо сіноптыкі чакаюць, што небяспечныя для жыцця раптоўныя паводкі адбудуцца ў розных частках поўдня Луізіяны ўжо зусім хутка.

Паводле словаў мэра Ла Тои Кантрэл, спецыяльныя помпы ў Новым Арлеане працуюць у аптымальным рэжыме, але іх можа стацца недастаткова.

Таму яна заклікала гараджанаў ачысціць свае надзелы і вуліцы ад садовага і іншага смецця, якое можа забіць ліўневыя сцёкі і вадасцёкавыя канавы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках