10 траўня 2024, Пятніца, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотафакт: Якое аўто беларусы могуць набыць за $ 4–5 тысячаў

25
Фотафакт: Якое аўто беларусы могуць набыць за $ 4–5 тысячаў

Журналісты прааналізавалі другасны рынак.

Прайшлі тыя часы, калі кандыцыянер меркаваўся нечым асаблівым. Для сучасных аўтаўладальнікаў даволі часта праграмай-мінімум становіцца наяўнасць у аўто хоць бы клімат-кантролю, піша сайт abw.by. Ёсць яшчэ і круіз-кантроль? Выдатна. Прадугледжаны падагрэў сядзенняў на выпадак халадоў? Яшчэ лепш. Паглядзім, на якія аўто і ў якім стане можна спадзявацца на другасным рынку, калі душа просіць добрага аснашчэння, а кеска – літасці.

Адкрывае спіс аб'яваў Mercedes-Benz S-klasse 2001 года з 3,2-літровым рухавіком. Скураны салон, люк, датчыкі святла і дажджу, абаграванне сядзенняў, круіз- і клімат-кантроль – аўтамабіль, нягледзячы на немалады ўзрост, яшчэ можа паказаць клас у частцы камфорту.

Зрэшты, зваротным бокам медаля стане неабходнасць перыядычна аддаваць увагу тэхнічнаму стану аўто. "Пярэднія крылы замененыя пластыкавымі. Устаноўлена ГБО BRS ў афіцыйнага прадстаўніка, працуе як гадзінік, выдатак – 15 л газу. Гарантыя яшчэ 140.000 км. Усталяваны рамкамплект кампрэсара пнеўмападвескі. Адрамантаваны заднія пнеўмастойкі. Ліквідаваныя падцёкі затамкавых накрывак. У рухавіку памылак няма. Заменены радыятар рухавіка. З аркамі і кандыцыянерам яшчэ трэба папрацаваць", – піша прадавец. Кошт Mercedes – $ 4950.

Нядрэнна абсталяваны і Volkswagen Passat B5 2001 года з 1,9-літровым дызелем і МКПП, але прадавец звяртае ўвагу на тэхнічныя падрабязнасці: "Матор 130 л.з. Шмат опцый, працуе ўсё. Новыя вагары і тормазы. З праблемаў: стукае махавік (50–70 б/у), езджу ўжо 3 гады з такім. Пасля зімы пастуквае злева рулявая рэйка (50–70 б/у). Прыцёрся зімой левы бок – патрэбная афарбоўка".

Кошт Passat – $ 4500. Кошт не канчатковы і можа змяніцца як у меншы, так і ў большы бок. Чаму ў большы? Прадавец тлумачыць гэта паступовай ліквідацыяй "нюансаў".

Пахваліцца добрай камплектацыяй можа і Audi A8 2000 года з 3,7-літровым рухавіком і АКПП: скураны салон, аўтазапуск, клімат-кантроль, абаграванне сядзенняў, люстэрка задняга віду з відэарэгістратарам і камерай задняга віду – усё для камфортнага перамяшчэння.

У аб'яве абяцаны добры стан аўто: "Заводзіцца без праблемаў і ў спякоту, і ў мароз. Машыну абслужаная: адрэстаўраваны кардан, адноўлены супарты, замененая падушка рухавіка, ланцуг з нацягвальнікам, сістэма ГУР, заменены ўвесь камплект ГРМ (з помпай), аліва ў рухавіку, абслужаная скрынка з прачысткай і заменай алівы". Audi A8 каштуе $ 4650.

Даволі нядрэнна абсталяваныя і больш "народныя" аўтамабілі накшталт Citroёn C5. Адзін з асобнікаў 2001 года з 2-літровым бензінавым рухавіком ацэнены на $ 4100. Круіз-кантроль, абаграванне крэслаў, парктронік, 8 падушак бяспекі, добрая гума – менавіта гэтыя опцыі прадавец згадвае асобна.

Не павінна быць праблемаў і з тэхнічнага часткай: "Падвеска абслужаная, скрынка і счапленне – поўны парадак, кузаў без заўваг". Кошт Citroёn – $ 4100.

Дзе Citroеn, там і Peugeot. Мадэль 407 2004 года з 2,2-літровым бензінавым рухавіком і "аўтаматам" прапануецца за $ 4500. Камплектацыя "багатая": ёсць сістэмы бяспекі і камфорту, салон "камбінаваны". Агульны стан пазначаны як "добры". Прадавец не супраць агляду аўтамабіля на СТА за кошт пакупніка і абгрунтаванага гандлю пры неабходнасці.

Не пазбаўлены опцый "сваяк" Volkswagen у асобе SEAT Toledo 2003 з 1,8-літровым рухавіком: ёсць "аўтамат", круіз- і клімат-кантроль, а таксама абаграванне сядзенняў на выпадак халодных зімаў.

"Машына для сваіх гадоў у выдатным стане, сеў і паехаў. Кузаў не гнілы, не ржавы. Оптыка і шкло цэлыя. Падвеска не стукае. Аліва ад замены да замены. Усе працы ТА і рамонту вырабленыя на спецыялізаванай СТА (не гаражныя спяцы і іх абсталяванне)", – звяртае ўвагу прадавец на самыя важныя, на ягоную думку, моманты. Кошт SEAT – $ 4650.

На $ 4800 ацэненая Mazda 6 2006 года з 2-літровым рухавіком і "механікай". Сядзенні з электрарэгуляваннем і абаграваннем, клімат- і круіз-кантроль, датчыкі святла і дажджу, скураны салон – усё гэта будзе радаваць новага ўладальніка.

А вось адштурхнуць ад набытку можа кузаў: "Многія элементы замененыя і перафарбаваныя". Затое пра гэта шчыра паведамляецца загадзя. "Замянілі радыятар кандыцыянера. Замена алівы кожныя 10 тыс. км. Выдатак не большы як 8 л/100 км. Машына на хаду кожны дзень", – адзначае прадавец моцныя бакі свайго аўто.

Адна з самых танных, але пры гэтым "свежых" машынаў у продажы – SEAT Leon 2007 года з 2-літровым бензінавым рухавіком і АКПП. Сярод опцый прадавец асобна вылучае сабвуфер на 500 Вт. З нядаўніх працаў адзначаная замена ГРМ, фазарэгулятара, алівы і свечак. Кошт SEAT – $ 4100. Чаму такі кошт? Уся рэч у "дробных праблемах кузава" з паметкай "у сур'ёзных аварыях не была".

Заканчвае падборку Volvo S40 2000 года з 1,8-літровым рухавіком і "механікай". Велюравы салон, люстэркі з абаграваннем і электрапрывадам, падагрэў сядзенняў, клімат- і круіз-кантроль – вось, бадай, асноўныя опцыі, якія будуць радаваць уладальніка. Пры гэтым у аўтамабілі працуюць "усе кнопачкі і лямпачкі", а кандыцыянер запраўлены.

"Аўта ў выдатным стане. Кожны дзень на хаду. Укладанняў не патрабуе. Узімку замененыя ўсе "расходнікі": ГРМ, ролікі і помпа, сальнікі распрэдвалаў і каленвала, калодкі ў коле і тармазная вадкасць, антыфрыз. Год таму ўсталяваны цалкам новы глушыльнік. Увогуле, аўто цалкам абслужанае і дагледжанае. Пройдзены ТА", – паведамляе прадавец. Кошт Volvo – роўна $ 4000.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках