Кітай канцэнтруе армію ля Ганконга
4- 12.08.2019, 21:16
- 37,870
Кітайскія медыя называюць тое, што адбываецца, падрыхтоўкай да «буйнамаштабных вучэнняў».
Кітай пачаў канцэнтрацыю ўзброеных сілаў ля Ганконга, дзе больш за два месяцы бушуе палітычны крызіс з шматмільённымі пратэстамі.
Пра гэта ў панядзелак паведамляе Global TImes – выданне, падкантрольнае Кампартыі КНР, якое ўважаецца яе «рупарам» у міжнародных пытаннях, паведамляе finanz.ru.
Сілы Народнай узброенай паліцыі КНР – унутраных войскаў, якія знаходзяцца ў падначаленні Мінабароны, – канцэнтруюцца ў Шэньчжэнь, 10-мільённым горадзе ў правінцыі Гуандун, што мяжуе з Ганконгам.
На відэа, апублікаваным Global TImes, калоны з дзясяткаў бронетранспарцёраў і вайсковых аўтамабіляў пройдуць па шашы і гарадскіх вуліцах, займаючы стаянкі, якія ператвараюцца ў фортпосты.
Кітайскія медыя называюць тое, што адбываецца, падрыхтоўкай да «буйнамаштабных вучэнняў», піша карэспандэнт CNN.
Народна-вызваленчае войска Кітая адначасова апублікавала відэа навучальных трэніровак, дзе салдаты, узброеныя вінтоўкамі, атрымліваюць навыкі разгону натоўпаў людзей пры дапамозе бронетэхнікі і вадзяных гарматаў. Пры гэтым змрочны закадравы голас папярэджваў: «Усё, што вы робіце, вы робіце на свой страх і рызыку».
Дамова паміж Лонданам і Пекінам 1997 года патрабуе, каб да 2047 года ў рамках прынцыпу «адна краіна – дзве сістэмы» Ганконг захоўваў шырокую аўтаномію, якая забараняе выкарыстоўваць раскватараваны ў горадзе гарнізон арміі для паліцэйскіх функцый.
Народная ўзброеная паліцыя, зрэшты, можа быць задзейнічаная пры звароце ўладаў Ганконга ў выпадку «бунтаў, беспарадкаў, разгулу злачыннасці, тэрарыстычных нападаў і іншых пагрозаў грамадскаму парадку».
Пратэсты ў Ганконгу, якія пачаліся ў адказ на спробу прыняць закон аб экстрадыцыі, што, як мяркуюць пратэстоўцы, можа выкарыстоўвацца для барацьбы з дысідэнтамі, уцекачамі з мацерыковага Кітая ў Ганконг, прадаўжаюцца з пачатку лета.
На першы мітынг 9 ліпеня выйшла блізу мільёна чалавек, але нягледзячы на гэта, заканадаўчы сход Ганконга пачаў другое чытанне законапраекта, а паліцыя ўжыла супраць пратэстоўцаў слезацечны газ і гумовыя кулі.
Гэта справакавала вулічны выбух. На наступны марш выйшла чвэрць насельніцтва Ганконга, ці амаль два мільёны чалавек.
І хоць 9 ліпеня кіраўніца адміністрацыі Ганконга Кэры Лам запэўніла, што папраўкі ў законапраект «мёртвыя», гэта не спыніла хвалю пратэстоўцаў, якія пачалі патрабаваць пераходу парламента на прамыя выбары замест цяперашняй шматступеневай сiстэмы, якая гарантуе перамогу пракітайскім кандыдатам.
Акрамя адклікання закона аб экстрадыцыі, пратэстоўцы настойваюць на стварэнні незалежнай камісіі для разбору дзеянняў паліцыі падчас мітынгаў, скасавання характарыстыкі мітынгаў як «бунту» і амністыі ўсіх затрыманых, якіх, паводле звестак паліцыі, ужо больш за 500 чалавек. Усім ім пагражае да 10 гадоў турмы.
У панядзелак 5 жніўня ў Ганконгу прайшла найбуйнейшая ў найноўшай гісторыі забастоўка, да якой далучыліся супрацоўнікі 14 тысячаў кампаній і ўстановаў, у тым ліку якія ўваходзяць у Канфедэрацыю прафзвязаў – адно з найбуйнейшых аб'яднанняў такога кшталту, што налічвае 200 тысячаў чальцоў.
Страйк выклікаў транспартны калапс у 8-мільённым горадзе з скасаваннем 200 авіярэйсаў, паралічам чыгуначнага транспарту і часовым прыпыненнем метро, дзе пратэстоўцы, разбіваючыся на невялікія групы і хаваючы твары маскамі некалькі гадзінаў трымалі адчыненымі дзверы вагонаў, не даючы ім рушыць са станцый.
Паліцыя актыўна ўжывала слезацечны газ і гумовыя кулі. Пратэстоўцы ў адказ кідалі бутэлькі з запальнай сумессю.
«Кітай хоча скарыстаць пагрозу далучэння Народнай узброенай паліцыі, ці іншы прамой інтэрвенцыі, каб распужаць пратэстоўцаў. Але з улікам аперацыйнай рызыкі – рэпутацыйнай рызыкі і эканамічных – гэта небяспечны крок», – кажа навуковы супрацоўнік Lowy Institute ў Сіднэі Бэн Бланд.
Жорсткі ўціск студэнцкіх пратэстаў на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе, у выніку якога, паводле розных звестак, загінулі ад 200 да 1000 чалавек, на два гады ператварыла Кітай у міжнароднага ізгоя з эканомікай у стагнацыі, нагадвае ён.
Новая праява жорсткасці будзе «абсалютна непрымальнай», заявіў у панядзелак лідар рэспубліканскай большасці ў Сенаце ЗША Мітч Макконэл.
«Народ Ганконга адважна супрацьстаіць Камуністычнай партыі, якая спрабуе выкрасці іх аўтаномію і свабоду», – канстатаваў ён.