19 сакавiка 2024, aўторак, 6:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сітуацыя пачала паволі выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі

31
Сітуацыя пачала паволі выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі
ВАЛЕРЫЙ КАРБАЛЕВІЧ

Паказальны разнос не можа радыкальна змяніць сітуацыю.

Пра тое, што рыхтуецца вялікая нарада аб дзейнасці сілавых структур, Лукашэнка казаў яшчэ зімой. Праводзіліся праверкі, працавалі камісіі. Але ўсё чамусьці адкладвалася. Падставамі, якія паскорылі правядзенне гэтай нарады, сталі гучныя скандалы, напрыклад, гісторыя галоўнага інжынера МЗКЦ Андрэя Галавача, які прасядзеў у турме чатыры гады і быў двойчы апраўданы судом.

І вось 20 жніўня Лукашэнка нарэшце правёў абяцаную нараду. І назваў яе гістарычнай. Відавочна, што гэта сапраўды так. Здаецца, ніколі раней Лукашэнка так негатыўна не ацэньваў працу ўсіх праваахоўных органаў, як цяпер. Былі разносы асобных структур. Некалькі чыстак прайшло ў КДБ, на адной з нарад у 2007 годзе Лукашэнка нават назваў чэкістаў «пастухамі». Рэзка крытыкавалася мытня за карупцыйныя скандалы, міліцыя. Але каб вось так агульна выносіць прысуд усім структурам - такога не было.

Варта адзначыць, што праваахоўныя органы ў Беларусі маюць асаблівы статус. Як у кожнай недэмакратычнай дзяржаве, тут роля сілавых структур і перш за ўсё спецслужбаў - гіпертрафаваная. Яны - цэнтральны дзяржаўны інстытут, апорная канструкцыя кіроўнага рэжыму, найважнейшы інструмэнт утрыманьня ўлады і кантролю над грамадствам. Таму іх функцыі ў Беларусі нашмат шырэйшыя, чым у дэмакратычных краінах.

Кожная аўтарытарная дзяржава па сваёй прыродзе паліцэйская. Сілавыя структуры атрымліваюць поўны карт-бланш на кантроль над насельніцтвам, не звяртаючы ўвагі на закон і правы чалавека. Што выліваецца ў самаўпраўства, закалоты, «прававое беззаконне». Вынесем за дужкі рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў. Але колькі было скандалаў, звязаных з тым, што міліцыянты, прадстаўнікі іншых структур, білі людзей, здзекаваліся з іх. Але Лукашэнка, калі да яго даходзіла справа, амаль заўсёды браў пад абарону сілавікоў. Бо ад іх лаяльнасці залежыць ягонае панаванне.

Чаму ж цяпер Лукашэнка раптам абрынуўся на іх з рэзкай крытыкай?

Дзве прычыны. Па-першае, аўтарытарны лідар, даючы карт-бланш сілавым структурам, спецслужбам, трапляе ў сістэмную пастку. Атрымаўшы права на поўнае ігнараванне закона, уседазволенасць, бескантрольнасць, яны непазбежна ператвараюцца ў закрытыя касты, якія, замест абароны рэжыму, пачынаюць абслугоўваць уласныя карпаратыўныя інтарэсы, весці сваю гульню. На нейкім этапе сітуацыя пачала паволі выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі і пагражаць стабільнасці рэжыму. Накшталт таго, як у галівудскіх фільмах робат-паліцыянт паўстае супраць сваіх стваральнікаў і пачынае разбураць усё вакол.

Па-другое, эпоха інтэрнэту стварае іншую інфармацыйную сітуацыю ў параўнанні з мінулым. Скандалы з самаўпраўнасцю праваахоўных органаў набываюць такі грамадскі рэзананс, што пачынаюць біць па рэпутацыі самога Лукашэнкі. Гэта асабліва непрыемна ў перыяд выбарчых кампаній.

Таму Лукашэнка і вымушаны быў пайсці на такі разнос. Дарэчы, ён пацвердзіў усе тыя высновы, якія рабілі праваабаронцы, незалежныя СМІ. Напрыклад, пра тое, што праваахоўнікі фальсіфікуюць справы паводле «наркатычных» артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Памятаеце, як афіцыйныя асобы, дзяржаўныя СМІ абураліся тым, што, маўляў, апаненты свядома разгортваюць кампанію дыскрэдытацыі міліцыі. Вось цяпер Лукашэнка давёў, хто напраўду меў рацыю.

Аднак гэты паказальны разнос не можа радыкальна змяніць сітуацыю. Бо аўтарытарны рэжым і прававая дзяржава - рэчы несумяшчальныя. Звярніце ўвагу, Лукашэнка зусім не крытыкаваў суды за тое, што тыя амаль не выносяць апраўдальных прысудаў. Зусім наадварот. Вось ягоная рэпліка: «У нас склалася такая практыка: судам, каб прыняць нейкую пастанову, трэба сціжма доказаў і аб'ёмаў нейкіх фактаў злачынстваў. Практыка непрыдатная! Дастаткова аднаго-паўтара злачынства, каб нягодніка пакараць».

Аўтарытарны рэжым можа існаваць толькі ў выглядзе паліцэйскай дзяржавы. І ніяк інакш.

Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках