19 сакавiка 2024, aўторак, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нам трэба паразумнець, каб сілы цемры не ўзялі рэванш

7
Нам трэба паразумнець, каб сілы цемры не ўзялі рэванш
МАКСІМ ВІНЯРСКІ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Вораг глядзіць, ці гатовыя мы абараняцца, змагацца, супраціўляцца.

І ўсё ж гэта было: святло, хоць і на час, рассеяла цемру. Грамадзяне паўсталі супраць хунты ГКЧП. Здавалася б так проста нікуды не хадзіць і нічога не рабіць. Пераканаць сябе, што бізуном абуха не перабіць, і застацца дома. Тым больш, што, гледзячы на кондавыя твары ў тэлевізары, ніхто тады, у жніўні 1991-га ні секунды не сумняваўся: гэтыя аддадуць усякі загад, піша каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі для Telegram-канала «Баста!».

Стаўкі таксама былі зусім іншыя. Калі б хунта перамагла, тых, хто саступіў, не арыштоўвалі б і не штрафавалі. У найлепшым выпадку - адправілі б на Калыму, у найгоршым - наматалі б на гусеніцы танкаў проста там, ля маскоўскага Белага дома.

Не выйшла ў іх тады. Народ абараніў сваё права на жыццё і свабоду. Уладзімір Вусаў, Дзмітрый Камар і Ілля Крычаўскі загінулі нездарма. Сатанінскія сілы ўдалося адкінуць, загнаць назад у цемру.

Прайшло пару гадоў. Людзі расслабіліся, узрадаваўшыся, што зло пераможанае. Усім даравалі, наважылі пачаць з нуля. Ні люстрацыі, ні судоў. Нават путчыстаў вызвалілі даволі хутка. Поскуддзь зноў падняла галаву і пайшла ў бой. Спачатку з'елі сваіх дэмакратаў, затым задушылі народы, якія хацелі вырвацца на волю з абдымкаў імперыі. Знішчылі ўласныя незалежныя СМІ. Напалі на Малдову. Напалі на Грузію. Напалі на Украіну. Атрымалі адпор. Надумалі адыграцца на ўласным народзе. «Бі сваіх, каб чужыя баяліся».

Галоўная зброя дэманаў з мінулага - страх. Не толькі для сваіх, але і на экспарт. Ядзерны попел і мульцікі пра ракеты. Пагрозы, шантаж, бразганне зброяй.

Іх мары аб вялікай імперыі - галоўная небяспека не толькі для нашага рэгіёну, але і для ўсяго цывілізаванага свету. Тады, у жніўні 1991-га іх спынілі. Сёння яны сталі больш разумнымі і больш асцярожнымі, ім ёсць што губляць. Яны глядзяць, як мы рэагуем на іх пагрозы. Ці гатовыя абараняцца, змагацца, супраціўляцца. Нам таксама трэба паразумнець. Не дараваць і не забываць. Вывучыць урокі гісторыі. Каб больш ніколі сілы цемры не змаглі ўзяць рэванш.

Сцягвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках