22 верасня 2019, Нядзеля, 22:21
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Журналістка, якая піша пра завод АКБ у Берасці, атрымала паведамленні з абразамі і пагрозамі

2
Журналістка, якая піша пра завод АКБ у Берасці, атрымала паведамленні з абразамі і пагрозамі
НАСТА ЗАХАРЭВІЧ

Наста Захарэвіч падала заяву ў міліцыю.

Журналістка Наста Захарэвіч, якая піша пра акумулятарны завод у Берасці, атрымала паведамленні з абразай і завэлюмаванай пагрозай у сацыяльнай сетцы «Вконтакте», паведамляе baj.by са спасылкай на «Зялёны партал».

Вось такое паведамленне Наста Захарэвіч атрымала ўначы 19 жніўня.

Перад тым, як адпраўляць спасылку на навіну пра збітага аўтамабілем хлопчыка, мужчына выдаліў папярэднія абразлівыя паведамленні, таму на скрыншоце ўсё выглядае так, быццам ён толькі падзяліўся навіной.

Пры чым тут завод АКБ?

Па-першае, чалавек з такім жа імем і прозвішчам раней пісаў заяву ў міліцыю на актывіста, праціўніка будаўніцтва Змітра Бекалюка. Змітра абвінавачвалі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», а суму патэнцыйнай шкоды на экспарце ацэньвалі на 4,5 мільярда даляраў ЗША.

Па-другое, гэтая старонка «Вконтакте» вядомая тым, што часта пакідае рэзкія і грубыя каментары пад навінамі, звязанымі з супаціўнікамі завода.

Вось так, напрыклад, ён каментаваў навіну пра тое, як спроба затрымання Таццяны Фесікавай скончылася тым, што актывістка патрапіла ў шпіталь.

Чалавек з такімі жа імем, прозвішчам, датай нараджэння і фатаграфіяй, што і ў гэтым профілі «Вконтакте», балатаваўся ў Берасцейскі абласны «савет дэпутатаў» як намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Ён жа, будучы юрыстам, вёў грамадскую прыёмную на «Медиа-Полесье» - сайце, які цяпер публікуе матэрыял за матэрыялам у падтрымку земляка Віктара Лемяшэўскага - кіраўніка 1AK-GROUP, якая будуе заводы і займае значную долю беларускага рынку акумулятарных батарэй.

Нагадаем, што ў пачатку ліпеня гэтага года стала вядома, што КДБ распачаў крымінальныя справы ў дачыненні да ўладальніка акумулятарнага завода ў Берасці Віктара Лемяшэўскага, а таксама шэрагу іншых асоб. Сярод абвінавачванняў - «дача хабару». Абвінавачаныя ўзятыя пад варту.

Пасля атрыманых абразаў і пагрозаў Наста Захарэвіч падала заяву ў міліцыю. Паведамленне з навіной аб збітым хлопчыку ў праваахоўных органах за пагрозу не палічылі.

Рэдакцыя «Зеленого портала» заяўляе, што пагрозы і абразы ў адрас журналістаў недапушчальныя. Як брыдка з чалавечага пункту гледжання, і супрацьзаконна з пункту гледжання права.

«Мы перакананыя, што чалавек, які наважыў у такой вульгарнай форме пакідаць «пажаданні» Насці ў асабістых паведамленнях, выдатна ўсведамляў, што менавіта ён рабіў. І яго жаданне «проста падзяліцца спасылкай на навіну» - не наіўныя стасункі чытача з журналісткай. Так ці інакш, мы чакаем, што праваахоўныя органы дадуць ацэнку дзеянням гэтага чалавека », - гаворыцца ў матэрыяле рэдакцыі «Зеленого портала».

Абавязкова пішыце заяву ў міліцыю

Старшыня ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец падкрэслівае: у выпадку пагроз і абраз журналісту абавязкова трэба напісаць заяву ў міліцыю.

Канкрэтна ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра відавочныя абразы і пагрозы, якія чалавек адчувае, нават калі яны не агучаныя наўпрост.

Таксама варта напісаць заяву пра факты перашкоды дзейнасці журналіста.

Дамагайцеся рэгістрацыі заяў, вазьміце іх копіі.

Праваахоўныя органы абавязаныя прыняць заявы, правесці праверку па фактах, знайсці вінаватага і прыцягнуць яго да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.