50 дзяржаў заснавалі «альянс за мультылатэралізм»
4- 26.09.2019, 21:58
- 12,074
Кіраўнік МЗС Нямеччыны Мас першым прапанаваў ідэю стварэння такога альянсу.
Міністр замежных спраў ФРГ Хайка Мас разам з прадстаўнікамі больш чым 50 дзяржаў абвясцілі пра стварэнне «альянсу за мультылатэралізм», мэтай якога з'яўляецца пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва. «Нягледзячы на ўсе існыя крызісы, светапарадак, заснаваны на правілах, прынёс нам больш міру і дабрабыту, чым калі-небудзь за ўсю гісторыю. Мы павінны абараняць яго», - заявіў Мас на ўстаноўчай канферэнцыі альянсу на палях Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў чацвер, 26 верасня, паведамляе DW.
Мас прапанаваў ідэю «альянсу за мультылатэралізм» у ліпені 2018 года ў процівагу канцэпцыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які абвясціў, што «будучыня належыць патрыётам». Францыя, Канада і Японія ўжо працяглы час працуюць над рэалізацыяй гэтай ідэі, аднак канферэнцыя ў Нью-Ёрку, на якую, сярод іншых, сабраліся кіраўнікі МЗС больш за 30 краін, стала першым буйным мерапрыемствам у рамках новага фармату.
Сутнасць мультылатэралізма
Мультылатэралізм - гэта прынцып наладжвання стасункаў паміж дзяржавамі, заснаваны на механізме шматбаковых пагадненняў, якія дазваляюць кожнай дзяржаве карыстацца прывілеямі ў адносінах з усімі партнёрамі. У рамках гэтай мадэлі не прадугледжваецца выразна абмежаванае сяброўства, як у выпадку з «сямёркай» ці «дваццаткай», аднак прадугледжанае рэфармаванне міжнародных інстытутаў і ўмацаванне міжнародных дамоўленасцяў.
Сярод асноўных тэм устаноўчай канферэнцыі «альянсу за мультылатэралізм» - умацаванне нормаў міжнароднага права і правоў чалавека, раззбраенне, прадухіленне крызісаў, кліматычныя змены кансалідацыя свету і кібербяспека.