23 верасня 2019, панядзелак, 23:39
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Вайсковая слава беларусаў: найбуйнейшыя перамогі нашай гісторыі

Вайсковая слава беларусаў: найбуйнейшыя перамогі нашай гісторыі

Беларусы заўсёды адрозніваліся сваім баявым духам.

«Радыё Рацыя» сабрала 12 найбольш значных перамог у нашай гісторыі.

Восень 1362 – Бітва на рацэ Сінія Воды

Скончылася перамогай войска Літоўскага каралеўства пад кіраваннем вялікага князя Альгерда над войскамі трох татарскіх кіраўнікоў Падольскай зямлі – Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай ордамі. Пасля гэтай бітвы Падолле, а ў стратэгічным выніку Кіеўшчына і іншыя землі былі ўлучаныя ў склад ВКЛ, яго ўладанні значна пашырыліся на поўдзень у кірунку Чорнага мора.

15 ліпеня 1410 – Грунвальдcкая бітва

Разгром Тэўтонскага ордэну войскам ВКЛ. Трыумфальны поспех злучаных сілаў Княства і Кароны меў велізарнае палітычнае значанне. Паводле ўмоваў Торуньскага міру 1411 году, крыжацкі Ордэн мусіў вызваліць усе захопленыя землі і заплаціць пераможцам 300 тысяч дукатаў. Была спыненая 200-гадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход.

5 жніўня 1506 – Бітва пад Клецкам

Разгром войскамі ВКЛ на чале з Міхалам Глінскім войска Крымскага ханства на чале з сынамі Менглі-Гірэя Біці і Бурнашом. Клецкая бітва была найбольш значнай паразай татараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яна паклала канец іх буйным набегам за Прыпяць. Хан Менглі-Гірэй пад уражаннем вынікаў бітвы на пэўны час стаў хаўруснікам ВКЛ.

8 верасня 1514 – Бітва пад Воршай на рацэ Крапіўна

Разгром войскамі ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім маскоўскага войска. Адна з найбуйнейшых бітваў у гісторыі Еўропы XVI стагоддзя. Дзень беларускай вайсковай славы. Ініцыятыва ў шматгадовай вайне трывала перайшла да ВКЛ. Усе захопленыя Масквой гарады, апрача Смаленску, былі вызваленыя. Пачаў развальвацца скіраваны супраць нашай краіны таемны альянс Масковіі і еўрапейскіх дзяржаў.

27 студзеня 1527 – Бітва ля ракі Альшаніца

Адбылася за 30 кіламетраў ад Кіева, паміж войскам ВКЛ на чале з вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім, палявым гетманам Янушам Радзівілам і войскам крымскіх татараў. Войска Крымскага ханства было разбіта. Было вызвалена 80 тысяч палонных, вернутая нарабаваная маёмасць. Крымскія татары спынілі значныя набегі на землі ВКЛ.

27 верасня 1605 – Кірхгольмская бітва

Адбылася на тэрыторыі сучаснай Латвіі каля Саласпілса паміж войскамі ВКЛ на чале з Янам Хадкевічам і Швецыі. Перамога войска ВКЛ. Адна з найбуйнейшых бітваў вайны Рэчы Паспалітай з Швецыяй 1600-1611 гадоў. Уваходзіць у лік поўных перамог над супернікам меншымі сіламі. Пасля паразы шведскі кароль быў змушаны зняць аблогу Рыгі і адмовіцца ад кантролю над Паўночнай Латвіяй і Эстоніяй.

2 верасня – 9 кастрычніка 1621 – Бітва пад Хоцінам

У ёй сышліся з аднаго боку войска Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва (камандавалі адпаведна, Ян Хадкевіч, а пасля яго смерці Станіслаў Любамірскі і Пётр Сагайдачны каля 58 тысяч чалавек) і Атаманскай імперыі (камандаваў султан Асман II, блізу 200 тысяч чалавек). Войска Рэчы Паспалітай, значна меншае колькасна, трымала абарону ва ўмацаваным табары і змусіла ўрэшце туркаў падпісаць перамір’е і спыніць вайну).

12 верасня 1683 – Бітва пад Венай

Перамога саюзнага войска (баварцы, саксонцы, аўстрыякі, конныя палкі Польшчы і ВКЛ – разам 65 тысяч пад камандаваннем Яна Сабескага) над турэцкім войскам (200 тысяч пад камандаваннем візіра Кары Мустафы). Пасля паразы Турэччына ўжо не ўяўляла пагрозы хрысціянскай Еўропе. З Венскай бітвы пачаўся павольны заняпад турэцкай магутнасці на кантыненце.

4 красавіка 1794 – Рацлавіцкая бітва (пад Кракавам)

Першая буйная бітва ў час паўстання Тадэвуша Касьцюшкі. Паўстанцы пад камандаваннем Касьцюшкі (4100 чалавек рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тысяч сялян-касінераў) перамаглі расейскае войска пад камандаваннем генерала Аляксандра Тармасава (каля 3 тысяч чалавек з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў – сялян, узброеных косамі. Перамога ў бітве спрыяла разгортванню паўстання на іншай тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

19 чэрвеня 1831 – Панарская бітва

Адбылася паміж паўстанцкімі атрадамі і расейскім войскам. Акупанты зазналі значныя страты – 364 чалавекі. Колькасць загінуўшых інсургентаў невядомая. Найбуйнейшая бітва за ўвесь час вызвольнага паўстання 1830-31 гадоў.

3 чэрвеня 1863 – Бітва пад Мілавідамі

Аб’яднаныя сілы інсурґентаў, каля 800 ваяроў са Слонімскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Наваградскага і Гарадзенскага паветаў, на чале з Францішкам Юндзілам, Ісідарам Лукашэвічам, Аляксандрам Лянкевічам, пад агульным кіраваннем Кастуся Каліноўскага, далі вялікую бітву расейскім карнікам і войскам імперыі, якія прыйшлі карнікам на дапамогу.