6 сакавiка 2021, Субота, 16:24
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламент карае ўзурпатара

7
Еўрапарламент карае ўзурпатара

Што прадугледжваюць санкцыі за забойства Рамана Бандарэнкі?

Падзеі ў Беларусі сталі, магчыма, самай абмяркоўванай замежнапалітычнай тэмай у Еўрапарламенце ў другой палове 2020 года. 26 лістапада еўрадэпутаты правялі дэбаты аб "парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку забойстве Рамана Бандарэнкі". У другой палове дня яны прынялі адпаведную рэзалюцыю, за якую прагаласавалі 613 еўрадэпутатаў. 41 - выказаўся супраць, яшчэ 35 - устрымаліся, паведамляе dw.com.

Рэзалюцыя Еўрапарламента аб забойстве Бандарэнкі

31-гадовага актывіста Рамана Бандарэнка збілі невядомыя ў масках 11 лістапада ў двары ягонага дома ў Менску. Гэты двор пратэстоўцы называюць "плошчай перамен". Бандарэнку даставілі ў шпіталь, дзе ён памёр на наступны дзень ад атрыманых траўмаў.

У рэзалюцыі дэпутаты Еўрапарламента катэгарычна асудзілі "забойства Рамана Бандарэнкі" і выказалі спачуванні ягонай сям'і, а таксама ўсім сем'ям, якія страцілі сваіх блізкіх "у выніку рэпрэсій, якія чыняцца рэжымам Лукашэнкі". У Еўрапарламенце дадалі, што, паводле звестак, збілі Бандарэнку людзі ў масках, "шчыльна звязаныя з рэжымам Лукашэнкі". Актывіста білі далей і пасля затрымання - з двара яго забрала міліцыя і толькі праз дзве гадзіны даставіла ў шпіталь, адзначаецца ў рэзалюцыі.

"Улады (Беларусі - рэдакцыя) спрабуюць перакласці адказнасць, сцвярджаючы, што Бандарэнку пабілі "ўстурбаваныя грамадзяне", і пераследуюць лекара і журналіста, якія выдалі інфармацыю (пра Бандарэнку - рэдакцыю)", - адзначылі ў Еўрапарламенце. Як вядома, у Следчым камітэце Беларусі сцвярджаюць, што Бандарэнка атрымаў траўмы ў выніку "бойкі паміж агрэсіўна настроенымі тутэйшымі жыхарамі, якія вешаюць стужкі, і асобамі, якія іх здымаюць". Гаворка ідзе пра бел-чырвона-белыя стужкі і сцягі, праз якія "двор перамен" і стаў знакаміты.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Бандарэнка быў п'яны. Але журналістка выдання tut.by Кацярына Барысенка апублікавала атрыманыя ад лекара Арцёма Сарокіна медыцынскія справаздачы аб тым, што ў крыві Бандарэнкі алкаголю не выявілі. Пасля чаго Барысенку і Сарокіна затрымалі. Еўрапарламент заклікаў Менск вызваліць іх і ўсіх астатніх палітычных зняволеных.

Захады ЕЗ у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі - недастатковыя

У рэзалюцыі дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць улады Беларусі "спыніць усе формы гвалту, жорсткага абыходжання, гвалту паводле гендэрнай прыкметы і катаванні супраць грамадзян Беларусі", а таксама вызваліць усіх затрыманых з палітычных матываў. Паводле звестак Еўрапарламента, цяпер у Беларусі больш за 125 палітвязняў, а агулам, пачынаючы з траўня, было затрымана больш за 25 тысяч беларусаў за пратэсты супраць Лукашэнкі.

Еўрапарламент таксама заклікаў ЕЗ падтрымаць міжнароднае расследаванне "злачынстваў рэжыму Лукашэнкі". У падтрымку яму, на думку еўрадэпутатаў, варта стварыць Міжнародны цэнтр збору довадаў. У рэзалюцыі адзначаецца, што і сам Еўрапарламент мае падрыхтаваць місію для збору фактаў аб парушэнні правоў чалавека.

"Захады, зробленыя да гэтага часу Еўразвязам і яго дзяржавамі-чальцамі супраць рэжыму Лукашэнкі, недастатковыя", - да такой высновы прыйшоў Еўрапарламент у рэзалюцыі. Ён заклікаў ЕЗ прыняць трэці пакет санкцый, які будзе ўключаць таксама беларускія кампаніі і алігархаў. Рада ЕЗ на тыдзень раней пастанавіла пачаць падрыхтоўку такіх новых захадаў. Яшчэ адны захады, да якіх заклікалі еўрадэпутаты - прыняць рэжым санкцый за парушэнні правоў чалавека.

Новыя санкцыі за забойства Бандарэнкі

"Рэжым Лукашэнкі ўжывае да народа Беларусі тое, што мы павінны называць унутраным тэрарызмам. Шэсць чалавек забітыя, у тым ліку Раман Бандарэнка", - заявіў падчас дэбатаў літоўскі еўрадэпутат Андрус Кубілюс, які прадстаўляў пазіцыю найбольшай фракцыі Еўрапарлямэнту, Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП). У рэзалюцыі пералічылі і іншых пяць беларусаў, якія загінулі падчас пратэстаў: Аляксандр Тарайкоўскі, Канстанцін Шышмакоў, Арцём Парукаў, Аляксандр Віхор і Генадзь Шутаў.

"Ён памёр маладым. Раман меў 31 год. І ён ніколі не ўбачыць Беларусь вольнай і незалежнай. Ён - толькі апошняя ахвяра рэжыму Лукашэнкі", - адзначыў старшыня дэлегацыі Еўрапарламента ў стасунках з Беларуссю сацыял-дэмакрат Робэрт Бедрань. "У мяне склалася ўражанне, што ЕЗ дэманструе шмат слоў, але мала спраў", - дадаў ён.

"Раман - не першая ахвяра рэжыму Лукашэнкі, якая была жорстка забітая, але наша адказнасць - паклапаціцца, каб гэта была астатняя ахвяра", - заявіла нямецкая еўрадэпутатка ад "зялёных" Віёла фон Крамон (Viola von Cramon).

Як ЕЗ можа дапамагчы Беларусі

Еўрадэпутаты адразу ад некалькіх фракцый, сярод якіх ЕНП, сацыял-дэмакратаў і "зялёных", выказалі меркаванне, што ўведзеныя Еўразвязам санкцыі супраць 55 беларускіх чыноўнікаў выявіліся неэфектыўнымі. Паляк Анджэй Галіцкі ад ЕНП заклікаў павялічыць спіс да сотняў і нават тысяч, найперш за кошт байцоў ОМОН.

Іншыя Еўрадэпутаты заклікалі да эканамічных захадаў. Фон Крамон прапанавала ўвесці сэктаральныя санкцыі ў дачыненні да "энэргетычнага і хімічнага сэктараў". Як вядома, прадукцыя хімічнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці складае значную частку беларускага экспарту ў ЕЗ. А Кубілюс прапанаваў абмежаваць доступ Беларусі да сістэмы банкавых пераводаў SWIFT.

На думку літоўца, Еўразвязу таксама варта даць зразумець прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну, што калі ён будзе далей падтрымліваць рэжым Лукашэнкі, то дадатковыя санкцыі могуць быць уведзеныя і ў дачыненні да Расеі. Зрэшты, не ўсе згодныя з ім. "Ключ да развязання праблемы трымаюць у Маскве. Мы маем залучыць да еўрапейскіх дыпламатычных намаганняў Пуціна, які з'яўляецца адзінай замежнай сілай, якая можа паўплываць на лёс Беларусі", - упэўнены еўрадэпутат ад ліберальнай фракцыі "Абнавіць Еўропу" Шарль Гёрэнс з Люксэмбурга.

Немец ад фракцыі "левых" Гельмут Шольц (Helmut Scholz) дадаў, што хоць пратэстоўцы могуць мець розныя погляды на ЕЗ і на Расею, але іх усіх лучыць разуменне, што "без свабоды думак і ўдзелу ўсіх грамадзян у палітычных пастановах Беларусь не мае будучыні".

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».