19 сакавiка 2024, aўторак, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У сеціва злілі новыя сведчанні злачынстваў лукашыстаў

69
У сеціва злілі новыя сведчанні злачынстваў лукашыстаў

Каштоўныя матэрыялы для будучага трыбуналу.

У тэлеграм-канале By_Pol з'явілася спасылка на ролік, змантаваны з запісаў з нацельных камераў сілавікоў, зробленых гэтай восенню: там можна назіраць абыходжанне з затрыманымі ў аўтазаку, разгон натоўпу пратэстоўцаў каля Цэнтральнага РУУС Менска і затрыманні на праспекце Незалежнасці. Якім чынам гэтыя запісы патрапілі ў шырокі доступ, невядома.

Першае відэа знятае ў аўтазаку. Дату здымка складана вызначыць, але ўсё адбываецца не раней за кастрычнік – усе затрыманыя людзі ў цёплай вопратцы. У салоне знаходзяцца 7–10 сілавікоў. У аўтазак прыводзяць усё новых і новых затрыманых мужчынаў, у выніку іх там больш за дзясятак. Большасць стаіць на каленях на падлозе. Паміж сабой пра аднаго з затрыманых сілавікі кажуць, што ў яго бінты на руках і ён хадзіў з флагштокам-вудай.

Потым прыводзяць мужчыну, які, мяркуючы з голасу, ужо пацярпеў. Ён эмацыйна пытаецца: «Навошта мяне ламаць, я ж нічога не раблю?» Яго б'юць дубінкай два сілавікі – той стогне і кажа, што яму балюча. У наступным урыўку аўтазак ужо едзе, а адзін з супрацоўнікаў праваахоўных органаў пачынае «гутарыць» з збітым затрыманым. Калі той апускае вочы, супрацоўнік з дапамогай дубінкі падымае ягоную галаву, кажучы пры гэтым некалькі разоў: «Нармальна было скакаць?» Калі той удакладняе, куды скакаць, амапавец задае пытанне: «Куды ты скакаў? А чаго рукі завязаныя і фарбай палітыя?» Далей цягам паездкі сілавік прадаўжае «размаўляць» з затрыманым, некалькі разоў б'е яго па галаве і твары, а ягоныя калегі вывучаюць змесціва тэлефонаў іншых мужчынаў у аўтазаку.

Другое відэа, мяркуючы з ракурсу, знятае нагруднай камерай аднаго з супрацоўнікаў міліцыі ў раёне сталічнага Цэнтральнага РУУС. На ім ёсць дата – 25 кастрычніка. Тады, мяркуючы з заяваў прадстаўнікоў МУС, на будынак быў здзейснены напад з боку пратэстоўцаў.

Можна назіраць, як з калоны пратэстоўцаў у бок міліцыі свецяць магутныя лазерныя ўказкі, аднак адкрытага супрацьстаяння не назіраецца. Урыўкі з гэтага ці падобных відэа выкарыстоўвалі праваахоўныя органы ў сюжэтах пра падзеі таго дня: сілавікі кідаюць светлашумавыя гранаты і пачынаюць рухацца ў бок пратэстоўцаў, таксама чуваць гукі, падобныя на стрэлы. Калі яны набліжаюцца да людзей, чуваць патрабаванні легчы.

Трэцяе відэа знятае 1 лістапада пасля 14 гадзіны (гэта можна зразумець з даты і часу ў ніжнім правым куце). Запіс зроблены паміж станцыямі метро «Маскоўская» і «Усход», у кадр трапляе будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Менавіта ў гэтым раёне ў гэты дзень паведамлялася пра затрыманні. У тую нядзелю пратэстоўцы спрабавалі дайсці маршам да Курапатаў. Супрацоўнікі АМАПу знаходзяцца ў машыне міліцыі (у руках у аднаго можна ўбачыць прадмет, падобны на перцавы балончык), за рулём чалавек у форме ДПС.

Машына спрабуе дагнаць пратэстоўцаў, людзі ўзгадняюць свае дзеянні праз рацыю. Потым машына спыняецца, сілавікі выбягаюць з яе і дапамагаюць злавіць людзей, якія разбягаюцца. Яны жорстка затрымліваюць хлопца, садзяць яго ў салон машыны, абсыпаючы пры гэтым лаянкай – той стогне ад болю. Тэлефон у хлопца забралі, груба пытаюцца, што ў заплечніку. Характэрна, што затрыманы ветліва просіць у супрацоўніка міліцыі: «Дазвольце, я здыму».

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках