10 траўня 2024, Пятніца, 12:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Дэманстранты ў Беларусі павінны запатрабаваць эканамічных санкцый

6
Палітолаг: Дэманстранты ў Беларусі павінны запатрабаваць эканамічных санкцый
ФОТА: «НАША НІВА»

Трэба гэтую праўду прызнаць і вакол яе аб'яднацца.

Мяркуючы з настрояў беларускіх сяброў, шмат у каго наступіў перыяд разважанняў, рэфлексіі пасля некалькіх месяцаў звышактыўнасці, піша расейскі палітолаг Грыгорый Меламедаў для «Эха Москвы».

Сітуацыя псіхалагічна складаная. Усе ведаюць, што пратэсты трэба прадаўжаць. Больш за тое, пачуццё абурэння з кожным днём расце. І ў той жа час, з'явілася адчуванне, што аднымі пратэстамі не ўдасца дасягнуць перамогі. Напэўна, трэба давесці асэнсаванне да канца, перш чым даваць рэцэпты аб далейшых дзеяннях. Паспрабуем.

Дыктатарскія дзяржавы выконваюць два тыпы функцый: нармальныя і рэпрэсіўныя. Калі ўсё спакойна, здаецца, што пераважаюць нармальныя тыпы дзейнасці - лячыць, вучыць, кіраваць эканомікай, забяспечваць парадак у агульнапрынятым сэнсе. А рэпрэсіўныя функцыі здаюцца другараднымі, таму асноўнай масе людзей яны не бачныя.

Але вось надыходзіць крытычная сітуацыя, - нават яшчэ не выбары, а першая хваля каранавіруса. І выяўляецца, што нават медыцына з'яўляецца часткай рэпрэсіўна-прапагандысцкай машыны. Дыктатар патрабуе ад яе, у першую чаргу, хлусіць і маніпуляваць статыстыкай, і толькі ў другую чаргу - лячыць.

У жніўні ў Беларусі пачынаюцца вялікія пратэсты і вялікія рэпрэсіі. І людзям ужо на сто адсоткаў зразумела, што карныя функцыі для дзяржавы з'яўляюцца прыярытэтам. Ва ўсіх сферах, ва ўсіх установах - у школе і ў сферы жыллёва-камунальных паслуг, нават у спорце і тэатры - ад работнікаў патрабуецца суўдзел у рэпрэсіях, а іх наўпроставыя абавязкі адсоўваюцца далей і далей. Тыя, хто не згодны прыняць такія правілы, самі становяцца аб'ектам рэпрэсій, таму і пратэст расце, і яго падаўленне ўзмацняюцца.

Зразумела, як рэагуюць на гэта грамадзяне. Важней, што адбываецца з дзяржавай. Па-першае, на выкананне «нармальных» абавязкаў бракуе грошай. Па-другое, менавіта ў нармальных сферах узмацняецца крадзеж, адтуль выцясняюцца кваліфікаваныя кадры. То бок, усе органы, акрамя рэпрэсіўных, пачынаюць адміраць. Колькі б беларусы ні самаарганізоўваліся, яны не могуць узяць на сябе ўсе абавязкі, якія дзяржава перастае выконваць. (Не могуць, напрыклад, самі сябе вылечыць ад віруса). Адсюль рост абурэння, але адначасова і стомленасць. Тыповае «хаджэнне па пакутах».

Гэта б'е і па чыноўніцкім апарату: калі ўсё вызначае дручок, калі грамадзянскіх бюракратаў замяняюць сілавікамі, то нават апарат пачынае адміраць. У ідэале павінна наступіць кропка, калі ўлада займаецца толькі рэпрэсіямі. На ўсё астатняе ў яе не застаецца ні грошай, ні кадраў, ні жадання.

Але ёсць дзве праблемы. Першая - як жыць у такі час? Другая - гэта згаданая кропка павінна наступіць, але менавіта «ў ідэале», а на практыцы невядома, калі яна наступіць. У гэтым адрозненне рэальнага жыцця ад матэматычных мадэляў.

У сярэдняга лукашэнкаўскага чыноўніка таксама ёсць праблема: мажліва, ён ужо хоча перайсці на бок народа, але што гэта азначае на практыцы? Калі на вайне жаўнер пераходзіць з аднаго войска ў іншае, то яго ставяць у строй, яго кормяць, яму даюць зразумелыя каманды. А ў гэтай сітуацыі? Незразумела. Былі б на волі арыштаваныя палітыкі, вярнуліся б з эміграцыі высланыя лідары, - тады было б ясна, да каго ісці, каму здавацца і прапаноўваць свае паслугі. Але палітвязні не могуць вызваліцца самі, і высланыя змагары за свабоду не могуць вярнуцца, гэта не ад іх залежыць.

Увогуле, нарастае адчуванне, што пратэстаў недастаткова. Яны расхістваюць рэпрэсіўную дзяржаву, але не могуць нанесці канчатковы ўдар. Такі ўдар павінен нанесці нехта іншы ці нешта іншае. Эмбарга. Байдэн. Еўразвяз. Жаўнер-камікадзэ з аховы, хоць гэта малаімаверна. (У нейкай ступені, нават Пуцін, і гэта зусім ужо непрыемна). Для ўдзельнікаў пратэсту такая сітуацыя трохі крыўдная, яна нават можа дэматываваць. А палітыкаў, адпраўленых у турмы і выпхнутых за мяжу, можа дэматываваць тое, што ім складана накіроўваць пратэст, задаваць яму позву дня.

Мне здаецца, у гэтым сутнасць сённяшніх разважанняў, як быць, што рабіць. Цяжкі момант, але праз яго праходзяць усе сур'ёзныя рэвалюцыі. А беларуская рэвалюцыі менавіта сур'ёзная. Вы ж не думаеце, што яна зводзіцца да адстаўкі аднаго чалавека.

Як развязваць праблему? Дакладны адказ прыйдзе з часам, але ўжо цяпер зразумела, дзе яго шукаць. Патрэбна каардынацыя паміж дэманстрантамі і палітыкамі, якія змагаюцца за эканамічныя санкцыі. Не проста абмен інфармацыяй, а ўзаемнае энэргетычнае падсілкоўванне, калі абодва крылы рэвалюцыі кожны дзень, у кожны складаны момант падсілкоўваюць адзін аднаго і разам фармуюць павестку дня - лозунгі, тактыку і нават жарты на плакатах.

Што гэтаму перашкаджае, акрамя чыста тэхнічных праблем? Перашкаджаюць разыходжанні ў пытанні, якое задаваў калісьці нядобрай памяці Ленін: захапіць дзяржаву або зламаць дзяржаву. Складовая частка гэтага пытання - змагацца за поўнае эмбарга, або не зусім змагацца і не зусім за поўнае.

Правільны адказ - зламаць, бо лукашэнкаўская дзяржава сама сябе ламае, адмаўляючыся паступова ад усіх функцый, акрамя рэпрэсій, прапаганды і канфіскацыі грошай у грамадзян. Яе немагчыма ўжо прымусіць лячыць, даваць адукацыю, нармальна кіраваць эканомікай. Ад дзяржавы застаецца толькі карная машына, а што з ёй можна рабіць, акрамя злому?

Мабыць, трэба гэтую праўду прызнаць і вакол яе аб'яднацца. Калі ўжо не абысціся без вызначальнага ўдару ў выглядзе санкцый, то дэманстранты павінны іх запатрабаваць з той жа сілай, з якой яны патрабуюць усё астатняе.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках