26 верасня 2020, Субота, 11:36
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвальвацыю ўжо не спыніць?

81
Дэвальвацыю ўжо не спыніць?
Архивное фото Reuters

Беларускі рубель абясцэньваецца да даляра нават у падатковы тыдзень.

Да ўразання паставак нафты з Расеі беларускі рубель звычайна ўмацоўваўся ў падатковы тыдзень на фоне продажу валютнай выручкі экспарцёрамі. Аднак за мінулы тыдзень рубель зноў асеў да даляра, пабіўшы рэкорд 2016 года, пішуць banki24.by.

Паводле вынікаў пятнічнага гандлю афіцыйны курс даляра да беларускага рубля склаў 2,2120 BYN за 1 USD. Тым самым 21 лютага беларускі рубель абнавіў шматгадовы мінімум да амерыканскай валюты.

Да мінулай пятніцы рубель горш за ўсё адчуваў сябе ў лютым 2016 года. Тады афіцыйны курс апускаўся да 2,2069 BYN за 1 USD. Чаму ж беларускі рубель так аслабеў у лютаўскія дні і што з ім будзе далей? Banki24.by паспрабавалі знайсці адказы на гэтыя пытанні.

Па-першае, каля гістарычных максімумаў знаходзіцца індэкс даляра. Індэкс даляра – гэта адносіны даляра да кошыка з 6 валютаў – еўра (EUR), японская ена (JPY), фунт стэрлінгаў (GBP), канадскі даляр (CAD), швэдская крона (SEK) і швейцарскі франк (CHF). Чым вышэйшы індэкс даляра, тым мацнейшы даляр да астатніх валютаў. Такім чынам, ужо з адной гэтай прычыны беларускі рубель знаходзіцца ў слабой пазіцыі да амерыканскай валюты.

Па-другое, слабасці беларускага рубля садзейнічае стан беларускай эканомікі і адсутнасць структурных рэформаў. Без правядзення структурных рэформаў нашы тавары за нешматлікімі выключэннямі застануцца мала канкурэнтаздольнымі на знешніх рынках, калі беларускі рубель не будзе аслабляцца да кошыка валютаў хоць бы на памер гадавой інфляцыі.

Тлумачэнне неабходнасці паўзучай дэвальвацыі наступнае. Каб экспарт не страчваў коштавую канкурэнтаздольнасць, трэба дамагацца паслаблення нацыянальнай валюты паралельна росту коштаў у эканоміцы. Бо ў адваротным выпадку для знешніх спажыўцоў экспартныя тавары з Беларусі будуць даражэйшыя ў іх нацыянальных валютах. Асабліва гэта важна на расейскім рынку, дзе беларускія тавары адціскаюць канкурэнты з РФ, а нашы экспарцёры атрымліваюць менш валютнай выручкі ў рублёвым эквіваленце, калі «зайчык» моцны ў адносінах да «драўлянага».

Ды і на ўнутраным рынку ў нас не ўсё добра. Белстат фіксуе ўвесьчаснае зніжэнне дзелі айчынных тавараў у раздробным таваразвароце. Непісьменная палітыка папярэдняга кіраўніцтва Нацбанка, якая складалася ў прывязцы беларускага рубля да даляра без аглядкі на расейскую валюту, прывяла да абвальнага падзення курсу зімой 2014–2015 гг. Улады пастанавілі праігнараваць законы эканомікі дзеля стварэння кароткай ілюзіі выспы стабільнасці і прадказальна атрымалі наймагутнейшую поўху. Наступствы таго краху да гэтага часу адбіваюцца на беларусах.

На самай верхавіне ўлады няма волі да эканамічных рэформаў. Гэта значыць, што структура беларускай эканомікі застанецца ранейшай, у той час як у большасці суседзяў яна будзе павольна паляпшацца. Такім чынам, беларускія тавары будуць усё часцей саступаць у канкурэнтнай барацьбе нават на рынку Еўразійскага эканамічнага звязу.

Параза ў такой барацьбе небяспечная тым, што Беларусь ужо не можа адгарадзіцца ад астатніх чальцоў ЕАЭС забароннымі мытамі. Калі Беларусь уступіць у СГА, то страціць магчымасць абараняць унутраны рынак нярынкавымі метадамі ад абсалютнай большасці краінаў свету.

Без рэформаў у эканоміцы імпарт тавараў прадоўжыць хранічна перавышаць экспарт. Пры такой раскладцы ў знешнім гандлі моцны рубель "забівае" экспарт і спрыяе росту імпарту. Паколькі чысты экспарт з'яўляецца кампанентам ВУП, то гэта негатыўна ўплывае і на эканамічны рост. Самы свежы і блізкі прыклад уплыву рэвальвацыі без спадарожных рэформаў – Украіна. Умацаванне грыўні ў канцы 2019 года прывяло да таго, што тэмпы росту ВУП гэтай краіны ў 4-м квартале знізіліся да 1,5% супраць 4,1–4,6% у 2-3 кварталах. Сезонна згладжаны ВУП Украіны ў кастрычніку – снежні вырас толькі на 0,1%.

І нарэшце, на курс беларускага рубля адмоўна ўплывае дэфіцыт валютнай выручкі ад продажу нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. З Расеяй не ўрэгуляванае пытанне пра пастаўкі нафты на Мазырскі НПЗ і Нафтан, якія ў студзені – лютым атрымліваюць утрая менш сыравіны, чым у 2019-м. Фактычна экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі заблакаваны, НПЗ забяспечваюць унутраны рынак.

З ліпеня 2019 года няма доўгатэрміновага кантракту на пастаўку калійных угнаенняў у Кітай. Раней КНР уваходзіў у топ-3 рынкаў для беларускіх калійнікаў. У 2020 годзе нават афіцыйная адзнака экспарту хлоркалію на 0,5 млн тон ніжэйшая, чым фактычная за 2019-ы.

Усе пералічаныя меркаванні фармуюць вектар, паводле якога будзе рухацца курс беларускага рубля, – уніз. Хуткасць і маштабы гэтага працэсу моцна залежаць ад наяўнасці дамоўленасцяў у імпарце нафты. Калі РФ і РБ так і не прыйдуць да згоды за найбліжэйшыя тыдні, у сакавіку верагоднае ўзяцце адзнак 2,3–2,35 BYN за 1 USD. Нацбанк даўно паабяцаў, што не будзе «паліць рэзервы» дарма. Кароткатэрміновы эфект ад валютных інтэрвенцый толькі спустошыць валютную скарбонку ўладаў, але не пераломіць агульны трэнд.