31 сакавiка 2020, aўторак, 21:42
Народны карантын
Рубрыкі

Работнікі прадпрыемства кіраўніцтва спраў Лукашэнкі пагражаюць страйкам

17
Работнікі прадпрыемства кіраўніцтва спраў Лукашэнкі пагражаюць страйкам
ФОТА: OZERCO.BY

Яны напісалі ліст Шэйману.

Тры дзесяткі працаўнікоў гандлёва-лагістычнага цэнтра «Азярцо-лагістык» звярнуліся да кіраўніка спраў Лукашэнкі Віктару Шэйману з публічным лістом - арганізацыя знаходзіцца ў падпарадкаванні гэтай афіцыйнай структуры.

Гэта ўжо не першы такі выпадак: летась у жніўні работнікі цэнтра патрабавалі ад Віктара Шэймана ўмяшання пасля таго, як кіраўніцтва прадпрыемства пазбавіла падначаленых набавак за прафесійнае майстэрства, спецыфіку працы і напружанасць раскладу.

У новым калектыўным звароце, копію якога даслалі ў рэдакцыю «Радыё Свабода», адзначаецца, што працаўнікам не ясна, на якой падставе ім здымаюцца даплаты, а на якой выдаюцца. Падпісанты ўважаюць за непрымальную сітуацыю, калі асноўны заробак складае толькі 50%, тады як астатняя частка залежыць ад аднаасобнай пастановы кiраўнiка.

Аўтары ліста сцвярджаюць, што апошнім часам з боку кіраўніцтва пачаліся «дыскрымінацыйныя і дэструктыўныя крокі ў дачыненні да тых, хто актыўна бароніць інтарэсы ў перамоўных працэсах аб калектыўным пагадненні». У лісце адзначаецца, што актывістаў беспадстаўна пазбаўляюць прэмій і набавак на 6 месяцаў, ім выносяць вымовы.

«Усе гэтыя непрадуманыя дзеянні, якія не паддаюцца здароваму асэнсаванню, дэстабілізуюць сітуацыю ў працоўным калектыве і выклікаюць абгрунтаваны недавер да кіраўніцтва арганізацыі», - гаворыцца ў лісце.

Работнікі ААТ «Азярцо-лагістык» паведамляюць Шэйману аб раней абвешчаных патрабаваннях: увесці дадатковым пагадненнем у дзейныя кантракты набаўкі за прафесійнае майстэрства, характар і спецыфіку працы, складанасць і напружанасць раскладу.

Сярод іншага анты патрабуюць вызначыць градацыю памеру прэмій пры частковым невыкананні плану: памер асноўнага заробку пры гэтым мае складаць не цяперашнія 50%, а не менш за 70%.