2 траўня 2024, Чацвер, 0:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мадрыдзе ўпершыню прайшоў гішпана-каталонскі «дыялог на роўных»

У Мадрыдзе ўпершыню прайшоў гішпана-каталонскі «дыялог на роўных»

Дэлегацыі ўзначальвалі гішпанскі прэм'ер-сацыяліст Пэдра Санчэс і лідар Каталоніі Кім Тора.

У Мадрыдзе ў сераду, 26 лютага, прайшла першая сустрэча ў рамках так званага "дыялогу на роўных" паміж цэнтральным урадам і каталонскай рэгіянальнай адміністрацыяй. Дэлегацыі ўзначальвалі адпаведна гішпанскі прэм'ер-сацыяліст Пэдра Санчэс і лідар Каталоніі нацыяналіст Кім Торэ. Мэта дыялогу - развязаць канфлікт паміж цэнтрам і рэгіёнам, які ўзнік у сувязі з імкненнем Каталоніі да незалежнасці, паведамляе dw.com.

Сустрэча, як вынікае з супольнай заявы яе ўдзельнікаў, "прайшла ў канструктыўнай абстаноўцы і заклала аснову для працягу перамоў". Аднак, бакі пакуль не знайшлі якіх-небудзь ўзаемапрымальных пастаноў і толькі канстатавалі існыя "глыбокія супярэчнасці".

Пазіцыя бакоў

Газета АВС нагадвае, што пастанова аб вядзенні "дыялогу на роўных", як быццам бы гаворка ішла пра дзве суверэнныя дзяржавы, была прынятая з ініцыятывы Левай рэспубліканскай партыі Каталоніі (ЛРПК), якая ўваходзіць у кіроўную ў рэгіёне кааліцыю. За згоду на дыялог дэпутаты ЛРПК у парламенце Гішпаніі дапамаглі Санчэсу атрымаць пасаду прэм'ера і сфармаваць свой урад.

Між тым, Санчэс, хоць і пагадзіўся на перамовы, але сцвярджае, што не мае намеру выконваць патрабаванні ЛРПК - даць Каталоніі права на самавызначэнне і амніставаць дзевяцярых каталонскіх палітыкаў, асуджаных за спробу аддзяліць рэгіён ад Гішпаніі ў 2017 годзе. Ён прапануе толькі пакет захадаў для паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне.

Схаваныя матывы

На думку іншага выдання - El Confidencial, абодва бакі разумеюць, што ў дыялогу пакуль няма бачных перспектыў - праз непрымірымасць пазіцый. ЛРПК і яе партнёр - партыя "Разам за Каталонію" - не могуць адмовіцца ад ідэі незалежнасці, асцерагаючыся страціць свой нацыяналістычна настроены электарат. Ну а ўрад не можа пайсці на падзел краіны, бо гэта супярэчыць канстытуцыі і волі большасці гішпанцаў.

Але пры гэтым удзельнікі перамоў маюць свае мэты. Так, на думку газеты Mundo, Санчэс спадзяецца, што ЛРПК дапаможа яму прыняць у парламенце дзяржбюджэт на 2020 год, без чаго прэм'ер не зможа далей знаходзіцца ва ўладзе. Ну а каталонцам дыялог патрэбны, каб прадэманстраваць волю да пошуку незалежнасці і здольнасць уплываць на цэнтральны ўрад.

Парламенцкая апазіцыя пратэстуе

Лідар правацэнтрысцкай апазіцыі ў парламенце Пабла Касада раскрытыкаваў перамоўны працэс. Ён асцерагаецца, што Санчэс дзеля захавання сваёй улады можа ўсё ж пайсці на саступкі сепаратыстам і ў плане незалежнасці, і ў плане амністыі.

Прэм'ер зазнае крытыку і з боку лідараў іншых рэгіёнаў Гішпаніі, у тым ліку сваіх калег-сацыялістаў. Рэгіяналы мяркуюць, што Санчэс прапануе Каталоніі дадатковае фінансаванне за кошт прызначаных ім асігнаванняў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках