10 траўня 2024, Пятніца, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Драздах пабудавалі школу за $12 мільёнаў

29
У Драздах пабудавалі школу за $12 мільёнаў

Працаваць яна будзе не для ўсіх.

У раёне індывідуальнай забудовы каля вадасховішча Дразды, дзе жывуць чыноўнікі і бізнэсоўцы, кампанія расейскага алігарха Міхаіла Гуцырыева пабудавала прыватную сярэднюю школу. Глядзіце, як яна выглядае.

Будаўніцтва школы, як і суседняга дзіцячага сада, першапачаткова далі ў сацыяльную нагрузку бізнэсоўцу Юрыю Чыжу. Калі ў Чыжа пачаліся праблемы, участак пад сад аддалі забудоўваць славенскай кампаніі Riko, а зямлю пад школу - падкантрольнай Міхаілу Гуцырыеву «СертусАвіа». Ён планаваў укласці ў аб'ект 12 мільёнаў даляраў, піша tut.by.

Каму належыць школа цяпер?

Riko дабудавалі садок у 2015 годзе і перадалі яго ва ўласнасць горада. А вось будаўніцтва школы завяршылі сёлета і зарэгістравалі на кіпрскую афшорную кампанію - «Блатберг Холдингс Лимитед». Права гаспадарчага вядзення - у заснаваным афшоры «СертусАвіа». З 2018 года яе дырэктарам з'яўляецца Іван Бруеў.

Бруеў з 2002 да 2018 года быў гендырэктарам «Славнефтехима». Гэта даччыная кампанія «РуссНефти» Міхаіла Гуцырыева.

Тое, што школа будзе прыватнай, пацвярджаецца і на сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёна, дзе гараджанам адказалі на пытанні пра школу ў мікрараёне Лябяжы.

«Установа адукацыі, пабудаваная на вуліцы Вербнага, не належыць да вядзення ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска і будзе функцыянаваць як прыватная ўстанова адукацыі», - гаворыцца ў адказе.

Людзі часта задавалі чыноўнікам пытанні пра школу на вуліцы Вербнага. Паводле назіранняў гараджан, яна пустуе ўжо год. Многія чакалі яе адкрыцця для ўсіх, бо школа №32 у Лебядзіным ужо перапоўненая. У адміністрацыі раёна адказалі, што на вуліцы Праектаванай, 5, будзе пабудаваная школа на 1020 месцаў.

Як уладкаваная школа

Паводле звестак Адзінага дзяржрэгістра нерухомай маёмасці, «СертусАвіа» арандуе ў дзяржавы тры гектары зямлі за 112 тысяч рублёў у год. На гэтай тэрыторыі школа займае крыху больш за дзевяць тысяч «квадратаў». На вуліцы ёсць пляцоўкі для баскетбола, міні-футбола, гандбола, універсальная спартыўная пляцоўка і стадыён з трыбунамі.

Мы звярталіся ў кампанію «СертусАвіа» што да пытання адкрыцця школы, але там патлумачылі, што «будаўнічая кампанія не ўпаўнаважаная даваць каментары».

Дарэчы, паблізу школы Гуцырыева ёсць пустка на 2,5 гектара - яна знаходзіцца паміж школай, комплексам «Шантэр Хіл» і Riviera Plaza. У 2013 годзе ўчастак перадалі ва ўласнасць Расейскай Федэрацыі на ўзгадненне паміж Беларуссю і Расеяй аб узаемнай перадачы зямель. Дагэтуль зямля не засвоеная і яе мэтавае прызначэнне не пазначанае.

Нагадаем, Міхаіл Гуцарыеў вядзе шматвектарны бізнэс у Беларусі. Алігарх будуе горна-абагачальны камбінат у Любанскім раёне, развівае IT-праекты з Віктарам Пракапеням, пастаўляе нафту на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, валодае гатэлем «Рэнесанс» у Менску і іншымі аб'ектамі.

У якасці сацыяльнай нагрузкі акрамя вышэйапісанай школы ў беларускай сталіцы Гуцарыеў будуе храм у Менскім раёне, падарыў Любані шматкватэрны дом і перарабіў у сваю сядзібу былую базу Кіраўніцтва справамі кіраўніка «Краснасельскае».

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках