18 траўня 2024, Субота, 21:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская нафта паплыла міма Беларусі

9
Расейская нафта паплыла міма Беларусі
АРХІЎНЫЯ ФОТА REUTERS

Расейскія кампаніі павялічаць экспартныя пастаўкі нафты па моры.

Расейскія кампаніі павялічваюць пастаўкі нафты праз парты на фоне скарачэння трубаправодных і чыгуначных паставак у Беларусь.

У лютым сёлета праз парты Прыморск, Новарасійск, Усць-Луга і Козьміна расейскія кампаніі накіруюць 11,18 млн тон нафты, паведамілі Naviny.by ў міжнародным незалежным коштавым агенцтве Argus Media.

У параўнанні са студзенем сутачныя аб'ёмы паставак у сярэднім вырастуць на 175,6 тысячы барэляў, але праз меншую колькасць дзён у лютым у абсалютным выразе аб'ёмы крыху знізяцца - на 20 тысяч тон.

Праўда, калі параўноўваць з лютым мінулага года, то аб'ёмы паставак расейскай нафты па моры вырастуць на 11,5%. Год таму лютаўскі аб'ём паставак цераз Прыморск, Усць-Лугу, Новарасійск і Козьміна склаў 10,03 млн тонаў.

Расейскія пастаўшчыкі перанакіроўваюць нафту ў парты праз адсутнасць доўгатэрміновых кантрактаў з беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі. Бакі не могуць дамовіцца па цане на сыравіну.

У Расеі, як распавядаў Аляксандра Лукашэнка, настойваюць на прэміі да цаны нафты ў 15-16 даляраў за кожную тону. У Беларусі, са слоў кіраўніка, не згодныя працаваць на такіх умовах.

З пачатку гэтага года адзіным пастаўшчыком расейскай нафты ў Беларусь з'яўляецца кампанія «Сафмар» мільярдэра Міхаіла Гуцарыева, блізкага да Лукашэнкі. Аднак аб'ёмы паставак істотна ніжэйшыя за леташнія.

Паводле звестак Argus Media, у студзені ў параўнанні са снежнем пастаўкі знізіліся адразу на 70% - да 509,3 тысячы тон. Калі па чыгунцы пастаўкі павялічыліся з 10,1 тысячы тон да 102,3 тысячы тон, то па трубаправодзе пастаўкі ўпалі з 1,7 млн тонаў да 407 тысяч тон.

У лютым «Сафмар» плануе паставіць у Беларусь блізу 450 тысяч тон нафты. З іх 100 тысяч тон пойдуць па чыгунцы, 350 тысяч тон - па нафтаправодзе, распавёў прадстаўнік кампаніі.

Яшчэ 80 тысяч тон расейскай нафты, магчыма, у Беларусь накіруе кампанія «Татнафта».

Калі Менск і Масква не дамовяцца аб цане сыравіны, то расейскія пастаўшчыкі працягнуць перапраўляць яе ў парты. Сумарна ў абыход Беларусі па моры можна адправіць блізу 42 млн тон нафты, падлічылі ў расейскім Інстытуце развіцця тэхналогій ТЭК. Гэта амаль удвая больш за запланаваныя на гэты год пастаўкі ў Беларусь (24 млн тон).

Магчыма, сітуацыя вырашыцца пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якая пройдзе 7 лютага ў Сочы. Кіраўнік Беларусі анансаваў яе як «нейкі момант ісціны».

А пакуль беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку працуюць на мінімальнай загрузцы. Яны перапрацоўваюць ад 16 да 20 тысяч тон нафты ў дзень і ў першую чаргу забяспечваюць палівам унутраны рынак.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках