29 сакавiка 2020, Нядзеля, 9:25
Народны карантын
Рубрыкі

Вайскавік на Майбаху

38
Вайскавік на Майбаху
ІРЫНА ХАЛІП

Школьныя дармаеды будуць каштаваць беларусам паўтара мільёна даляраў штомесяц.

Улада пакутліва шукае грошы – не ва ўласных гаражах і ангарах, зразумела, а ў нас. Дзяржкантроль выкрывае ложак у майстэрні Цэслера ды іншыя непатрэбныя прадметы ў майстэрнях іншых мастакоў. «Мінгаз» ходзіць у кватэры пад дэвізам «прафілактычны агляд газавага абсталявання» і бярэ за гэта 23 рублі – ды не гатоўкай, якія можна не даць, а ўключае гэтыя грошы ў «жыроўку». А ўжо камунальныя паслугі паспрабуй не аплаці – самі разумееце, танней выйдзе аддаць рэкеціру тую злашчасную дваццатку. Увогуле, выкручваюцца, як могуць. Наступны крок – гэта хіба што збіраць «бычкі».

І ў гэты самы час дзяржава ўводзіць у школах новую штатную адзінку завуча ў ваенна-патрыятычным выхаванні. Гэты новы школьны кіраўнік, як вынікае з афіцыйных паведамленняў, будзе «забяспечваць рэалізацыю ідэалогіі ў галіне забеспячэння ваеннай бяспекі, у частцы, якая тычыцца грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі». А яшчэ – «фармаваць у юнакоў і дзяўчат патрыятычнае ўсведамленне і маральна-псіхалагічныя якасці, неабходныя для абароны Айчыны, а таксама абавязковай падрыхтоўкі грамадзянаў да ваеннай службы». Спадзяюся, вы памятаеце, што і гэтую новую зграю школьнага кіраўніцтва забяспечваць будзем мы на свае падаткі? Дык вось, давайце лічыць. У Беларусі тры тысячы сярэдніх школаў. Заробак завуча – у сярэднім тысяча рублёў. Такім чынам, нам забеспячэнне вайскавіка будзе каштаваць тры мільёны рублёў штомесяц. Гэта значыць – паўтара мільёна даляраў мы будзем кожны месяц моўчкі даставаць з сваіх гаманцоў на аплату «рэалізатараў ідэалогіі ў галіне забеспячэння ваеннай бяспекі». Паўтара мільёна даляраў. Васямнаццаць мільёнаў даляраў за год. Багаты мы ўсё ж такі народ, калі можам сабе дазволіць такія вычварэнскія забавы.

А ў гэты час мамы трохмесячных Міланы Пшанко і Сафіі Жагун і пяцімесячнай Дашы Шапятоўскай з дапамогай сацыяльных сетак збіраюць грошы. Ва ўсіх дзяўчатак – СЦА, спінальная цягліцавая атрафія 1-га тыпу, самая агрэсіўная. Захворванне, якое да 2016 года было смяротным, цяпер можна перамагчы. У свеце з'явіўся прэпарат геннай тэрапіі пад назвай ZOLGENSMA, адна ін'екцыя якога ратуе і захоўвае жыццё, – не вылечвае, а толькі спыняе прагрэсаванне хваробы. Праўда, каштуе гэтая ін'екцыя два мільёны даляраў. Зразумела, ні адзін з беларускіх дабрачынных фондаў збор сродкаў не падтрымаў: занадта вялікая сума. Так што збіраюць бацькі капейчыну да рубля, усё спадзяюцца паспець, пакуль не загінулі іх дзеці. І вось якая арыфметыка атрымліваецца: чатыры месяцы існавання на нашым утрыманні гэтых чортавых завучаў-«патрыётаў» – і вось вам тры выратаваныя дзяўчынкі. Год – дзевяць дзіцячых жыццяў. Замест набыцця чарговага бізнэс-джэта для драздоўскіх пантоў маглі б выратаваць трыццаць дзяцей. А калі ўсе гэтыя майбахі, гадзіннікі, матацыклы, анучы канвертаваць у чалавечыя жыцці? Зусім іншая гісторыя магла б атрымацца. Але рэжыму патрэбныя гаражы з майбахамі і вайскавікі. Задача другіх – прамыць мазгі дзецям так, каб ніхто з іх не дадумаўся нават пытанне задаць з нагоды першых.

Дарэчы, пачытайце дзеля цікаўнасці школьны падручнік дапрызыўнай падрыхтоўкі для дзясятых і адзінаццатых класаў. Калі б там усё складалася з фразаў накшталт «асноўным месцам хованкі назіральніка ад агню праціўніка з'яўляецца акоп» – гэта паўбяды. Але і пра антыдзяржаўную змову на грошы Захаду ў 2010 годзе там таксама вельмі падрабязна, з цытатамі з «Саўбеліі» апавядаецца. Пішуць у падручніку, што Амерыка 16 мільёнаў даляраў вылучыла на скіданне ўлады. Так што вельмі своечасова ў Менск прыехаў дзяржсакратар ЗША і паабяцаў падтрымку. Калі ў нас у кішэнях зусім пуста стане, можа быць, Злучаныя Штаты дапамогуць вучыць нашых дзяцей супраціўляцца беларускім баевікам, якіх трэніруюць у польскіх лясах на амерыканскія грошы?

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org