9 жнiўня 2020, Нядзеля, 8:46
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Народны карантын: Першы галоўны лекар у Беларусі заклікаў заставацца дома

189
Народны карантын: Першы галоўны лекар у Беларусі заклікаў заставацца дома
МАКСІМ АЧАРЭТНЫ

Кіраўнік дзіцячай клінічнай лякарні звярнуўся да суграмадзянаў.

Галоўны лекар 3-й Менскай гарадской дзіцячай клінічнай лякарні Максім Ачарэтны заклікаў беларусаў пераходзіць на народны карантын і заставацца дома.

«Я буду на працы. Будзьце, калі ласка, дома», – напісаў галоўны лекар у «Фэйсбуку». «Прашу падтрымкі для маіх калегаў, якія цяпер на працы, на пярэднім плане!» – дадаў медык.

Заклік першага галоўнага лекара ў нашай краіне да народнага карантыну выклікаў спачувальны водгук у беларусаў: літаральна за ноч паведамленне размесцілі ў сябе амаль 800 карыстальнікаў сацсетак.

Напярэдадні лідары беларускай апазіцыі і грамадскія дзеячы выступілі са зваротам да грамадзянаў Беларусі.

У звароце гаворыцца, што падчас глабальнай успышкі каранавірусу (COVID-19), самай небяспечнай пандэміі 21 стагоддзя, беларускія ўлады зрабілі ўсё, каб у Беларусі распаўсюджванне гэтай хваробы прыняло некантраляваны характар, пагражаючы смяротнай небяспекай усім без выключэння жыхарам нашай краіны.

Урад Беларусі прадэманстраваў сваю поўную няздольнасць ужыць адэкватныя захады для таго, каб супрацьстаяць імкліваму распаўсюджванню пандэміі. Улады звыкла змагаюцца з народам, а не з пандэміяй, пагражаючы людзям смяротнай небяспекай.

«Праводзіць сёння заняткі ў ВНУ і школах – гэта злачынства. Па ўсёй Еўропе навучальныя ўстановы закрытыя», – адзначылі лідары беларускай апазіцыі.

У гэтай сітуацыі грамадскія і палітычныя дзеячы Беларусі заклікалі ў перыяд з 23 сакавіка да 5 красавіка ўвесці Народны карантын, які ўключае наступныя захады:

– адмовіцца ад удзелу ў любых масавых мерапрыемствах;

– не адпраўляць дзяцей у яслі, дзіцячыя сады, школы ды іншыя навучальныя ўстановы;

– не наведваць універсітэты, патрабаваць ад кіраўніцтва навучальных установаў увядзення дыстанцыйнага навучання;

– пры магчымасці абмежаваць свае сацыяльныя кантакты да мінімуму. У многіх краінах апраўданым падчас карантыну з'яўляецца выхад з дому толькі ў харчовую краму ці аптэку;

– забяспечыць самаізаляцыю і выкананне санітарных правілаў, праводзіць дбайную дэзынфекцыю месцаў пражывання, асабліва інтэрнатаў.

Зварот з прапановай увесці Народны карантын падпісалі:

Уладзімір Някляеў, паэт, старшыня руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі»

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Сцяпан Святлоў (NEXTA), блогер

Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі

Мікола Статкевіч, старшыня партыі «Народная грамада»

Генадзь Фядыніч, Прафзвяз супрацоўнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП)

Юры Хашчавацкі, кінарэжысёр