8 красавiка 2020, Серада, 15:11
Заставайся дома!
Рубрыкі

Уладзімір Арлоў: Сёння трэба бараніць нашу незалежнасць любымі сродкамі

1
Уладзімір Арлоў: Сёння трэба бараніць нашу незалежнасць любымі сродкамі
Уладзімір Арлоў

Знакаміты пісьменнік павіншаваў беларусаў з Днём Волі.

25 сакавіка штогод адзначаецца Дзень Волі ў Беларусі. Разам з «Госцем Рацыі», пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым журналісты пагаварылі пра тое, з чаго пачалося святкаванне Дня Волі і якая будучыня ў гэтага слаўнага дня.

- Віншуем Вас з Днём Волі! Раскажыце, чыя была ідэя святкаваць Дзень Волі ў сучаснай Беларусі і які сцэнар закладаўся ў свята.

- Цярпер на гэтае пытанне адказаць вельмі цяжка. Я памятаю, як у першай палове 80-х гадоў атрымліваў бандэролі з кнігамі, у якіх знаходзіў паштоўкі, дзе былі віншаванні з Днём Незалежнасці. Адпраўлялі мне іх сябры і знаёмыя з легендарнай цяпер Беларускай спеўна-драматычнай майстроўні, а таксама пазней ужо з Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”.

І сярод тых, хто мяне так віншаваў, былі: Сяржук Сокалаў-Воюш, Анатоль Сыс. У розных формах атрымліваў тады віншаванні ад Алеся Бяляцкага, Адама Глобуса, Вінцука Вячоркі.

Але яшчэ ранней Дзень Незалежнасці 25 сакавіка ў сваім вузкім коле адзначалі ў апазіцыйным творчым асяродку “На Паддашку”, куды ўваходзілі Зянон Пазьняк, Яўген Кулік, Міхась Чарняўскі, Аляксей Марачкін, Лявон Баразна, Алесь Разанаў, Зміцер Санько, Міхась Раманюк – імёны, якія цяпер ведае ўся нацыянальна арыентаваная Беларусь. І гэтыя асобы, несумненна, мелі ўплыў і на “Майстроўню”, і на Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”.

Трэба сказаць, што сама назва – Дзень Волі – упершыню з’явілася ў 1990 годзе. Пад такой назвай выйшаў адмысловы нумар газеты “Свабода”. Ён выйшаў 50-тысячным накладам. Друкаваўся ў Латвіі. Цэлы грузавік гэтай газеты прывезлі на плошчу, і яны разляталіся проста як гарачыя піражкі. З таго часу і ўсталявалася і перамагла назва Дзень Волі. Хоць шмат хто лічыць, што Дзень Незалежнасці – гэта назва, якая больш адпавядае гістарычнай падзеі.

А Дзень Волі – гэта вобразная метафара. Тым не менш, у нашай свядомасці, у нашай гісторыі, ужо ў найноўшай, замацавалася назва Дзень Волі. Я ўпэўнены, што гэтая назва калісьці будзе ў дзяржаўным календары. І можа там гэтае свята будзе называцца сапраўды Днём Незалежнасці.

- Чаго Вам асабіста не хапае ў штогадовым святкаванні Дня Волі?

- Мне не хапае адзінства ў шэрагах арганізатараў святкавання. Мне не хапае крэатыву. Але найперш мне не хапае ў святкаванні Дня Волі самой ВОЛІ. Бо мы святкуем гэты дзень у несвабоднай краіне. На свеце больш за тры тысячы нацый і народнасцей. І толькі каля двухсот з іх здолелі стварыць свае дзяржавы. І мы, беларусы, здолелі. І нам зайздросцяць каталонцы, курды, прыхільнікі незалежнасці Шатландыі.

Незалежнасць – гэта наша найвялікшая каштоўнасць. Бо толькі ў сваёй дзяржаве нацыя здольная на ўсю поўніцу раскрыць свае магчымасці, таленты і тым самым зрабіць непаўторны ўнёсак у сусветную цывілізацыю.

Дарагія суайчыннікі! Сёння ў трывожны час такіх глабальных выклікаў мы павінны быць гатовыя бараніць нашу незалежнасць любымі сродкамі. Зычу вам незалежнасці ва ўсіх яе вымярэннях і ўвасабленнях і, вядома, будзьце здаровыя! Жыве нязгасны агонь нашага Дня Волі! Жыве Беларусь!