25 красавiка 2024, Чацвер, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Казлоў: Для Лукашэнкі гэта апошняе лета

92
Мікола Казлоў: Для Лукашэнкі гэта апошняе лета
ФОТА: SPRING96.ORG

Беларусы здолеюць пераламаць сітуацыю і мірна змяніць рэжым.

Шматтысячны Пікет салідарнасці прайшоў у Менску 18 чэрвеня. Людзі сталі ў жывы ланцуг на некалькі кіламетраў, акцыя доўжылася блізу сямі гадзінаў. На наступны дзень, 19 чэрвеня, на пікеты пратэсту і салідарнасці па ўсёй Беларусі выйшлі дзясяткі тысячаў чалавек.

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў быў адным з ініцыятараў правядзення пікетаў салідарнасці. Палітык адказаў на пытанні Charter97.org.

– Два дні запар у Беларусі адбывалася нешта неверагоднае. Чаму столькі людзей выйшла на вуліцы?

– Па-першае, людзей на пікеты салідарнасці прывяло абурэнне той несправядлівасцю, якую ўлада дазваляе сабе ў дачыненні да моцных канкурэнтаў. Гэта – абсалютная бессумленнасць, грэбаванне грамадскай думкай. Беларусы ўжо не будуць мірыцца з тым, што гэтая ўлада не ўспрымае іх як народ.

Па-другое, людзей мабілізавала тое, што адбылося з кандыдатамі, якім яны выказалі давер. Разумееце, цяпер беларусы думаюць інакш: людзі мяркуюць, што пасадзілі не проста Ціханоўскага або Бабарыку – гэта збольшага пасадзілі і іх саміх. У мяне такое склалася ўражанне: на вуліцу хлынула абурэнне саспелага ў палітычным сэнсе народа.

Звярну ўвагу, што акцыі пачыналіся з пікетаў для збору подпісаў, а потым прадоўжыліся аўтаномна. Гэта вельмі важна, што людзі выйшлі самі. Тое, што было ў гэтыя дні пасля 9-й гадзіны вечару – гэта ініцыятыва людзей, іх унутраная патрэба. Было відавочна, што іх ніхто спецыяльна не арганізоўваў.

Гэта была ўнутраная патрэба: выйсці і сказаць уладам, што мы не згодныя з тым бязладдзем, якое яны робяць, і мірыцца з ім не будзем. Гэта самае важнае: пратэсты не пайшлі праз вертыкаль, а спрацавалі гарызантальныя сувязі.

На акцыях салідарнасці было нават складана знайсці лідара. Людзі самаарганізоўваліся. І гэта выдатна.

– У 2010 годзе альтэрнатыўныя кандыдаты і лідары апазіцыі таксама апынуліся ў «амерыканцы», але тады народ не змог абараніць тых, за каго аддаў галасы. Што змянілася ў краіне з таго часу?

– Сітуацыя змянілася кардынальна. У 2010 годзе яшчэ не было гэтай крытычнай масы незадаволенасці, стомленасці ад улады і абурэння. Усё ж такі некаторую частку беларусаў тады задавальняла існае становішча рэчаў. Цяпер мы бачым, што захаваць «статус кво» ўжо немагчыма. Мы гэта адчуваем, заходзячы ў тралейбус, гуляючы па вуліцы, размаўляючы з зусім незнаёмымі людзьмі – няхай гэта будзе ў краме або ў таксі. Мы бачым, што гэта абурэнне і жаданне пераменаў матэрыялізуецца ў паветры. Яно зыходзіць ад кожнага чалавека.

У чацвер, 18 чэрвеня, на пікеце была толькі маленькая частка гэтых цудоўных, адважных, сумленных людзей. Паверце, гэта дзівосныя людзі. Я ішоў па тым пікеце, калі пайшоў дождж з градам, і яны, не хаваючыся, стаялі далей. Я прасіў іх проста схавацца і перачакаць, але яны адказвалі: не, яны там сядзяць у турме, ім цяжка – і мы пацерпім. Такіх людзей было шмат. Гэта кранала да слёзаў. Дзіўныя людзі...

– Лідары Еўразвязу выразна выказаліся ў падтрымку беларусаў-пратэстоўцаў і патрабавалі вызваліць палітвязняў. Як вы мяркуеце, якія захады ЕЗ ударылі б па уладах мацней за ўсё?

– Перш за ўсё, эканамічныя. Мне вельмі прыемна чуць, што Еўразвяз нарэшце ўспомніў пра каштоўнасці. Еўрапейскія каштоўнасці трэба ставіць на чале ўсяго.

Вельмі спадзяюся, што санкцыі будуць, па-першае, кропкавымі. Па-другое – асабістымі. Для Лукашэнкі і ягоных набліжаных важны іх асабісты дабрабыт. Мы бачым, што ён толькі для віду спрабуе паказаць сябе, як раней, старшынёй саўгаса, але на самай справе аброс раскошай. Мне здаецца, хутка мы атрымаем магчымасць паглядзець, як ён жыў. Віктару Януковічу тады будзе сорамна, што ён жыў параўнальна сціпла са сваімі залатымі батонамі і ўсім, што знайшлі ў ягоных рэзідэнцыях.

Таму такія важныя персанальныя і эканамічныя санкцыі. Трэба не даць магчымасці Лукашэнку браць грошы ў Еўразвязу і марнаваць іх на сваё меркаванне.

– Вы згадалі Януковіча. У гісторыі ягонага падзення эксперты звяртаюць увагу на шэраг памылак. Ці дзейнічае такі чыннік і супраць сённяшніх беларускіх уладаў?

– Безумоўна. Гэта відавочна. Першы званок быў, калі прынялі дэкрэт аб «дармаедах». Гэта была аплявуха кожнаму грамадзяніну, асабліва тым, хто трапіў у складаную сітуацыю, калі ўвогуле няма працы ў рэгіёне. Тады па ўсіх гарадах, вялікіх і маленькіх, выйшлі людзі. Самі. Яны не гатовыя былі з гэтым мірыцца.

І цяпер сваімі правакацыямі, сваёй рыторыкай, грэбаваннем да народа, неадэкватнымі дзеяннямі падчас пандэміі беларускі рэжым набліжае сваё падзенне.

Гэта вельмі характэрныя для Лукашэнкі паводзіны, яму абсалютна напляваць на беларускі народ. Таму ён кажа, што ў нас «няма каранавірусу», «нам не патрэбен карантын». У мяне складваецца ўражанне, што ён проста захацеў пазбавіцца ад пажылых і хворых людзей. У свой час у фашысцкай Нямеччыны гэтым займаліся ў 1930-я гады.

Паводзіны Лукашэнкі стала прычынай таго, што людзі ў дачыненні да яго цяпер адчуваюць. Беларусы больш не гатовыя з мірыцца з такім чалавекам ва ўладзе. Гэтыя кіпенне і абурэнне якраз патрапілі на гэты год, год выбараў. Я перакананы, што мы здолеем пераламаць сітуацыю і мірна змяніць рэжым. Калі на вуліцу выйдуць мільёны чалавек, ні адзін рэпрэсіўны апарат не ў стане будзе з імі справіцца. Лукашэнку давядзецца змірыцца і сысці.

Вы сказалі на пікеце салідарнасці, што Лукашэнка ўжо моцна напалоханы.

– Ён сапраўды напалоханы, таму і паводзіць сябе істэрычна. Ён кажа нейкія рэчы, якія не ўкладваюцца ў галаву нармальнаму чалавеку. Усе відавочныя правакацыі, затрыманні, фальсіфікацыі крымінальных справаў – вынік таго, што ён баіцца беларускага народа, баіцца страціць крэсла, расстацца са сваім гарэмам, рэзідэнцыямі, самалётамі.

Што тычыцца ягоных ахоўных сілавых структураў, то частка іх прыкормленая, стаіць побач з начоўкамі, чэрпае адтуль поўнай лыжкай. Напэўна, такія застануцца з ім да канца, таму што іх ужо звязваюць супольныя злачынствы. Давайце не забывацца, што побач з ім да гэтага часу ёсць людзі, якія датычныя да згубы палітыкаў, у тым ліку і з нашай Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Яны павязаныя з кімсьці крывёю, з кімсьці эканамічнымі махінацыямі.

Што тычыцца сярэдняга і ніжняга звяна сілавых структураў, то я з імі перыядычна стасуюся і ведаю іх рэальныя настроі. Пераважнай большасці з іх не падабаецца тое, што дзеецца. З аднаго боку, міліцыя паводзіць сябе брутальна, але я вам скажу, што гэта маленькая частка міліцыі, група падонкаў, якая робіць кар'еру на беззаконні. Пераважная частка міліцыі змагаецца са злачыннасцю, забяспечвае законнасць і выконвае свае абавязкі. Гэтая частка, а іх большасць, да нас далучыцца, як толькі ўбачыць, што беларусы сапраўды падняліся. У гэтым у мяне няма ніякіх сумневаў.

– Ужо не раз даводзілася чуць такую ацэнку: народ перамог ва ўлады першы бой, першы раўнд. Узнікае пытанне: што рабіць далей? Бо нават кандыдаты пратэсту і палітвязні пакуль яшчэ не вызваленыя.

– Трэба дзейнічаць з абставінаў. Вяртаючыся да тэмы салідарнасці з палітвязнямі, нагадаю: я выходзіў не толькі пасля арышту Віктара Бабарыкі, але і пасля арышту Сяргея Ціханоўскага. Тады я атрымаў свой штраф за «кармленне галубоў».

Я мяркую, што ў гэтай сітуацыі, пакуль ідзе гэтая выбарчая кампанія, ды і ўвогуле заўсёды, мы павінны быць салідарныя з усімі, каго такім пачварным чынам затрымліваюць, пазбаўляюць волі і магчымасці ўдзельнічаць у палітычным жыцці. Гэта вельмі важна. Мы павінны падтрымліваць гэтых людзей усімі спосабамі: на вуліцы, гутарачы, аб'ядноўваючыся нейкія інтэрнэт-супольнасці.

Але галоўнае: мы павінны не дапусціць таго, што цяпер рыхтуюць нам улады. А яны рыхтуюць чарговы тэрмін для Лукашэнкі. Мы проста не можам гэтага дазволіць.

У нас засталося ўсяго два месяцы, нават менш. Нам трэба проста адкласці нейкія паўсядзённыя справы і клопаты. Таму што гэтыя два месяцы вызначаюць наша будучае жыццё, лёс нашай краіны і кожнага чалавека асобна. Давайце мы паставім сабе адну мэту і гэтую ўладу памяняем.

Хай беларускі народ вызначыць, хто будзе ў яго прэзідэнтам, а не «пажылы салдат» Ярмошына. Усе гэтыя 26 гадоў менавіта яна вызначала, чаго нібыта «хоча выбарнік». Так што давайце ўжо пакладзем гэтаму канец.

Мы ў стане запатрабаваць, каб Лукашэнка сышоў, і зрабіць гэта мірна. Чым больш людзей выйдзе на акцыі пратэсту, тым гэта больш верагодна.

– Наколькі вялікія шанцы, што змена ўлады адбудзецца ўжо сёлета?

– Я абсалютна ў гэтым перакананы. Для Лукашэнкі гэта апошні год кіравання, апошняе лета. Усё, што звязана з уладай, для яго сканчаецца. Гэта захад Лукашэнкі. Нават не хачу думаць, што будзе 10 жніўня. Я ўпэўнены, што мы павінны праблему Лукашэнкі развязаць у перыяд выбарчай кампаніі. Мы не павінны нават думаць пра тое, каб адкласці гэта на восень.

Цяпер з'явілася самая што ні на ёсць легітымная магчымасць змены ўлады. Зараз, і сёння, і праз тыдзень, і 9 жніўня мы павінны сабрацца і развязаць гэтую праблему. Проста адкінуць усё асабістае і заняцца развязаннем гэтага пытання.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках