У Гомелі супрацоўніца банка шэсць гадоў падмяняла сапраўдныя еўра банкнотамі «банка прыколаў»
1- 13.08.2026, 15:40
- 1,874
Стала вядома, колькі яна паспела прысвоіць.
У Гомелі будуць судзіць 54-гадовую супрацоўніцу банка, якую абвінавачваюць у крадзяжы больш за 90 тысяч рублёў. На працягу шасці гадоў яна забірала наяўныя, а замест іх падкладала сувенірныя банкноты «банка прыколаў», падобныя на банкноты наміналам 500 еўра, паведамілі ў пракуратуры.
Жанчына працавала спецыялісткай па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг і са студзеня 2020 года па красавік 2026-га прысвойвала грошы проста на працоўным месцы ў аддзяленні банка.
«Замест сапраўдных грашовых банкнот яна падкладала банкноты «банка прыколаў», візуальна падобныя да банкнот наміналам 500 еўра, каб яе дзеянні не былі выкрытыя», — распавялі ў ведамстве.
Агульную суму выкрадзенага следства ацаніла ў 90,4 тысячы рублёў. Падчас расследавання жанчына часткова кампенсавала шкоду — вярнула 11,5 тысячы рублёў. Яе абвінавачваюць па ч. 4 арт. 211 КК (Прысваенне даверанай маёмасці ў асабліва буйным памеры).
Да суда жанчына застаецца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.