21 траўня 2024, aўторак, 2:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецыялісты высветлілі, калі каранавірус кажаноў стаў чалавечым

3
Спецыялісты высветлілі, калі каранавірус кажаноў стаў чалавечым
ФОТА: ISTOCK

Супольнае даследаванне правялі біёлагі з ЗША, Бельгіі, Вялікай Брытаніі і Кітая.

Эвалюцыйны аналіз генома новага каранавіруса SARS-CoV-2 паказаў, што ён аддзяліўся ад найбольш цесна звязаных з ім вірусаў кажаноў прыкладна 40–70 гадоў таму. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature Microbiology.

Біёлагі з ЗША, Бельгіі, Вялікай Брытаніі і Кітая пад кіраўніцтвам прафесара Дэвіда Робертсана (David Robertson) з Цэнтра вірусных даследаванняў Універсітэта Глазга прааналізавалі эвалюцыйную гісторыю SARS-CoV-2. Для гэтага яны выкарыстоўвалі геномныя звесткі пра сарбекавірусаў – прадстаўнікоў падроду каранавірусаў, якія выклікаюць цяжкі востры рэспіраторны сіндром, да якіх адносяцца ў тым ліку SARS-CoV і SARS-CoV-2.

Вядома, што каранавірусы паміж сабой актыўна рэкамбінуюць – абменьваюцца генетычным матэрыялам, і розныя геномныя субрэгіёны віруса могуць мець розных продкаў. Задача навукоўцаў заключалася ў тым, каб выявіць тыя вобласці віруса, якія не зазналі рэкамбінацыі і якія можна выкарыстоўваць для рэканструкцыі ягонай эвалюцыі.

У артыкуле паведамляецца, што найбольш блізкі да SARS-CoV-2 вірус кажана RaTG13. Супадзенні складаюць 96 адсоткаў генома, але ёсць і адрозненні. Атрыманыя аўтарамі звесткі паказваюць на тое, што лінія, якая спарадзіла SARS-CoV-2, магла цыркуляваць у кажаноў цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Падобны каранавірус Pangolin-2019 выявілі таксама ў пангаліна з кітайскай правінцыі Гуандун, таму аўтары разглядалі і гэты варыянт.

Вынікі кажуць, што RaTG13 і SARS-CoV-2 маюць агульную спадчынную лінію, генетычна адрозную на 95 адсоткаў ад роднасных сарбекавірусаў кажаноў, выяўленых у 1948, 1969 і 1982 гадах.

Пры гэтым рэцэптарзвязны дамен (RBD) бялку-шыпа віруса, які дазваляе яму выкарыстаць чалавечы рэцэптар ACE2 для пранікнення ў клеткі, генетычна больш падобны на вірус пангаліна, і аўтары не выявілі прыкметаў рэкамбінацыі паміж лініяй, якая вядзе да SARS-CoV-2 і іншым вядомым сарбекавірусам.

Грунтуючыся на гэтым адкрыцці, навукоўцы мяркуюць, што гэты бялок і яго RBD з'яўляюцца спадчыннай прыкметай лініі, якая вядзе да SARS-CoV-2, RaTG13 і Pangolin-2019, такім чынам, усе гэтыя вірусы мелі агульнага продка.

Нягледзячы на гэта, аўтары сцвярджаюць, што пангалін наўрад ці быў прамежкавым гаспадаром віруса і наўрад ці выконваў істотную ролю пры перадачы яго чалавеку. Спадчыннае становішча адаптаваных да чалавека кантактаў RBD каранавіруса SARS-CoV-2 паказвае на тое, што гэтая адаптацыя, хутчэй за ўсё, праходзіла ў кажаноў, але для адназначнай высновы, мяркуюць навукоўцы, патрэбныя дадатковыя даследаванні, якія базуюцца на больш шырокай выбарцы.

Аўтары адзначаюць, што існая разнастайнасць і дынамічны працэс рэкамбінацыі сярод клонаў сарбекавірусаў кажаноў дэманструюць, наколькі цяжка адназначна ідэнтыфікаваць заанозныя вірусы, здольныя выклікаць значныя ўспышкі сярод людзей, да іх з'яўлення, і падкрэсліваюць неабходнасць стварэння сістэмаў назірання за вірусамі ў рэальным часе. Гэта дазволіць своечасова выяўляць новыя патагены, якія выклікаюць хваробы чалавека, і класіфікаваць іх, мяркуюць навукоўцы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках