4 траўня 2024, Субота, 13:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Казека: Самалюбства беларусаў закранутае, народ пераможа

11
Мікалай Казека: Самалюбства беларусаў закранутае, народ пераможа
МІКАЛАЙ КАЗЕКА
ФОТА: KP.BY

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай у фрыстайле пракаментаваў масавыя акцыі пратэсту ў краіне.

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай у фрыстайле Мікалай Казека ніколі не хаваў, што раней падтрымліваў Лукашэнку. Праўда, апошнія падзеі ў краіне прымусілі трэнера трохі змяніць свае погляды. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю tribuna.com.

– Людзі выйшлі на вуліцы, каб сказаць сваё меркаванне з нагоды вынікаў выбараў, яны хацелі выказаць сваю незадаволенасць. Людзі выходзілі на мірныя акцыі. Але, шчыра, я не чакаў, што ў дачыненні да грамадзянаў адбудзецца такая жорсткая рэакцыя. Балюча.

Зразумейце, праверыць, разабрацца ва ўсёй несправядлівасці [выбараў] быў час, была магчымасць, але другі бок надумаў проста задушыць пратэсты – гэта няправільна, гэта не па-людску. Не ў нашай краіне так паступаць. Тым больш пратэсты людзей, як цяпер высвятляецца, мелі пад сабой рэальныя падставы. Бо мы бачым, што на выбарах былі падробкі.

Гэта ні ў якія рамкі не лезе. Як могуць дзейнічаць падобным чынам тыя, хто, у сутнасці, павінен аберагаць народ? Мне здаецца, ім паступіў нейкі сігнал, можа, яны думалі, што крыху паб'юць, усё пройдзе як звычайна і сітуацыя супакоіцца...

Шчыра, не магу зразумець. У любым выпадку такія дзеянні сілавікоў выклікалі адваротную рэакцыю – шквал абурэнняў. Добра, калі адзін чалавек, два абурацца, але мы ж бачым, колькі людзей выходзіць на вуліцы. Вы ўспомніце, колькі іх было на стэле.

Мікалай Іванавіч упэўнены: беларусы за перамены і хочуць, каб іх пачулі.

– Час указанняў і пастановаў нейкіх з'ездаў даўно прайшоў. Цяпер трэба людзей пераконваць, гутарыць з імі. Каханне вельмі лёгка страціць, а вярнуць яго потым практычна немагчыма.

Дарэчы, я быў на мітынгу ў Менску на пачатку 90-х, які праходзіў на плошчы Незалежнасці. І тады на вуліцы выйшла рэальна вельмі шмат людзей, уся плошча была забітая. І цяпер адбываецца нешта падобнае, эмацыйны парыў. Людзі перасталі баяцца, яны пачалі гаварыць тое, што на самай справе думаюць.

І яшчэ. Упэўнены, калі б сілавікі не пачалі жорсткімі метадамі душыць акцыі, затрымліваць людзей, то сітуацыя развівалася б зусім паводле іншага сцэнара. Можа, нейкіх адмарозкаў прыгналі ў шэрагі АМАПу? Але тады іх павінна быць адзін-два-тры. Аднак мы бачым, што такіх людзей было значна больш.

Калі цябе навучылі, як абараняцца, як страляць, то гэта ж усё трэба ўжываць не ў дачыненні да мірных грамадзянаў! Проста неадэкватныя паводзіны. І выбачэннямі ўлады не абыдуцца. Абавязкова трэба правесці расследаванне, выразна і ясна высветліць, хто аддаваў загады, хто іх выконваў. І гэтых людзей пакараць. Я ўпэўнены, што ўсё раскрыецца, усё высветліцца, шыла ў мяшку не схаваеш.

Казека выказаў здагадку, што «пасля сілавога развязання праблемаў нават тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, цяпер наўрад ці аддадуць за яго свае галасы».

Мікалай Іванавіч таксама падзяліўся ўражаннямі ад убачанага каля стэлы ў мінулую нядзелю.

– Я атрымаў каласальны энэргетычны запас. Сам туды не хадзіў, але ехаў міма на машыне, убачыў, што вады не хапала, усё ж горача было. Набраў у багажнік вады, выставіў яе на ходніках. Два разы так зрабіў. І кожны раз пераконваўся, наколькі ўсё прыемна, светла, як усё добразычліва.

Ён упэўнены, што народ у выніку пераможа.

– Пытанне толькі ў тым, колькі на гэта трэба часу і сілаў. Сто адсоткаў упэўнены, што як было раней, ужо дакладна не будзе. Я казаў гэта перад выбарамі, калі даваў інтэрв'ю, кажу і цяпер. Так, як было раней, быць не можа. Пайшлі пратэставыя з'явы, людзі выказваюцца. Самалюбства беларусаў закранутае.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках