10 траўня 2024, Пятніца, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Несуцяшальныя вынікі лукашэнкаўскай пяцігодкі

3
Несуцяшальныя вынікі лукашэнкаўскай пяцігодкі

Паказнікі развіцця беларускіх прадпрыемстваў не выклікаюць аптымізму.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі традыцыйна прынята падводзіць вынікі пяцігодкі. У дасягненнях беларускай эканомікі апошняй пяцігодкі ў Гомельскай вобласці разбіраўся «Флагшток».

Для аб'ектыўнасці параўнання ў якасці адпраўной кропкі аналізу выкарыстоўваліся звесткі 2019 года, калі яшчэ не было негатыўнага ўплыву на сусветную эканоміку пандэміі COVID-19.

Галоўным і ў сутнасці адзіным дасягненнем апошняй пяцігодкі з'яўляецца рост заробку. Намінальны налічаны сярэднямесячны заробак працаўнікоў Гомельскай вобласці, пры пераліку ў даляры ЗША паводле курсу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, у 2019 годзе склаў 462 USD. У параўнанні з 2015 годам паказнік вырас на 21%. Пенсіі гамяльчанаў у сярэднім выраслі на 33% і склалі 207 USD. Гэта можна было б разглядаць як дасягненне беларускіх уладаў, калі б не той факт, што яшчэ ў 2014 годзе гэтыя паказнікі былі вышэйшымі.

Адчуць павелічэнне заробкаў дадзена не ўсім. Звязана гэта ў тым ліку і з тым, што за апошнія пяць гадоў колькасць занятага ў эканоміцы насельніцтва скарацілася больш чым на 30 тысячаў чалавек, або 5%.

Паказнікі развіцця беларускіх прадпрыемстваў не выклікаюць аптымізму. За чатыры гады велічыня валавога рэгіянальнага прадукту практычна не змянілася. Прыкметны рост назіраецца толькі ў прамысловасці, прадукцыя якой павялічылася на 5,7%. Пры гэтым прадукцыя сельскай гаспадаркі, дзе немагчыма працаваць «на склад», скарацілася на 3,5%. Яшчэ больш скараціўся грузаабарот – на 11%. Для рэгіёну гэта важны паказнік, паколькі ў яго ўключаецца транспартаванне нафты і газу.

Асобна варта адзначыць істотнае скарачэнне інвестыцый у асноўны капітал. Гэты факт сведчыць, што прадпрыемствы менш укладваюцца ў сваё развіццё, тым самым «праядаючы» назапашаны патэнцыял мінулых гадоў.

Такім чынам, другія выбары запар вынікі пяцігодкі можна прызнаць несуцяшальнымі. Калі ў 2015 годзе крах звязвалі з ваенным канфліктам ва Украіне, то ў 2020 годзе стала ясна, што праблемы беларускай эканомікі носяць сістэмны характар. Адштурхваючыся ад такіх фактычных вынікаў і беручы да ўвагі знешні шок, выкліканы пандэміяй COVID-19, планаваць паспяховае развіццё ў найбліжэйшай пяцігодцы без карэнных зменаў у эканоміцы бескарысна.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках