«Еўрапейская Беларусь» падтрымала ініцыятыву тэлеграм-каналаў пра дзеянні грамадзянаў 9–10 жніўня
16- 8.08.2020, 8:17
- 64,254
Мы сёння не проста ў большасці, нас 97%.
У Беларусі ўсё гучней гучыць патрабаванне «Пераменаў!».
За няпоўны месяц палітычнай кампаніі ў сувязі з «выбарамі» народ ясна даў зразумець, што не жадае больш мірыцца з Лукашэнкам, трываць ягоныя выхадкі, паведамляе сайт грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Сотні тысячаў беларусаў па ўсёй краіне выходзілі і выходзяць на вуліцы, каб выказаць сваю салідарнасць са Святланай Ціханоўскай, запатрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзення сумленных выбараў.
Беспрэцэдэнтная народная кампанія нікога не пакідае абыякавым, ні ў Беларусі, ні за яе межамі. На беларусаў увесь свет сёння глядзіць з захапленнем. Да новай Беларусі засталося ўсяго некалькі крокаў, якія трэба будзе зрабіць нам усім разам.
Сцэнар уладаў у фальсіфікацыі выбараў добра вядомы, з ім ніяк нельга згаджацца.
Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» падтрымлівае распаўсюджаную па тэлеграм-каналах народную ініцыятыву пра масавы выхад на галоўныя вуліцы нашых гарадоў у дзень галасавання і ў наступныя дні.
Шматлікія мірныя акцыі, якімі славіліся беларусы і якія ў апошні дні набылі новыя формы і маштабы, дэманструюць нашу салідарнасць і жаданне жыць у нармальнай краіне.
У дзень галасавання, 9 жніўня, «Еўрапейская Беларусь» заклікае грамадзянаў збірацца каля выбарчых участкаў у цэнтральных раёнах гарадоў да часу іх закрыцця а 20-й для падвядзення вынікаў незалежных падлікаў галасоў (платформа «Голас» і іншыя).
На наступны дзень, у панядзелак, 10 жніўня, ужо з раніцы неабходна будзе рэагаваць на заявы ўладаў. Калі прызнаюць паразу, то мільёны беларусаў выйдуць на святочнае шэсце. Калі будуць хлусіць, то мільёны беларусаў іх спакойна аспрэчаць праз усебеларускі страйк і штодзённыя дэманстрацыі пратэсту ва ўсіх беларускіх гарадах з 19-й.
Мы сёння не проста ў большасці, нас 97%.
Нам усім дадзены рэальны шанец пабудаваць нашу Краіну для Жыцця.
Жыве Беларусь!