15 траўня 2024, Серада, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Оксфардскі ўніверсітэт аднавіў выпрабаванні вакцыны ад каранавіруса

Оксфардскі ўніверсітэт аднавіў выпрабаванні вакцыны ад каранавіруса

Клінічныя выпрабаванні былі перапыненыя праз хваробу аднаго з удзельнікаў даследавання.

Оксфардскі ўніверсітэт і фармацэўтычная кампанія AstraZeneca аднавілі клінічныя выпрабаванні вакцыны ад Covid-19, перарваныя на гэтым тыдні праз хваробу аднаго з удзельнікаў даследавання, паведамляе ВВС.

У аўторак распрацоўшчыкі вакцыны паведамілі, што клінічныя выпрабаванні прыпыненыя праз «патэнцыйна невытлумачальнае захворванне», выяўленае ў аднаго з добраахвотнікаў.

Аднак зараз Оксфардскі ўніверсітэт і AstraZeneca кажуць, што незалежныя органы, якія адказваюць за бяспеку даследавання, разгледзелі гэты выпадак і наважылі, што вакцынацыя валанцёраў можа быць працягнутая.

«Падчас падобных маштабных выпрабаванняў некаторыя ўдзельнікі могуць захварэць - і кожны такі выпадак неабходна старанна ацэньваць, каб адсачыць поўнае выкананне мер бяспекі, - гаворыцца ў паведамленні Оксфардскага ўніверсітэта. - Незалежны працэс ацэнкі завершаны - і ў адпаведнасці з рэкамендацыямі незалежнай камісіі бяспекі і брытанскага рэгулятара... выпрабаванні ў Вялікабрытаніі будуць працягнутыя».

Пра тое, чым менавіта захварэў ўдзельнік даследавання, афіцыйна не паведамляецца.

Аднак паводле звестак New York Times, у пацыента быў знойдзены папярочны міэліт - даволі рэдкае запаленчае захворванне спіннога мозгу, якое часта выклікаюць вірусныя інфекцыі. Раней журналісты паведамлялі са спасылкай на лекараў, што гэты ўдзельнік даследаванняў павінен ачуняць.

«Галоўнае - бяспека»

Як перадае Франс-прэс, 31 жніўня AstraZeneca пачала набіраць для ўдзелу ў клінічных выпрабаваннях 30 тысяч добраахвотнікаў у ЗША, не гэткія шматлікія групы валанцёраў пачалі атрымліваць прэпарат у Вялікабрытаніі, Бразіліі і Паўднёвай Афрыцы. Плануецца таксама правесці выпрабаванні ў Расеі і Японіі.

Навукоўцы з Кембрыджскага ўніверсітэта Шарлот Самэрс сказала Франс-прэс, што навукоўцы з Оксфарда прадэманстравалі жаданне «зрабіць бяспеку галоўнай у сваёй праграме даследаванняў».

«Каб пераадолець пандэмію Covid-19, нам неабходна распрацаваць вакцыны і тэрапіі, якія людзі будуць лічыць бяспечнымі для выкарыстання. Таму вельмі важна захоўваць веру грамадства ў тое, што мы кіруемся толькі навуковымі сведчаннямі і не робім вывадаў да таго, як атрымаем інфармацыю», - кажа экспэрт.

Распрацоўка вакцыны ад каранавіруса вядзецца ў многіх краінах. Як нядаўна паведаміла Сусветная арганізацыя аховы здароўя, зараз праходзяць выпрабаванні амаль 180 варыянтаў вакцыны.

Калі будзе вакцына?

На гэтым тыдні дзевяць найбуйнейшых фармацэўтычных кампаній свету, у тым ліку AstraZeneca, падпісалі сумеснае абяцанне не спяшацца з выпускам вакцыны, але забяспечыць правядзенне ўсіх неабходных працэдур, каб зрабіць яе бяспечнай. Разам гэтыя фірмы распрацавалі больш за 70 вакцын ад Covid-19.

СААЗ уважае, што нават калі вакцына будзе паспяхова распрацаваная, яна павінна будзе цалкам прайсці тэставанне і наўрад ці будзе адобрана сёлета.

Вакцына Оксфардскага ўніверсітэта і AstraZeneca - у ліку найбольш перспектыўных, яна паспяхова прайшла дзве стадыі клінічных выпрабаванняў з трох. Пра намер вырабляць гэты прэпарат у ліпені таксама заяўляла расейская кампанія Р-фарм.

AstraZeneca абяцае вырабіць блізу трох мільярдаў доз сваёй вакцыны ва ўсім свеце - гэта найбольш амбіцыйны план сярод усіх фармацэўтычных кампаній.

На завяршальнай стадыі выпрабаванняў таксама знаходзяцца дзве іншыя вакцыны ў ЗША: адну з іх вырабляе кампанія Moderna, а другую распрацоўваюць Pfizer сумесна з нямецкай BioNTech.

Некаторыя палітычныя фігуры, у тым ліку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, абяцаюць, што вакцына будзе гатова да ўжывання ў найбліжэйшыя месяцы.

Як паведамляе Франс-прэс, AstraZeneca спадзяецца, што вакцына можа быць гатовая «да канца гэтага года або да пачатку наступнага». Аднак Оксфардскі ўніверсітэт не выключае, што прэпарат не будзе выкарыстоўвацца да 2022 года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках