27 кастрычнiка 2020, aўторак, 21:52
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-трэнер брамнікаў «Дынама-Брэст»: Адбылося яднанне краіны, народа

Экс-трэнер брамнікаў «Дынама-Брэст»: Адбылося яднанне краіны, народа
ВАСІЛЬ ХАМУТОЎСКІ
ФОТА: ФК «ДЫНАМА-БРЭСТ»

Беларусы паказалі свой характар.

Былы трэнер брамнікаў берасцейскага «Дынама» Васіль Хамутоўскі асудзіў жорсткасць сілавікоў і гвалт у дачыненні да мірных грамадзян. Як распавёў Васіль у інтэрв'ю YouTube-канале «Жыццё-маліна», ён усё бачыў на свае вочы, піша «Брестская газета».

«9 жніўня я быў у Берасці. Я жыву ў цэнтры, дзе стаіць помнік 1000-годдзя. І проста каля майго дома лёталі светлашумавыя гранаты. Я выйшаў з пад'езду, хоць можна было проста адкрыць акно, каб паглядзець, што адбываецца. Стаў ля аркі свайго дома (такіх, як я, цікаўных, была яшчэ палова дома) і глядзеў, што рабілася на скрыжаванні вуліц Гогаля і Савецкай. Бачыў, што ў людзей кідалі светлашумавыя гранаты, людзей хапалі, запіхвалі - нават не ў аўтазакі, а ў мікрабусікі, яшчэ з нумарамі. Пакавалі проста за тое, што яны выйшлі. І я асабіста быў сведкам гэтага», - узгадвае экс-трэнер.

Аднак, кажа Хамутоўскі, страшна яму не было.

«Я проста стаяў і пытаўся ў сябе, навошта яны так паступаюць з людзьмі, у якіх няма ў руках зброі - толькі бел-чырвона-белыя сцягі. Пры гэтым людзі паказалі свой характар: як бы іх не правакавалі - яны не адказвалі сілай», - распавёў Васіль.

Ён адзначыў, што пасля 9-10 жніўня краіна кансалідаваліся, падзеі, якія адбыліся, падштурхнулі тых, хто ніколі раней не цікавіўся палітыкай, аб'яднацца.

«Адбылося яднанне краіны, народа. Хто б што ні гаварыў пра лялькаводаў і маніпулятараў, я не пагаджуся. Вядома, ёсць тыя, што не падтрымліваюць. Гэта нармальна. Але я бачыў людзей, [якія выходзяць]. Як быццам усплыла генетычная памяць - як кажуць, гены пальцам не раздушыць», - рэзюмаваў Васіль.

Хамутоўскі таксама распавёў, што ягоны бацька - былы міліцыянер, ды і сам ён марыў калісьці паступіць у Акадэмію міліцыі пасля заканчэння школы. Але гэтую мару забілі. І, калі б была такая магчымасць, ён бы сказаў кіраўніку МУС Юрыю Караеву, што «міліцыя павінна абараняць свой народ, а не выконваць злачынныя загады».

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».