19 сакавiка 2024, aўторак, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стратэгію зацвердзіў народ

17
Стратэгію зацвердзіў народ
Андрэй Саннікаў

Адстаўка тырана і новыя выбары.

Апошняя справа ў палітыцы дазваляць апаненту навязваць свой парадак дня, свае планы, свой сцэнар развіцця падзей.

Гэта азы палітычнай барацьбы.

Такая сітуацыя азначае непазбежную паразу ў кожным палітычным асяродку, нават самым камфортным, які рэгулюецца законамі.

Калі ж гаворка ідзе пра барацьбу з тыраніяй, то такая памылка вядзе да катастрафічных наступстваў, турмы і гібелі людзей.

Чаму ж сёння тыя, хто ўзяў на сябе адказнасць выступаць ад імя беларускага народа, так імкліва пайшлі гэтым самым пройгрышным шляхам? У мяне няма пэўных тлумачэнняў.

Мяркуйце самі.

Дыктатар абвяшчае, што хоча зноў перапісаць пад сябе канстытуцыю - тут жа ў штабе Ціханоўскай пішуць канстытуцыю. Для чаго? Ужо ж прыйшлі да грамадскага кансэнсусу, што новыя выбары варта праводзіць паводле Канстытуцыі 1994 года.

Калі дазволіць Лукашэнку застацца ва ўладзе, то канстытуцыю ён памяняе, як яму ўздумаецца, якія б альтэрнатыўныя праекты ні існавалі.

Дыктатар абвяшчае аб правядзенні свайго збору, абсалютна незаконнай сходкі "глухіх зычных" - і тут жа пачынае кіпець праца для арганізацыі альтэрнатыўных мерапрыемстваў.

Нежаданне думаць ці непаразуменне? Не ведаю, шчыра кажучы.

Тыран абвяшчае аб правядзенні рэферэндуму, сваёй улюбёнай цацкі, з дапамогай якой ён ўзурпаваў уладу і стаў дыктатарам, - і зноў у штабе Ціханоўскай, быццам здзекуючыся са здаровага сэнсу, кажуць пра нейкі народны рэферэндум.

Усе лукашэнкаўскія прадказальныя крокі тут жа падхопліваюцца і ад імя апазіцыі прапануюцца нейкія альтэрнатывы, карыкатурныя і слабыя, але імітуюць менавіта сцэнар дыктатара. Такім чынам альтэрнатыва на словах ператвараецца ў мерапрыемства, легітымізуе лукашэнкаўскія незаконныя спробы ўтрымання ўлады.

Калі Лукашэнку дазволіць застацца ва ўладзе, хто зможа рэалізаваць свой план: дыктатар ці апазіцыя? Пытанне рытарычнае.

Прапанаваныя захады супрацьстаяння лукашэнкаўскім планам не маюць ніякага дачынення ні да закона і яго выканання, ні да барацьбы з рэжымам. Да таго ж, збольшага носяць віртуальны характар.

Цынічная сітуацыя атрымліваецца: у віртуальнай прасторы будзе рабіцца імітацыя палітыкі, а ў офлайнавым свеце Лукашэнка, якому віртуальная валтузня толькі на руку, будзе збіваць, катаваць і забіваць мірных грамадзян.

Не хочацца думаць пра злы намер, але прапанаваныя захады цалкам змяняюць першапачатковую стратэгію апазіцыі, яе два галоўныя пункты - адстаўка Лукашэнкі і новыя выбары, - не кажучы ўжо аб вызваленні ўсіх палітвязняў.

Як дапамогуць дабіцца адстаўкі і выбараў альтэрнатыўны віртуальны "сход", праект канстытуцыі (які, запэўніваю вас, сёння нікому не цікавы), і невыразны рэферэндум? Пытанне не рытарычнае. Адказ - ніяк!

За Святлану Ціханоўскую галасавала пераважная большасць выбарцаў, як за адзіную на той момант альтэрнатыву. Галасавалі таму, што была яснасць пазіцыі: адстаўка тырана і новыя выбары ў самыя кароткія тэрміны.

Гэтыя пункты і складаюць сёння народную стратэгію супраціву. Ніякім лідарам, рэальным ці самапрызначаным, не дазволена яе мяняць.

Рэальным лідарам сёння стаў пратэстны народ Беларусі, і абавязак усіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў усімі сіламі і ўсімі даступнымі сродкамі дапамагчы пратэстам дасягнуць мэты.

Што для гэтага трэба?

Па-першае, жорсткія санкцыі супраць рэжыму, у тым ліку фінансавыя, эканамічныя, гандлёвыя і спартыўныя. У гэтым пытанні трэба менш папярэдняй траскатні і больш рэальнай працы. Патрэбны адзіны голас усіх сіл апазіцыі, рэальнай апазіцыі, у пытанні аб санкцыях. Нельга дапускаць, каб рознага кшталту "адбельвальнікі" ўплывалі на гэтыя пытанні, як было раней. Хаця нават пры актыўным супраціве "адбельвальнікаў" у 2011-2012 годзе санкцыі былі мацнейшымі, чым цяпер. Сёння ёсць Акт Магніцкага і яго аналаг ў Еўразвязе, які дазваляе аператыўна ўводзіць санкцыйныя спісы. Гэтым трэба тэрмінова скарыстацца ў поўнай меры.

Па-другое, падрыхтоўка і пачатак некалькіх працэдур прыцягнення да крымінальнай адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці ў асобных краінах і ў міжнародных арганізацыях.

Па-трэцяе, рэальная, а не прапагандысцкая камунікацыя з сілавікамі і чыноўнікамі. Прапанова грошай узамен на "чыстасардэчнае прызнанне" у злачынствах - амаральная, абражае пратэстоўцаў і дапамагае карнікам. Трэба дапамагчы тым, хто прыняў пастанову перайсці на бок народа, уключыцца ў актыўныя пратэсты.

Па-чацвёртае, працяг намаганняў у арганізацыі агульнанацыянальнага страйку і дапамогі страйкоўцаў.

Па-пятае, узмацненне ціску беларускай дыяспары на палітыкаў у сваіх краінах з патрабаваннем забяспечыць жорсткую палітычную лінію ў дачыненні да дыктатуры Лукашэнкі, неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян, правесці міжнароднае расследаванне злачынстваў рэжыму супраць чалавечнасці.

Беларусі сёння неабходны грамадскі локдаўн, пра які казаў Зміцер Бандарэнка. Трэба ратаваць паджылых людзей, трэба ізноў наладзіць дапамогу лекарам, перастаць хадзіць па рэстарацыях і кавярнях, абмежаваць свае дзеянні, не пускаць сваіх дзяцей у школы, спыніць хадзіць ва ўніверсітэты. Грамадства павінна проста паўтараць, капіяваць дзеянні краін-суседзяў, краін Еўрапейскага Звязу ў барацьбе з распаўсюджваннем эпідэміі кавіда, асабліва ў сувязі з тым, што з'явіўся новы небяспечны штам, які ідзе з Брытаніі.

Як часта мы чуем заклікі "Трэба ўсім аб'яднацца!". Гэтак жа часта мы пераконваемся, што такія заклікі робяцца "для прыгажосці" і не маюць пад сабой нават намёку на рэальнае аб'яднанне.

Дык вось, сёння для ўсіх адкрылася магчымасць аб'яднацца з народам, дапамагчы рэалізаваць народную стратэгію: адстаўка тырана і новыя выбары!

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках