2 траўня 2024, Чацвер, 0:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі палітолаг: Рэжым Лукашэнкі страляе сабе ў нагу

4
Літоўскі палітолаг: Рэжым Лукашэнкі страляе сабе ў нагу
ВІЦІС ЮРКОНІС
ФОТА: J. STACEVIČIAUS/LRT

На чалавечым узроўні беларусы вельмі натхнілі літоўцаў.

Праз палітычны крызіс у Беларусі многія беларусы былі вымушаныя пакінуць краіну. Тысячы з іх асталяваліся ў суседняй Літве.

Чаму Літва надае такую падтрымку беларусам, як да наплыву грамадзян з Беларусі ставяцца літоўцы і якімі будуць дачыненні паміж краінамі - пра гэта Deutsche Welle паразмаўляла з літоўскім палітолагам, кіраўніком літоўскага офіса Freedom House Віцісам Юрконісам.

- Вас нават называюць "хросным бацькам беларусаў у Літве". Як вы да гэтага ставіцеся?

- Думаю, гэта перабольшанне (смяецца. - Рэд.). Я б сябе хутчэй назваў даўнім сябрам дэмакратычнай Беларусі. Вядома, я імкнуся дапамагаць беларусам.

Многія думаюць, што беларуская сітуацыя пачалася з лета 2020 года, але гэта не так. Я сам ужо даўно працую з Беларуссю, дзесьці з 2004 года. За гэты час мне даводзілася ўзаемадзейнічаць з журналістамі, праваабаронцамі, з экспэртнай супольнасцю, я нават быў часткай працэсу рэлакацыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Таму, я шчыльна звязаны з тэмай Беларусі, і адзін з асноўных экспэртаў у Літве, хто каментуе падзеі.

Часам я адчуваю сябе ветэранам гэтай тэмы. Тыя, хто прыйшлі нават у 2015 годзе, яны ў маіх вачах умоўна новенькія - яны не бачылі падзей 2010 года, 2006 года. Гэта вельмі важна, пытанне інстытуцыйнай памяці вельмі актуальнае. У нейкай меры тыя эпізоды, якія цяпер адбываюцца з палітвязнямі і з магчымым гандлем, мы ўжо бачылі. І гэтую гісторыю важна ведаць, каб не паўтараць тыя памылкі, якія былі раней.

- У вас ёсць звесткі аб колькасці беларусаў, якія эмігравалі ў Літву за апошні год?

- Мы можам адназначна казаць пра тысячы людзей, прычым цалкам розных. Ад журналістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія былі бачныя і працавалі заўсёды, да тых, хто проста выйшаў на плошчу і выказваў сваю незадаволенасць уладамі толькі ўлетку 2020 года. Акрамя таго, IT-сектар масава пераехаў, да нас прыехала не адна кампанія.

З афіцыйных звестак, мы можам убачыць, колькі было выдадзена гуманітарных віз, колькі выехалі праз "гуманітарны калідор", пакуль беларускі бок яго не закрыў. Я быў бы не здзіўлены лічбе як мінімум на 10 тысяч. Гэта беларусы, якія за апошні год прыбылі ў Літву.

Але калі казаць пра агульную колькасць, я думаю, гэта больш чым 100 тысяч беларусаў, якія з'ехалі з краіны. Гэта людзі з заводаў, рабочая сіла, крэатыўная сфера, дзеячы культуры, спартоўцы: праграмісты, прадпрымальнікі. Гэта вялікая страта для самой Беларусі. Беларускі рэжым страляе сабе ў нагу, яны думаюць, што стабілізуюць сітуацыю, але гэтым робяць дзяржаву няўстойлівай. Беларуская эканоміка і без таго была недасканалай, а калі асноўныя людзі з'язджаюць, то ўсё, на што можна разлічваць уладам, - субсідыі Крамля. Сённяшнія дзеянні рэжыму забіваюць ініцыятыву і жаданне думаць пра будучыню Беларусі.

- Як літоўцы ставяцца да таго, што ў краіне стала шмат беларусаў і ўрад іх падтрымлівае?

- Пра праблемы я не чуў, агулам усё вельмі прыязна. Літоўскі ўрад прыняў шэраг змяненняў у плане нацыянальнай візы, спрошчанага ДНЖ, шмат робіцца для таго, каб беларусам было прасцей адаптавацца.

На чалавечым узроўні беларусы вельмі натхнілі літоўцаў - мала хто чакаў такога ўзроўню салідарнасці падчас Балтыйскага шляху, калі дзясяткі тысяч грамадзян выйшлі і зрабілі жывы ланцуг да мяжы з Беларуссю. Бізнэс дапамагае, наймаючы беларусаў, у нас даюць стыпендыі для студэнтаў, дзеячы культуры робяць канцэрты. Падтрымка вельмі розная і яна адчувальная.

Так, беларусаў прыехала шмат і гэта адчуваецца - у Вільні вельмі прыкметна вырасла расейскае- і нават беларускамоўнае насельніцтва. Магчыма, часткова праз беларусаў моцна выраслі кошты нерухомасці. Для маленькай Вільні 10 тысяч - гэта адчувальна, але калі людзі працуюць, плацяць падаткі, то гэта толькі ў плюс, а не ў мінус для нас.

- Чаму Літва так падтрымлівае дэмакратычны рух у Беларусі?

- Тут шмат чыннікаў. Гэтая гісторыя пачалася не ў 2020 годзе, грамадзянская супольнасць даволі актыўна працавала ў Літве, было шмат сувязяў. Акрамя таго, да пандэміі была вялікая плынь беларусаў, якія проста прыязджала на каву, шопінг або паглядзець на Вільню, дзе ёсць частка беларускай культуры. Таму на чалавечым узроўні ўжо былі моцныя сувязі.

Але галоўнае - палітычная воля. У Літве вельмі добра разумеюць, наколькі важная тэма свабоды, дэмакратыі і прававой дзяржавы, міжнароднага права. Ёсць пэўная сентыментальнасць ў дачыненні да Беларусі, і гэта толькі умацоўвае чалавечыя стасункі, якія былі нягледзячы на тое, што на дзяржаўным узроўні было па-іншаму. І нягледзячы на змену ва ўладзе Літве, у нас ужо былі выбары, нічога не змянілася. Падтрымка дэмакратычнай Беларусі - гэта не пытанне адной партыі ці аднаго палітыка.

Вядома, беларуская прапаганда спрабуе гуляць на расколінах і ўносіць разлад. Учора гэта была Астравецкая АЭС, сёння выкарыстоўваюць мігрантаў, заўтра - бог ведае што яшчэ. Яны кажуць, што мы ўмешваемся ва ўнутраныя справы, але як? Тым, што гаворым, што беларускія грамадзяне павінны мець права выбару? Гэта трызненне, мы не можам уплываць на ўнутраны парадак дня ў Беларусі, але можам намагаць на дэмакратычных каштоўнасцях і казаць, што катаванні недапушчальныя, палітвязняў быць не павінна, выбары павінны праходзіць паводле стандарту.

- Як вы бачыце ў далейшым развіццё стасункаў паміж краінамі?

- Мы хочам стабільнай Беларусі, з якой можна развіваць двухбаковыя стасункі. Было і раней шмат ідэй наконт супрацоўніцтва, але заўсёды перашкаджаў недавер. Зараз мы разумеем чаму: калі хтосьці да 2020 года думаў пра нібыта ваганні Беларусі паміж ЕЗ і Расеяй, то цяпер адназначна ў беларускага рэжыму ўсё завязана на крамлёўскія субсідыі, бо так прасцей. Наіўнасці з нагоды беларускага рэжыму стала меншая.

Вядома, і цяпер, нягледзячы на ўсю сітуацыю, ёсць пэўная камунікацыя ў некаторых пытаннях. Але трэба разумець, што гэта не толькі пытанне Літвы, гэта пытанне міжнароднай супольнасці і рэгіянальнай бяспекі - прыклад з самалётам Рамана Пратасевіча і мігрантамі гэта відавочна дэманструюць. Беларусь - гэта лакмусавая папера ўсёй замежнай палітыкі ЕЗ. Калі мы не можам трымаць планку наконт каштоўнаснага парадку дня, дэмакратыі стандартаў прававой дзяржавы ў Беларусі, то што мы можам зрабіць з Расеяй, Турцыяй, Кітаем. І гэта ўсведамленне патроху прыходзіць, мы бачым, што санкцыі становяцца больш жорсткім.

А ўвогуле, я бачу вялікі патэнцыял двухбаковых стасункаў. Тое, што здарылася ў 2020 годзе, - гэта ўклад у будучыню. Я ўпэўнены, што будзе шмат супольных праектаў, стартапаў, той жа цягнік хуткасны Менск-Вільня, і наша сяброўства будзе ўмацоўвацца. Калі б такой сітуацыі не было, мы б ішлі да гэтага на працягу 10 гадоў. Я вельмі аптымістычны наконт будучыні.

- Што вы б параілі зараз беларусам?

- Беларусам трэба не адчайвацца, трымаць фокус і не паддавацца на нейкія ўнутраныя разборкі. Рэжым добра гэта разумее: падзяляй і ўладар, гэта іх тэма, яны ўкараняюць канспіралогіі і правакацыі. Але трэба проста працаваць далей.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках