10 траўня 2024, Пятніца, 12:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто такі Маркі-Зай, які павядзе апазіцыю Вугоршчыны на выбары?

3
Хто такі Маркі-Зай, які павядзе апазіцыю Вугоршчыны на выбары?
ПЕТЭР МАРКІ-ЗАЙ
ФОТА: AFP

Новы спаборнік Орбана - каталік і бацька семярых дзяцей.

Мэр невялікага вугорскага горада Хадмезавашархея Петэр Маркі-Зай стаў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах налета, паведамляе ВВС.

У другім туры праймерыз, якія прайшлі ў мінулую нядзелю, ён абышоў Клару Дабрэў, дэпутатку Еўрапарламента ад левай Дэмакратычнай кааліцыі, набраўшы 57% галасоў. У звароце да сваіх прыхільнікаў, Клара Дабрэў прызнала паразу і заклікала апазіцыю да адзінства.

«Мы хочам пабудаваць новую, больш чыстую і сумленную Вугоршчыну, а не толькі замяніць Орбана або ягоную партыю», - сказаў Маркі-Зай сваім прыхільнікам у Будапешце.

Хто такі Маркі-Зай

Петэру Маркі-Заю 49 гадоў. Каталік і бацька семярых дзяцей, ён уважаецца за чалавека кансерватыўных поглядаў. Маркі-Зай пяць гадоў пражыў у ЗША і Канадзе, у яго ёсць ступені па эканоміцы, маркетынгу і інжынернай справе.

Ён прыцягнуў да сябе ўвагу ў 2018 годзе, перамогшы на выбарах мэра невялікага мястэчка Хадмезавашархей на поўдні Вугоршчыны.

Хоць горад з насельніцтвам 44 000 чалавек падтрымліваў грамадзянскі саюз Фідэс цягам дзясяцігоддзяў, Маркі-Зай здолеў дамагчыся падтрымкі апазіцыйных партый і заявіў, што гэты поспех - прыклад таго, як апазіцыя можа перамагчы ў маштабах краіны.

Адзіны кандыдат

Праймерыз - першыя ў гісторыі Вугоршчыны - былі арганізаваныя сфармаваным летась апазіцыйным альянсам, які складаецца з шасці партый.

Галасаванне павінна было вызначыць аднаго кандыдата, які выступіць супраць дзейнага прэм'ер-міністра Віктара Орбана, а таксама асобных кандыдатаў ад кожнай акругі, якія выступяць супраць кіроўнай партыі Фідэс на выбарах у красавіку наступнага года.

У апытаннях грамадскай думкі апазіцыйны альянс і Фідэс сёння ідуць ноздра ў ноздру, аднак у Маркі-Зая больш шанцаў перамагчы Орбана, чым у Клары Дабрэў.

На думку аналітыкаў, будучы кансерватарам і каталіком, Маркі-Зай менш за ўсё задавальняе кіроўную партыю ў якасці спаборніка на выбарах.

«Відавочна, ён здольны прыцягнуць новых выбарцаў, якія яшчэ не вызначыліся, без адпужвання лева-ліберальнага электарата. Цяпер Фідэс будзе вымушаны перапісаць сваю стратэгію перадвыбарчай кампаніі», - мяркуе вугорскі аналітык Роберт Ласла.

Пасля першага тура праймерыз, у якім узялі ўдзел больш за 600 тысяч чалавек, Маркі-Зай заняў трэцяе месца. Але ён здолеў пераканаць ліберальнага мэра Будапешта Гергелі Карачоні, які заняў другое месца, сысці з дыстанцыі і падтрымаць яго ў другім туры.

Падчас кампаніі Маркі-Зай сцвярджаў, што з усіх кандыдатаў толькі ён можа апеляваць як да левых выбарцаў, так і да кансерватараў, стомленых ад палітыкі Віктара Орбана.

Нягледзячы на адсутнасць партыйнага апарата або значнага фінансавання, Маркі-Зай таксама здолеў заручыцца падтрымкай маладых выбарцаў, салідарных з антыкарупцыйнымі палажэннямі ягонай праграмы.

Арганізатары назвалі праймерыз дзіўным поспехам: у галасаванні ўзялі ўдзел больш за 800 тысяч выбарцаў, што складае амаль 10% электарату ў краіне з насельніцтвам, крыху меншым за 10 млн чалавек.

Неабходнасць адзінага кандыдата ад апазіцыі дыктуецца мажарытарнай электаральнай сістэмай Вугоршчыны, якая аддае перамогу кандыдату, што набраў простую большасць галасоў і, паводле ацэнак шэрагу аглядальнікаў, дае Віктару Орбану перавагу на выбарах.

Маркі-Зай вёў кампанію пад лозунгам «Кааліцыя чыстых», абяцаючы выкараніць карупцыю. Ён збіраецца разбурыць «неліберальную дзяржаву» Орбана, у тым ліку яе ідэалагічныя асновы, канстытуцыю Вугоршчыны і мноства новых законаў, якія, са слоў крытыкаў, дапамаглі Орбану ўмацаваць ягоную ўладу.

Маркі-Зай у аснову замежнай палітыкі збіраецца пакласці паляпшэнне стасункаў з Брусэлем. Ён таксама падтрымлівае пераход Вугоршчыны на еўра ў агляднай будучыні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках