13 жнiўня 2026, Чацвер, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экзітпол: Hа мясцовых выбарах у Грузіі кіроўная партыя набірае 47%, партыя Саакашвілі - 27%

5
Экзітпол: Hа мясцовых выбарах у Грузіі кіроўная партыя набірае 47%, партыя Саакашвілі - 27%

Паводле звестак ЦВК Грузіі, прыход на выбары склаў 41,35%.

Кіроўная партыя Грузіі «Грузінская мара» набірае 47,6% галасоў на мясцовых выбарах у органы самакіравання. Апазіцыйная партыя «Адзіны нацыянальны рух», створаная экс-прэзідэнтам краіны Міхэілам Саакашвілі, атрымлівае 27,1%. Гэта вынікае з апытання на выхадзе з выбарчых пунктаў, праведзенага на запыт тэлекампаніі «Імэды», паведамляе «Дождь».

Згодна з экзітполам, праведзеным тэлекампаніяй «Мтавары Архі», за «Грузінскую мару» прагаласавалі 38,6% выбаршчыкаў, за «Адзіны нацыянальны рух» - 33%. Партыя «За Грузію» набірае 7,6%, «Гірчы - Больш свабоды» - 4.8%, «Лело» - 4%, «Для народа» - 2%.

На выбарах мэра Тбілісі наперадзе кандыдат ад «Грузінскай мары», дзейны кіраўнік места Каха Каладзэ, паказваюць звесткі тэлеканала «Формула» ды «Імэды». Паводле звестак экзітполу «Формулы», Каладзе набірае 43% галасоў, а лідэр «Адзінага нацыянальнага руху» Ніка Мэлія - 39%. Паводле звестак «Імэды» Каладзэ ў лідэрах з 51,3% галасоў, а Мэлія атрымлівае 34,6%.

Пры гэтым тэлеканал «Мтавары архі» паведамляе, што Мэлія ў лідэрах на выбарах мэра Тбілісі з 40,8% галасоў, а Каладзэ набірае 40,2%.

2 кастрычніка ў Грузіі адбыліся выбары ў мясцовыя органы ўлады, яны закончыліся а 20:00 тбіліскага часу (19:00 менскага). Сярод іншага выбаршчыкі галасавалі за мэраў 64 гарадоў, у тым ліку Тбілісі.

Паводле звестак ЦВК Грузіі прыход на выбары пад 17:00 склаў 41,35%.

Напярэдадні выбараў Саакашвілі паведаміў, што вярнуўся ў Грузію. Ён запісаў відэазварот, у якім заклікаў сваіх прыхільнікаў з партыі «Адзіны нацыянальны рух» зладзіць 2 кастрычніка шэсце ў Тбілісі. Саакашвілі меркаваў, што далучыцца да адной з калон, каб яго не змаглі затрымаць.

Аднак вечарам таго ж дня прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі заявіў аб затрыманні Саакашвілі. Яго змясцілі ў турму ў месце Руставі. 2 кастрычніка Сааакашвілі напісаў ліст з турмы, у якім заклікаў прыхільнікаў прагаласаваць на мясцовых выбарах.

У Грузіі Саакашвілі завочна прысуджаны да двух тэрмінаў турмы.

У красавіку ўлады Грузіі і апазіцыя пры пасярэдніцтве Еўразвязу ўклалі пагадненне, каб пераадолець палітычны крызіс у краіне. Паводле дамоўленасці кіроўная партыя паабяцала правесці датэрміновыя парламенцкія выбары, калі «Грузінская мара» набярэ менш за 43% галасоў на мясцовых выбарах.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках