2 траўня 2024, Чацвер, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макей пад санкцыямі: што будзе азначаць такі ход ЕЗ для рэжыму?

37
Макей пад санкцыямі: што будзе азначаць такі ход ЕЗ для рэжыму?
УЛАДЗІМІР МАКЕЙ

Беларускае МЗС само перавяло сябе ў кагорту нерукапаціскальных.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей можа, як паведамляюць інфармагенцтвы, апынуцца ў абноўленым санкцыйным спісе, які рыхтуе ЕЗ, піша dw.com.

Што азначае такі крок, калі ён сапраўды будзе зроблены Брусэлем?

Анатоль Котаў, адказны за замежную палітыку ў Народнай антыкрызіснай управе (НАУ), паказвае на беспрэцэдэнтны характар уключэння кіраўніка МЗС Беларусі ў санкцыйны спіс, калі такое здарыцца. І тлумачэнне таму ў яго наступнае: «Пра што гэта кажа? Хутчэй за ўсё, усе пераканаліся, што беларускае МЗС абсалютна недамоваздольнае. Калі міністр замежных спраў апускаецца да таго, што наўпрост пагражае знішчыць грамадзянскую супольнасць, калі ён падае генсеку ААН матэрыялы пра тое, што гэтая арганізацыя нібыта спансавала пратэсты ў Беларусі, то ўжо гэтых дзвюх рэчаў цалкам дастаткова, каб прызнаць - з гэтым чалавекам проста больш няма пра што размаўляць».

Беларускае МЗС не займаецца замежнай палітыкай, а ёсць рупарам прапаганды. Пры гэтым прадстаўнік НАУ аддае належнае беларускай дыпламатыі - цягам 20 гадоў яна вызначала «чырвоныя лініі» і ва ўнутранай палітыцы: «Нельга быць зусім людаедам унутры краіны, каб з табой нехта размаўляў звонку. Былі пэўныя рамкі, якія дыктаваліся звонку. Да 2020 года гэта мадэль зламалася, таму не засталося месца для лібералізму нават у замежнай палітыцы». Асабліва наглядна, на ягоную думку, гэта выявілася пасля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта Ryan Air і крызісу з уцекачамі на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой.

Уладзімір Макей - звычайны выканаўца волі Лукашэнкі, упэўнены Анатоль Котаў. Цяпер гэтым займаецца, з ягоных слоў, уся так званая вертыкаль улады: «Ёсць адзін калектыўны Лукашэнка, усякая спроба ва ўсякай сферы сказаць нешта асабіста ад сябе рэзка перасякаецца».

Макей, якога ўважалі за аднаго з шэрых кардыналаў рэжыму, прадаўжае прадстаўнік НАУ, сам перавёў сябе ў кагорту нерукапаціскальных: «Яго ўспрымалі як чалавека досыць ліберальных поглядаў - праз любоў да беларускай мовы і культуры. І да некаторага моманту ён сапраўды мог праз замежную палітыку ўплываць на ўнутраную. Для яго і для МЗС гэта скончылася ў 2020 годзе. Цяпер гэта такое, не ведаю, міністэрства замежных спраў Паўночнай Карэі - з улікам таго, што ў Беларусі ў Еўропе нават горшы статус».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках