11 траўня 2024, Субота, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сірыец, які пабываў на мяжы, распавёў, як мігранты ненавідзяць Лукашэнку

23
Сірыец, які пабываў на мяжы, распавёў, як мігранты ненавідзяць Лукашэнку

Што робяць беларускія памежнікі, каб прымусіць нелегалаў прарываць польскую мяжу.

Журналіст The Moscow Times Пётр Саўэр сустракаўся з шасцю сірыйскімі мужчынамі ў Менску, а потым знайшоў іх у Нідэрландах. Сірыйцы распавялі пра здзекі беларускіх памежнікаў, дрыгву і голад.

У нідэрландскай вёсцы Будзел на поўдні Нідэрландаў знаходзіцца цэнтр бежанцаў, уладкаваны на месцы былога вайсковага лагера. Тут групы ўцекачоў катаюцца на веласіпедах паміж спальнымі карпусамі.

А шасцёра маладых сірыйцаў стаяць у чарзе ў кафетэрый, чакаючы абед з каўбасы і бульбянога пюрэ. Яны выглядаюць стомленымі і разгубленымі.

Усяго тры тыдні таму карэспандэнт The Moscow Times размаўляў з імі ля гандлёвага цэнтру на ўскраіне Менска, дзе яны куплялі ваду і ліхтарыкі перад тым, як адправіцца да польскай мяжы. З таго часу, з іх слоў, яны перажылі сур'ёзныя выпрабаванні — іх білі, яны блукалі па балотах, пакутавалі ад голаду і адсутнасці вады і хаваліся на канспіратыўнай кватэры ў Нямеччыне.

«Мы шмат перажылі за апошнія тыдні... Гэта як быццам пражыць цэлае жыццё», – кажа 26-гадовы Валід, седзячы на двух'ярусным ложку ў цесным пакоі інтэрната, дзе жывуць яшчэ чацвёра чалавек.

Як і тысячы іншых выхадцаў з Блізкага Усходу, якія гэтай восенню прыехалі ў Беларусь, Валід і ягоныя сябры спадзяваліся патрапіць у ЕЗ.

«Беларусь была нашым адзіным варыянтам выбрацца з сірыйскага пекла і патрапіць у Еўропу», - кажа Валід, які, як і пяцёра ягоных сяброў, з'яўляецца чальцом этнічнай меншасці друзаў з горада Эс-Сувайда на мяжы з Ярданіяй. Яны змарнавалі ўсе свае зберажэнні на візы і квіткі, каб дабрацца да Менска.

Там селі на таксоўку да Горадні, дзе сірыйцаў сустрэлі беларускія памежнікі, якія правялі іх у памежную зону ў лесе. Са слоў мігрантаў, памежнікі неаднаразова спрабавалі пераправіць іх праз мяжу ў Польшчу і тройчы пераразалі калючы дрот у розных месцах, але кожны раз сірыйцаў затрымлівалі польскія памежнікі і адпраўлялі назад. Мігранты расказваюць, што пасля вяртання ў памежную зону беларускія памежнікі збівалі іх дубінкамі і драўлянымі палкамі.

«Гэта было вельмі зневажальна», - кажа высокі 27-гадовы Касай, здымаючы кашулю і паказваючы сінякі на спіне і руках.

Пасля трэцяй няўдалай спробы яны наважылі разбіць лагер на іншым адрэзку мяжы, але ледзь не патанулі ў балоце. «Гэта быў самы страшны момант. - Кажа 24-гадовы Шадзі, які не ўмее плаваць. - Я думаў, што гэта канец».

Са слоў мігрантаў, яны былі вымушаныя піць ваду з балота, калі да сёмага дня ў іх скончыліся ежа і вада.

Нягледзячы на небяспеку новых збіванняў, ужо ў роспачы яны вярнуліся да беларускіх памежнікаў з просьбай яшчэ раз дапамагчы ім перайсці мяжу. Мігрантаў сагналі ў цесныя аўтафуры прыкладна па 200 чалавек у кожнай і за чатыры гадзіны даставілі на поўдзень да закрытага памежнага пераходу недалёка ад Берасця.

Там памежнікі пабудавалі драўляны мост праз польскую мяжу. «Гэта было страшна і поўны хаос», - успамінае Валід. Беларускія памежнікі загадалі ўсім уцякаць і не вяртацца, нават калі пачуюць стрэлы. Яны папярэдзілі, што будуць біць кожнага, хто паверне назад.

«Нам даводзілася ісці па людзях, гэта была барацьба за выжыванне. Я не хачу ўспамінаць аб тым, што там было. Многія там і засталіся», - кажа Валід.

Польскія памежнікі абвінавацілі беларускіх сілавікоў у будаўніцтве драўляных памостаў і іншых збудаванняў, якія дапамагалі мігрантам перайсці мяжу. Падчас свайго нядаўняга інтэрв'ю ВВС на пытанне, ці дапамагаюць беларускія вайскоўцы мігрантам патрапіць у Польшчу, Лукашэнка адказаў, што гэта «абсалютна магчыма».

Калі Валід і ягоныя сябры нарэшце перакрочылі мяжу, яны прадаўжалі бегчы. У хаосе яны згубілі адзін аднаго і змаглі ўз'яднацца толькі ля невялікай чыгуначнай станцыі.

«Мы рэдкія шчасліўчыкі. Гэта цуд, што мы змаглі пратрымацца разам», - кажа Адай.

У Польшчы іх сустрэў сірыйскі кантрабандыст, з якім яны звязаліся яшчэ з Менска, і завёз на канспіратыўную кватэру на ўсходзе Нямеччыны. За дзевяць гадзін паездкі да мяжы ён не вымавіў ні слова. «Гэта як быццам маеш справу з прывідам, - апісвае Валід кантрабандыста. - Вы нічога не ведаеце пра чалавека і не можаце нічога спытаць».

Нягледзячы на поспех, мігранты, якія трапілі ў Нідэрланды, не добрым словам успамінаюць Лукашэнку.

«Лукашэнка быў бы рады, калі б мы проста ў лесе здохлі. Яму на нас напляваць. Мы ўсяго дамагліся самі», - кажа Валід.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках