2 траўня 2024, Чацвер, 0:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ва ўсе арганізацыі прыйшлі паперы прыбраць з працы па тры чалавекі»

24
«Ва ўсе арганізацыі прыйшлі паперы прыбраць з працы па тры чалавекі»

У Хойніках адбываюцца масавыя скарачэнні на дзяржпрадпрыемствах.

У райцэнтры Хойнікі Гомельскай вобласці, як і ў іншых гарадах Беларусі, прадаўжаецца зачыстка людзей, заўважаных у нелаяльнасці да дзейнай улады.

Як паведамілі «Белсату» жыхары Хойнікаў, нязгодных у горадзе звальняюць з розных прадпрыемстваў: трох чалавек - з камунальных службаў, столькі ж - з Палескага радыяцыйнага запаведніка. З цэнтральнай раённай лякарні плануюць звольніць дзвюх санітарак. Прыйшлі спісы нядобранадзейных і ў мясцовы Дом культуры.

«На ўсе арганізацыі прыйшлі паперы прыбраць з працы па тры чалавекі. Вось і да Хойнікаў дайшла зачыстка», – распавёў карэспандэнту «Белсату» адзін са звольненых супрацоўнікаў.

«Мне патэлефанаваў мой непасрэдны начальнік і папрасіў прыехаць раніцай у кантору. На маё пытанне, што здарылася, не мог адказаць. Мяне папрасілі зайсці да дырэктара, і там пачалося самае цікавае! Ён адразу працягнуў мне лісток паперы, дзе было напісана, што я абавязваюся не браць удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах ну і гэтак далей», - адзначыў суразмоўца.

З ягоных слоў, ён падпісаў «гэтую паперку ў надзеі на тое, што мяне адправяць далей працаваць».

«Але не тут было. Ён [дырэктар. - Рэд. Belsat.eu] пачаў заходзіць здалёк. Тыпу, ну вось нам прыйшла папера, мы не можам яе праігнараваць, зразумейце. Прыйшла на вас, у тым ліку», - адзначае суразмоўца.

Яму было прапанавана на выбар два выхады з гэтай сітуацыі: самастойна напісаць заяву аб звальненні на дамову бакоў ці «мы будзем везці за вамі вельмі жорсткае назіранне і паверце, мы знойдзем прычыну». У выніку суразмоўца абраў звальненне на дамову бакоў.

Звольненыя адзначаюць, што ні наяўнасць дзяцей, ні матэрыяльныя цяжкасці не спыняюць кіраўніцтва ад звальненняў.

«Яны настолькі любяць Рыгорыча, што ні пра якія патуранні няма і гаворкі. Яшчэ не паспелі дагаварыць, а яны ўжо ўсё зрабілі. Калі б папрасілі павесіць чалавека, без усялякіх сумневаў яны знайшлі б прычыну для гэтага», – распавядае звольнены жыхар Хойнікаў.

Пры гэтым тыя супрацоўнікі, хто пакуль яшчэ застаецца працаваць, «у шоку ад усяго таго, што адбываецца».

Большасць з іх не з'яўляюцца прыхільнікамі дзейных уладаў, «датэрмінова галасаваць практычна прымусілі». Хаця «ёсць, вядома, і такія [ябацькі. - Рэд. Belsat.eu]», падкрэсліў суразмоўца.

Нагадаем, што па дзяржпрадпрыемствах Беларусі ідзе чарговая хваля звальненняў паводле палітычных матываў. Работнікі з розных сфер і розных куткоў краіны паведамляюць аб звальненнях на падставе спецыяльных спісаў.

Адных звальняюць за подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, іншых - за меркаваны ці пацверджаны ўдзел у акцыях пратэсту.

Масавыя звальненні заўважаных у нелаяльнасці працаўнікоў пачынаюць прыносіць першыя эканамічныя цяжкасці. І ўлады ўжо нават гэта прызнаюць, няхай і пакуль даволі нясмела.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках