У МВФ заявілі пра больш хуткае аднаўленне сусветнай эканомікі
1- 21.03.2021, 10:27
- 1,126
Але працэс носіць нераўнамерны характар.
Сусветная эканоміка аднаўляецца хутчэй, чым чакалася, аднак сур'ёзныя рызыкі, як распаўсюджванне новых штамаў каранавірусу, яшчэ застаюцца, заявіў першы намеснік кіраўніка Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Джэфры Акамота, паведамляе РБК.
«У студзені мы прагназавалі рост сусветнай эканомікі ў 2021 годзе на ўзроўні 5,5%. Аднак з'яўляюцца перспектывы больш хуткага аднаўлення дзякуючы дадатковаму бюджэтнаму стымуляванню, асабліва ў ЗША, і перспектывам больш маштабнай вакцынацыі», – сказаў ён.
У той самы час Акамота адзначыў, што аднаўленне глабальнай эканомікі было «няпоўным і нераўнамерным». «Яно няпоўнае ў сувязі з тым, што, нягледзячы на больш хуткае, чым чакалася, аднаўленне ў другой палове 2020 года, ВУП у большасці краінаў застаецца істотна ніжэйшы за дакрызісныя паказнікі», – растлумачыў ён.
Так, калі Кітай ужо «ў значнай ступені закончыў сваё аднаўленне, вярнуўшыся да дакрызісных узроўняў росту, апярэджваючы ўсе буйныя эканомікі», то за ягонымі межамі «ёсць трывожныя прыкметы таго, што разрыў паміж развітымі краінамі і тымі, што развіваюцца, расце», сказаў Акамота.
Паводле прагнозу МВФ, сукупны прыбытак на душу насельніцтва ў краінах з фармоўнай рынкавай эканомікай і ў краінах, якія развіваюцца, за выключэннем Кітая, у перыяд паміж 2020 і 2022 гадамі будзе на 22% ніжэйшы, чым калі б пандэміі не было. «Гэта прывядзе да таго, што з пачатку пандэміі за мяжой беднасці апынуцца амаль 90 млн чалавек», – заявіў Акамота.
Паводле ягоных словаў, «нявызначанасць у дачыненні да эканамічнага аднаўлення выключна вялікая». Невядома, наколькі задоўжыцца крызіс у сферы аховы здароўя, а доступ да вакцынаў па-ранейшаму вельмі нераўнамерны як у развітых краінах, так і ў тых, што развіваюцца, адзначыў першы намеснік кіраўніка МВФ.
«Краіны з нізкім узроўнем прыбытку могуць не ўбачыць маштабнай вакцынацыі да 2022 года, і гэта і ёсць праблема: гэтая пандэмія скончыцца на самай справе толькі тады, калі яна скончыцца для ўсіх», – заявіў Акамота. Іншай рызыкай ён назваў распаўсюджванне новых штамаў каранавірусу, «якія пагражаюць знізіць эфектыўнасць існых вакцынаў і падарваць або замарудзіць працэс аднаўлення».
У студзені генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заявіў, што пандэмія каранавірусу прывяла да найгоршага эканамічнаму крызісу за апошнія 100 гадоў. Паводле ягоных словаў, цяперашні стан свету можна ахарактарызаваць словам «крохкасць».
Гутэрыш таксама заявіў пра праблему нераўнамернага размеркавання вакцынаў ад каранавірусу, пра якую неаднаразова казалі ў сваіх выступах эксперты і кіраўнікі Сусветнай арганізацыі здароўя. Сярод іншага, кіраўнік САЗ Тэдрас Гебрэесус сцвярджаў, што свет апынуўся на грані «катастрафічнага маральнага краху» праз нераўнамернае размеркаванне вакцынаў. «І кошт гэтага краху будзе аплачаны жыццямі і сродкамі да існавання ў самых бедных краінах свету», – падкрэсліваў ён.