7 траўня 2024, aўторак, 20:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Легендарны шахцёр Юрый Корзун: Пратэст застаўся ў сэрцах у людзей, неўзабаве мы гэта ўбачым

6
Легендарны шахцёр Юрый Корзун: Пратэст застаўся ў сэрцах у людзей, неўзабаве мы гэта ўбачым
ЮРЫЙ КОРЗУН
ФОТА: tut.by

Вясна расставіць усё па сваіх месцах.

Шмат каму запомнілася акцыя пратэсту 42-гадовага шахцёра, які ў верасні прыкаваў сябе кайданкамі ў забоі, патрабуючы адстаўкі Лукашэнкі, спынення расправы над мірнымі пратэстоўцамі і вызвалення арыштаваных чальцоў страйкавага камітэта «Беларуськалія». З глыбіні 305 метраў Юрыя Корзуна ўздымалі на зямлю не менш за дзясятак моцных мужчын, якія абрэзалі ланцуг бензапілой.

Пра сваю адзіночную акцыю Юрый не шкадуе. Кажа, і сёння паўтарыў бы яе, толькі замацаваўся б лепш.

- Мяне б ніхто з забою не дастаў, пакуль не спусціўся б генеральны дырэктар і не пачынаў са мной размаўляць. Я дамогся б таго, каб вызвалілі з-за кратаў чальцоў страйку, якіх арыштавалі ў жніўні, - распавядае Юрый у інтэрв'ю «Cалідарнасці».

З верасня па сёння Юрый правёў у няволі 60 дзён. Апошні арышт скончыўся 26 лютага. Гарняк адбываў пакаранне ў Любані, Салігорску і Баранавічах.

- Умовы ўсюды дрэнныя - гэта турма, - кажа ён. - Мінулыя 15 дзён арышту я называю нават не адміністрацыйным арыштам. Мяне проста ўзялі ў палон перад сходам «ўсенародным». Мабыць, для таго, каб я не выступіў ні з якой прамовай, ні з якай заявай. А 7 раніцы выцягнулі з аўто, закруцілі рукі, паклалі тварам у снег і адвезлі ў РАУС.

Людзі ў цывільным спачатку прапанавалі Юрыю праехаць у аддзяленне, маўляў, трэба пагаварыць. Ён адказаў: дасылайце позву ці зараз давайце позву.

- «Не трэба ладзіць тут цырк», - сказалі мне і выцягнулі з аўто, - распавядае «Салiдарнасцi» Юры. - Шалёныя 90-я вяртаюцца, толькі ва ўпарадкаваным выглядзе. Нічога новага. Усё гэта мы назіраем у Беларусі са жніўня.

У РАУС Юрыю загадалі зняць рэмень і шнуркі і прайсці ў «малпоўнік».

- У пратаколе напісалі, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Мы з хлопцамі са страйкаму ўдзельнічалі ў марафоне салідарнасці з рэпрэсаванымі спартоўцамі. Гэта была прабежка два з гакам кіламетры па лесе. Супрацоўнік міліцыі заявіў на судзе: паглядзеўшы відэа, ён разважыў, што гэта супраць улады.

ЮРЫЙ КОРЗУН
ФОТА: GAZETABY.COM

Юрый быў абураны і напісаў заяву аб адмове ад прыёму ежы. Сем дзён ён трымаў галадоўку.

- Потым стаў дрэнна сябе адчуваць. У камеры ўвесь час палілі. Я сядзеў з арыштаванымі па бытавых скандалах, жлуктамі. Было вельмі цяжка сядзець, калі ўвесь час дымавая заслона. На восьмы дзень пачаў выходзіць з галадоўкі, каб не падстаўляць пад рызыку сваё здароўе.

Гаворачы пра сукамернікаў у Любані, Юрый адзначае:

- Іх цікавіць толькі адно: дзе выпіць, з кім і за што? Гэтая катэгорыя грамадзян зарабляе 300 рублёў на месяц. Незразумела, навошта на гэтую працу ходзяць. Заробак ім выплачваюць часткамі па 50 рублёў 5-6 разоў на месяц.

Я пытаюся: навошта вы туды ходзіце? Яны кажуць: а куды хадзіць? Людзі ад безвыходнасці проста співаюцца. Палітыкай яны не цікавяцца наогул.

Акрамя Юрыя, за марафон салідарнасці з рэпрэсаванымі спартоўцамі былі затрыманыя яшчэ трое сябраў страйкаму «Беларуськалія»: двое атрымалі па 15 дзён, яшчэ адзін чалавек - 25.

- Мой пратэст супраць існай сістэмы пачаўся не пасля выбараў, а ў красавіку, калі Лукашэнка заявіў, што дзеці не павінны хадзіць у школу ў масках, - успамінае Юрый. - Тым самым ён паставіў пад пагрозу нашу будучыню. Як можна рызыкаваць дзецьмі? Такі чалавек не можа і не павінен быць прэзідэнтам.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі Юрый Корзун быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

На думку Юрыя, нягледзячы на рэпрэсіўную машыну, пратэст не ўдалося заглушыць.

- Ён застаўся ў сэрцах у людзей. Упэўнены, што вясной усё гэта мы ўбачым.

Сілавікоў, з якімі перасякаўся Юрый, ён дзеліць на дзве катэгорыі:

- Хтосьці настроены фанатычна і ўбіў сабе ў галаву, што ратуе краіну ад акупацыі Еўропай і NАТО. Такая пазіцыя, напрыклад, у супрацоўніка міліцыі, які кіруе ўсімі палітычнымі затрыманнямі ў горадзе. Часцей сустракаюцца тыя, хто лічыць сябе закладнікамі сітуацыі.

Сам Юрый з'язджаць з Беларусі не збіраецца.

- Я люблю сваю краіну, сваю зямлю. Яны хочуць, каб я з'ехаў. Спецыяльна на арышты садзяць, каб людзі з'язджалі. А калі гэта адбываецца, пачынаюць пісаць, што яны адмыслова пратэставалі, каб патрапіць за мяжу.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках