10 траўня 2024, Пятніца, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Застрайкавалы супрацоўнік БМЗ: Прыхільнікаў пераменаў большасць

6
Застрайкавалы супрацоўнік БМЗ: Прыхільнікаў пераменаў большасць

Андрэй Яўсеенка надумаў нагадаць пра патрабаванні народа.

У першыя дні траўня да агульнанацыянальнага страйку далучыўся супрацоўнік БМЗ Андрэй Яўсеенка. Ён расказаў «Моцным Навінам», што стала трыгерам для прыняцця такой пастановы, ці ўсведамляў ён, што неўзабаве будзе звольнены, а на заяўленыя патрабаванні кіраўніцтва наўрад ці зверне ўвагу, бо завод «па-за палітыкай».

Пра тое каб сысці з дзяржпрадпрыемства, Андрэй Яўсеенка ўсур'ёз задумаўся пасля забойства менчука Рамана Бандарэнкі, у лістападзе. «Здавалася, гэта быў пункт незвароту», – кажа жлобінец. Хлопец напісаў заяву аб звальненні і аднёс майстру. Але той папрасіў «не гарачыцца» і пачакаць, «бо ўсё павінна хутка наладзіцца». І не падпісаў дакумент.

Час ішоў, а тое, што «павінна было наладзіцца», выклікала толькі большую ўпэўненасць у правільнасці задуманага.

Андрэй называе сябе звычайным хлопцам са Жлобіна, які, як і мільёны беларусаў, прачнуўся аднойчы ў новай рэальнасці і нарэшце зразумеў, што да чаго.

– Я бачыў, як «пакавалі» людзей, з якой нянавісцю да сваіх жа землякоў ставіліся сілавікі ў нашым горадзе. І ўсё проста таму, што людзі хацелі справядлівасці. Хіба гэта нармальна?

Самога Андрэя таксама затрымлівалі. За ўдзел у мітынгу яго асудзілі на сем сутак.

– Адседзеў, але ж нічога ў свядомасці не памянялася, – кажа жлобінец. – Я як меркаваў ненармальным, што ў нас адбіраюць нашы правы, так і мяркую. Як думаў, што сілавікі жудасна ставяцца да мірных грамадзянаў, дык у гэтым толькі больш пераканаўся. Чаго яны хочуць гэтымі «суткамі» дамагчыся? Толькі калі казну папоўніць – з аднаго мяне «за харчаванне ў ІЧУ» атрымалі 94 рублі.

Спрабавала, паводле словаў Андрэя, яму «прамыць мазгі» і кіраўніцтва.

– Гэта ўжо звыклая для ўсіх практыка. Калі будзеш заўважаны «крок налева – крок направа», чакай хуткай сустрэчы з кіраўніцтвам. Такі вось «завадскі гараскоп». Прабыў я ў намесніка гендырэктара нядоўга, праз хвілінаў 15 ён мяне выгнаў. Хоць я настройваўся на стандартныя «гадзіну-паўтары». Ён хацеў паразмаўляць «душамі», пытаўся імёны, прозвішчы. «Яны» хочуць ведаць усё – элементарна, хто ладзіць які-небудзь відэазварот, як «знаходзяць людзі адно аднаго» і навошта гэта ўсё рабіць. «Яны» мяркуюць, што ні адна праблема не павінна пратачыцца «ў па-за», іхняя мэта – «прыдушыць» яе на корані.

І тут жа Андрэй прыводзіць прыклад, чаму ён упэўнены ў адваротным: усё павінна надавацца агалосцы, людзям не варта баяцца казаць і паказваць праўду. Ён да гэтага часу здзіўляецца, як адно відэа, злітае «куды трэба», хутка развязала праблему, над якой ягоныя кіраўнікі ламалі галаву некалькі гадоў.

У цэху працякала столь. Падчас дажджоў там пачыналіся такія вадаспады, што выратаваць прадукцыю было проста нерэальна. У брак ляцелі тысячы даляраў. Усе вакол пра гэта ведалі, але нічога не маглі зрабіць. Вось тады Андрэй і надумаў праверыць гіпотэзу: надаў праблеме шырокую агалоску і вуаля – вельмі сур'ёзная размова на дыване кіраўніцтва, затое дах умомант паправіць.

З тых часоў хлопец пастанавіў больш ніколі не замоўчваць тое, што яго хвалюе. Стаў удзельнічаць у грамадскіх ініцыятывах, не абмінаў увагай ідэі жлобінцаў у данясенні ўладам сваёй нязгоды з палітычным становішчам у краіне, здымаўся ў відэазваротах, падпісваў калектыўныя лісты прыхільнікаў пераменаў, падтрымліваў рух у стварэнні на заводзе пяршоўкі незалежнага прафзвязу.

– І я бачыў вынік. Прыхільнікаў пераменаў шмат, іх большасць. Выйдзе, да прыкладу, наш відэазварот, людзі пры сустрэчы дзякуюць за смеласць, выказваюць сваю салідарнасць. Праўда, перад гэтым цікавяцца, ці не звольнілі мяне яшчэ.

Але ў гэтай гісторыі мусіць жа быць канец. «Ты ж усё сам выдатна разумееш», – сказаў мой кіраўнік. Мне паведамілі, што наймальнік не плануе падаўжаць са мной кантракт. І тут я зразумеў: тое, што «павінна было наладзіцца», мабыць, адрасавалася да мяне. Гэта значыць, яны спадзяваліся, што людзі з часам проста змірацца, звыкнуцца з думкай, што Рамана Бандарэнкі ўжо не вярнуць, а нам «краіну падымаць трэба». Няўжо яны сапраўды вераць, што беларусы ўсё забудуць? Не, не забудуцца і не даруюць. Ніколі...

Андрэй адважыўся на страйк. Ён мог бы сысці ціха, але захацеў інакш. І тлумачыць чаму:

– Усе шэсць гадоў я быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва. Вытворчасць у нашым метызным цэху складаная, нагрузка на ўчастку вялікая. Стараліся з хлопцамі, як маглі. Але ў апошні час стала проста немагчыма, сталі душыць «зверху». Хоць і кажуць, што «завод па-за палітыкай», але патрабаванні часцяком былі звязаныя якраз з ёй. Планы – планамі, а вось іншадумства для іх – штука больш сур'ёзная.

З брыгады я сыходжу не першым, я восьмы. Проста хлопцы зрабілі гэта ціха. А я надумаў нагадаць усім, з чаго ўсё пачалося, чаго хацелі жлобінскія металургі летам 2020 і запэўніць, што з тых часоў нічога не памянялася – тыя патрабаванні, якія я ўпісаў у заяве аб уступленні ў страйк, дагэтуль актуальныя: сумленныя выбары, вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне рэпрэсій на адрас мірных грамадзянаў.

5 траўня Андрэю выдалі на рукі працоўную кніжку. «Вось яна – свабода ад рэжыму», – кажа хлопец. Ён прыняў пастанову, што пакуль улада не зменіцца, на дзяржпрадпрыемства не вернецца, а перамены, упэўнены жлобінец, ужо не за гарамі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках