5 траўня 2024, Нядзеля, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сотні чалавек прыйшлі падтрымаць фігурантаў «справы студэнтаў» у Менску

21
Сотні чалавек прыйшлі падтрымаць фігурантаў «справы студэнтаў» у Менску

Працэс пачаўся ў судзе Савецкага раёна.

14 траўня суд Савецкага раёна Менска пачынае разглядаць «справу студэнтаў», якіх затрымалі ў лістападзе 2020 года. Усяго ў справе 12 абвінавачаных: дзесяць студэнтаў розных менскіх ВНУ, выпускніца медычнага і выкладчыца БДУІР. Ужо больш за шэсць месяцаў яны знаходзяцца ў СІЗА. Мяркуецца, што разглядаць справу будуць некалькі тыдняў, піша tut.by.

Справу студэнтаў разглядае суд Савецкага раёну Менску - у будынку Дома правасуддзя на Сямашкі, 33. Калі студэнтаў затрымалі, была позняя восень, цяпер - глыбокая вясна.

Да Дому правасуддзя, дзе будзе праходзіць працэс, сябры і сваякі абвінавачаных сталі прыходзіць моцна загадзя - да 9.30.

Як паведамляе «Белсат», падтрымаць фігурантаў «справы студэнтаў» прыйшлі больш за 200 чалавек.

Віталь Будзько - бацька затрыманай Касі з БДПУ - таксама ўжо тут. За гэтыя паўгода ён ні разу не бачыў дачку: на адзінае спатканне з ёй змаглі трапіць толькі мама і бабуля дзяўчыны. Ці ўбачыць ён дачку сёння? Таксама не ўпэўнены: як яму патлумачылі, для слухачоў у зале прадугледжана ўсяго 20 месцаў, а абвінавачаных - 12, і ў кожнага не па адным сваяку.

Маладыя людзі, якія прыйшлі падтрымаць студэнтаў, збіраюцца на ганку Дома правасуддзя, праходзяць унутр, але хутка выходзяць.

- Сказалі, што ў зале мала месцаў, таму спачатку будуць пускаць толькі сваякоў. Спыталі, ці можам мы хоць бы пад дзвярыма пастаяць? Адказалі, што не, таму што «кавід». І гэта сказаў чалавек без маскі, - абураюцца маладыя людзі і застаюцца стаяць на ганку.

Пасяджэнне прызначанае на 10.30. Працэс вядзе суддзя Марына Фёдарава. Першымі ў залу прапускаюць адвакатаў, затым - па два сваякі кожнага абвінавачанага, абвясціла памочніца старшыні суда Савецкага раёна. Журналістаў і проста слухачоў дапусцяць толькі ў тым выпадку, калі ў зале застануцца вольныя месцы.

Калі людзі сталі разыходзіцца ад будынка суда, АМАП пачаў масавыя затрыманні, паведамляе «Наша Ніва».

Зрэшты, сілавікі схапілі Анатоля Лябедзьку.

Сярод затрыманых апынулася і журналістка tut.by Любоў Каспяровіч. Перад затрыманнем яна брала інтэрв’ю ў сяброў аднаго з абвінавачаных - выконвала свае прафесійныя абавязкі для падрыхтоўкі рэпартажа.

Cілавікі паведамілі пра затрыманне 14 чалавек.

Што адбылося?

12 лістапада 2020 года да дзевяці студэнтам пяці менскіх ВНУ, выкладчыцы БДУІР і выпускніцы медычнага універсітэта прыйшлі з КДБ. Дома ва ўсіх прайшлі ператрусы, пасля іх павезлі ў Камітэт дзяржбяспекі. Праз два тыдні затрымалі яшчэ адну студэнтку.

Каго судзяць?

У справе - 12 абвінавачаных. Ужо больш за шэсць месяцаў яны знаходзяцца ў СІЗА. Гэта студэнты БДУ (незадоўга да затрымання іх адлічылі), студэнткі БДПУ Яна Арбейка і Кася Будзько, адлічаныя з БНТУ Вікторыя Гранкоўская і Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік - з Акадэміі мастацтваў, Глеб Фіцнер? з МДЛУ, а таксама выкладчыца БДУІР Вольга Філатчэнкава і выпускніца БДМУ, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках