У Арменіі распачалі справу аб падвойным грамадзянстве прэзідэнта Саркісяна
1- 3.05.2021, 21:13
- 3,984
Сам Саркісян неаднаразова сцвярджаў, што выйшаў з брытанскага падданства ў 2011 годзе.
Генпракуратура Арменіі распачала справу аб утойванні факта двайнога грамадзянства прэзідэнтам краіны Арменам Саркісянам. Пра гэта ў панядзелак, 3 траўня, напісаў на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік Палаты адвакатаў Арменіі Ара Заграбян, піша dw.com.
Гэта адбылося пасля таго, як адвакаты абскардзілі пастанову Спецыяльнай следчай службы Арменіі, што адмовіла ў распачынанні крымінальнай справы. Як указаў Заграбян, «Генеральная пракуратура на падставе скаргі скасавала пастанову ССС і распачала справу паводле прыкметаў часткі 1 артыкула 325 Крымінальнага кодэкса (падробка дакументаў, іх рэалізацыя або выкарыстанне)».
Пытанні да прэзідэнта Арменіі
Згодна з часткай 2 артыкула 124 канстытуцыі Арменіі, прэзідэнтам краіны можа быць абраны чалавек старэйшы за 40 гадоў, які апошнія шэсць гадоў быў грамадзянінам Арменіі і пастаянна пражываў у краіне. Паводле звестак Заграбяна, Саркісян, абраны прэзідэнтам у сакавіку 2018 года, захоўваў грамадзянства Вялікабрытаніі, як мінімум да канца 2012 года. Згодна з дзейным законам, ён мог быць абраны прэзідэнтам, калі б брытанскае падданства было спыненае да 1 сакавіка 2012 года.
Акрамя таго, кіраўнік палаты адвакатаў сцвярджае, што Саркісян сумяшчаў дыпламатычную службу з прыватным бізнэсам.
А паводле звестак Цэнтра расейска-армянскіх стратэгічных і грамадскіх ініцыятыў, пры абранні прэзідэнта была парушаная норма, якая тычыцца цэнзу аселасці. Паводле звестак падатковай службы Вялікабрытаніі, заснавальнік і дырэктар ТАА Eurasia House International Армен Саркісян у дакументах, прадстаўленых у падатковыя органы за перыяд 2011 да 2014 гг., указваў у якасці краіны пражывання Вялікабрытанію, а ў якасці грамадзянства - падданства гэтай краіны.
Сам Саркісян неаднаразова сцвярджаў, што выйшаў з брытанскага падданства ў 2011 годзе.