19 сакавiка 2024, aўторак, 12:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вялікі стыль вяртаецца

23
Вялікі стыль вяртаецца
Андрэй Саннікаў

У дачыненні да Расеі можа ўключыцца «амерыканскі прэс».

У Жэневе 16 чэрвеня прайшоў самы, на мой погляд, небанальны саміт ЗША і Пуціна. Да Байдэна Пуцін сустракаўся з Джорджам Бушам-малодшым, які зазірнуў яму ў вочы «убачыў там душу», Баракам Абамам, які абвясціў крах «перазагрузкі», Дональдам Трампам, з якім яны падабаліся адзін аднаму.

Адно тое, што ўсе гэтыя прэзідэнты былыя, а Пуцін дагэтуль захоўвае ўладу, дае расейскай прапагандзе магчымасць сцвярджаць, што Пуцін усіх перамог і таму ягоная палітыка правільная. Гэта прыкладна як іншы вядомы Уладзімір на прозвішча Ульянаў, які не клапоцячыся пра логіку, сцвярджаў, што «Вучэнне Маркса ўсёмагутнагае, бо яно дакладнае».

Тым не менш Байдэну дастаўся непрыемны груз практычнай бяздзейнасці ЗША падчас ператварэння Расеі ў мафіёзную дзяржава і ўмацавання рэжыму асабістай улады Пуціна.

Шмат было здагадак, пляткарства і пагалосак да Жэневы. Шмат хто думаў, што саміт несвоечасовы, што гэта ўзнагарода Пуціну. Многія (я ў тым ліку) уважалі за памылку адмову ад санкцый аб «Паўночным струмені-2». Многія асцерагаліся, што Байдэн не будзе дастаткова цвёрда гаварыць з Пуціным, патрабавалі, каб ён пацвердзіў, што ўважае таго за забойцу. Успаміналі саміт у Хельсінкі, пасля якога Пуцін канчаткова разважыў, што можа рабіць усё, што захоча не толькі ў Расеі, але і ва ўсім свеце - ніхто яго не спыніць.

Саміт у Хельсінкі рыхтавала прафесійная каманда папярэдняга прэзідэнта, не менш прафесійная чым каманда Байдэна. Розніца была ў тым, што ранейшая адміністрацыя шмат часу і сіл марнавала на тое, каб палітыка ЗША як мага менш залежала ад капрызных выхадак боса. У цяперашняй прэзідэнцкай каманды такіх праблем няма.

Я не памятаю больш магутнай падрыхтоўкі ЗША да сустрэчы ў вярхах з Расеяй. Тры найбуйнейшыя саміты - G7, NАТО, ЗША/ЕЗ - выправілі трансатлантычныя стасункі і тым самым дазволілі абмеркаваць сусветны парадак дня з лідарскіх пазіцый. Прэзідэнт Байдэн прыехаў у Жэневу, маючы падтрымку і давер усяго дэмакратычнага свету, з ясным разуменнем, што трэба рабіць.

З чым прыехаў на саміт Пуцін? З антыканстытуцыйным «абнуленне», турэмнымі зняволеннямі апанентаў, новымі фактамі атручванняў і дыверсій у Еўропе, хакерскімі нападамі на ЗША, падтрымкай псіхапата ў Беларусі ды іншае, іншае, іншае. Расейская прапаганда дужа шчыравала, каб усе гэтыя дзеянні былі трывала звязаныя з імем Пуціна. Ёй гэта ўдалося.

Пуцін прыкметна нерваваўся і перад самітам і на саміце. Ён спрабаваў апярэдзіць, як яму здавалася, асноўныя прэтэнзіі ЗША. Ён чарціў нейкія чырвоныя лініі, за якія ніколі не дазволіць зайсці Амерыцы, абвінавачваў ЗША ў тым, што і яны не лепш за Крамль паводзяць сябе з апанентамі ўлады, тым самым прызнаючы свае грахі. Пасля саміту Пуцін неяк нязграбна паспрабаваў падаць справу так, што галоўным пытаннем сустрэчы была кібербяспека, што маўляў ён таксама падаў прыклады хакерскіх нападаў на Расею з тэрыторыі ЗША і пасля гэтага лідары дамовіліся аб супрацоўніцтве ў гэтай сферы. Увогуле, паспрабаваў у сваім стылі «замыліць» сутнасць, але не змог.

Да саміту шмат увагі надавалі нейкім другасным пытанням. Мабыць, уключылася старая школа «крэмліналогія», якая старанна вывучала аналізы савецкай герантакратыя і правароніла раскіданне Савецкага Саюза. Прэса падрабязна абмяркоўвала вонкавыя дэталі сустрэчы ў Жэневе, але нават тут, у пратакольных пытаннях, каманда Байдэна спрацавала на высокім прафесійным узроўні, не дазволіўшы, напрыклад, Пуціну выкарыстаць свой упадабаны прыём: прымусіць суразмоўцу доўга сябе чакаць.

Вянком саміту сталі прэс-канферэнцыі: Пуціна - у мёртвым памяшканні з пераважна паслухмянымі рэпарцёрамі, і Байдэна - на вольным паветры, на фоне возера і гор. На патрабаванне амерыканскай стараны прэс-канферэнцыі праводзіліся асобна.

Пуцін падчас прэс-канферэнцыі працягваў нервавацца, ажыўлена жэстыкуляваў і быў прыкметна ўзбуджаны. Ён распавёў пра сваё бачанне вынікаў саміту, чарговым разам падкрэсліўшы, што гэта была ініцыятыва Байдэна. Чамусьці ён думаў, што гэта вельмі важна, што гэтым ён ужо атрымлівае нейкі ўяўны верх над Амерыкай. Яго хатнія нарыхтоўкі з абвінавачваннямі на адрас ЗША, з пагрозамі ўсім, былі проста недарэчныя і выглядалі нікчэмнымі апраўданнямі незаконных дзеянняў і дома, і за межамі Расеі. Затое ён прызнаў, што ўсе важныя пытанні яны з Байдэнам так ці інакш абмеркавалі, уключаючы Беларусь і Украіну.

Прэс-канферэнцыя Байдэна паказала ўсё адрозненне Жэнеўскага саміту ад усіх папярэдніх. Гэта быў майстар-клас у правядзенні упэўненай, сістэмнай, узважанай палітыкі ў дачыненні да непрадказальнага і небяспечнага Крамля.

Да саміту Байдэна пад’юджвалі: пакажы яму, калі пайшоў на саступкі, секані яму як мае быць, трэба ў яго перамагчы.

На мой погляд, Байдэн і «секануў», але зрабіў гэта «з павагай».

Ён не стаў ні мерацца «эга», ні спрабаваць «перазагрузіцца». Ён проста выразна і дакладна выклаў амерыканскія інтарэсы, сваё бачанне глабальных праблем і сваю насцярожанасць дзеяннямі Крамля.

Байдэн даў Пуціну зразумець, наколькі яго вага ў свеце зменшылася, і наколькі вырасла раздражненне ягонымі дзеяннямі. Прэзідэнт ЗША ясна сказаў, што цяпер абмяркоўваць з кіраўніком Крамля пытанні глабальнай бяспекі - заўчасна, што для гэтага патрэбныя ўстойлівыя агульныя падыходы, а не цяперашнія дэструктыўныя паводзіны Пуціна.

Байдэн не ішоў ні на якія размен, ён проста агучыў Пуціну палітыку ЗША на найбліжэйшыя месяцы, а той няхай думае, калі можа.

Наконт Беларусі, што нас хвалюе больш за ўсё, Байдэн адной фразай падкрэсліў, што няма такога легітымнага кіраўніка дзяржавы, як Лукашэнка, і Пуцін з гэтым згодны. Вядома, гаспадар Крамля, як і ягоны субрат у Менску, не адрозніваецца залішняй праўдзівасцю, можа і дурня ўдаць, каб не справакаваць чарговае абвастрэнне ў Менску, але Байдэн жа не хлусіць.

Увогуле, пазначыўшы кола пытанняў, уключаючы Беларусь і Украіну, якія трэба развязваць, каб нарэшце пачаць абмеркаванне глабальнай бяспекі, што для Пуціна вельмі важна, Байдэн заявіў прынцыпы, на якіх ЗША змогуць супрацоўнічаць з Расеяй.

На тое, каб прадэманстраваць свае намеры Байдэн адвёў Пуціну ад 3 да 6 месяцаў, пасля чаго і можна будзе ацэньваць рэальныя вынікі Жэневы.

У канцы прэс-канферэнцыі Байдэн эмацыйна успыхнуў і з раздражненнем запярэчыў журналістцы CNN, што ён нідзе не казаў пра сваю «ўпэўненасць» у здольнасці Пуціна мяняцца. Пазней ён у як папрасіў прабачэння. Для мяне гэта быў найлепшы паказчык таго, што прэзідэнт ЗША ведае, пра што кажа, цалкам валодае інфармацыяй і нават эмацыйна настроены на вынік.

Відавочна, у палітыку вяртаецца «вялікі стыль», які прадэманстраваў лідар вольнага свету. Гэты стыль адрознівае ўсебаковая сістэмная падрыхтоўка важных палітычных сустрэч і пастаноў, цвёрдая паслядоўнасць у іх ажыццяўленні, пры якой можна і да самога непрыемнага апанента праявіць вонкавую павагу, і прыхільнасць прынцыпам.

У выніку гэтай сустрэчы ў дачыненні да Расеі можа ўключыцца «амерыканскі прэс», пасля якога застанецца альбо якасны прадукт ва ўзаемадачыненнях дзвюх дзяржаў, альбо жамерыны з нікчэмных крамлёўскіх палітыкаў.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках