10 траўня 2024, Пятніца, 19:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэвалюцыя ў Беларусі - гэта нацыянальна-вызвольны рух

13
Рэвалюцыя ў Беларусі - гэта нацыянальна-вызвольны рух
ФОТА: REUTERS/TUT.BY

Адбылася дэсакралізацыя ўлады.

«Радыё Свабода» звярнулася да 21 беларускагау інтэлектуала з просьбай падзяліцца іх бачаннем і разуменнем падзей 2020 года, адказаць у шырокім сэнсе на пытанне «Што гэта было?». Сёння прапануем вашай увазе адказы палітолага Валерыя Карбалевіча.

1. Галоўная прычына рэвалюцыйнага выбуху палягае ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль, створаная Аляксандрам Лукашэнкам чвэрць стагоддзя таму, вычарпала свой рэсурс, стала тормазам развіцця. Больш за тое, развіццё - пагроза для яе выжывання.

2. «Беларуская вясна» 2020 года - гэта рэвалюцыя ррсту чаканняў. За 26 гадоў кіравання Лукашэнкі адбылася змена пакаленняў. Памянялася структура эканомікі і сацыяльная структура грамадства. Павялічылася колькасць людзей, якія працуюць у прыватных структурах. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што беларусы сталі адным з самых прарынкавых народаў Еўропы. А антырыначная сацыяльная мадэль засталася старой.

Новыя тэхналогіі, стварыўшы сучасныя сектары эканомікі, напрыклад, ІТ-галіну, спарадзілі работнікаў з іншымі каштоўнасцямі і ладам жыцця. Яны стымулявалі канфлікт, стылістычны разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сферы, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай, і дамінантнай у краіне аўтарытарнай, іерархічнай кіроўнай вертыкаллю.

3. У Беларусі сёння мы маем мадэрнізаванае грамадства, арыентаванае на перамены, якое хоча вызваліцца ад дзяржаўнага патэрналізму, і ўлада, якая кансервуе status quo. Грамадства перарасло дзяржаву, яму стала цесна ў яго рамках.

4. Беларуская сацыяльная мадэль была заснаваная не на даверы грамадства да палітычных інстытутаў, а на даверы да Лукашэнкі. Легітымнасць рэжыму шмат у чым грунтавалася на асабістай харызме Лукашэнкі. А крызіс даверу да яго прывёў да вострага палітычнага крызісу.

5. Вынікам апошніх падзей стала дэсакралізацыя ўлады як такой. Яна страціла маральны аўтарытэт. У Беларусі дагэтуль дзяржаўныя інстытуты былі адзіным цэлым, што аб'ядноўвала беларусаў у агульны соцыум. Іншыя механізмы, накшталт нацыі, грамадзянскай супольнасці, былі слабыя. Цяпер дзяржава адмовілася выконваць гэтую функцыю. Улады ўзялі курс на раскол грамадства, фактычна, абвясцілі грамадзянскую вайну большасці сваіх грамадзян. Цяпер дзяржава, уключыўшы на поўную магутнасць механізм рэпрэсій, большасцю грамадства ўспрымаецца як небяспека.

6. За некалькі месяцаў адбылася паскораная сацыялізацыя грамадства. Абывацелі раптам ператварыліся ў грамадзян. Народ стаў палітычным суб'ектам, чаго ніяк не хоча прызнаваць рэжым.

7. За некалькі месяцаў у Беларусі была створаная гарызантальная інфраструктура грамадзянскай супольнасці. Мадэль карпаратыўнай дзяржавы зазнала моцную эрозію. Карпарацыі, створаныя дзяржавай (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь» і інш.), у момант вострага крызісу сталіся недзеяздольнымі. Замест іх стыхійна паўсталі самаарганізаваныя супольнасці дамоў, мікрараёнаў, прафесійныя супольнасці («Белыя халаты», чаты спартоўцаў і інш.). Гэты працэс у значнай ступені адбываецца на базе лічбавых платформаў.

8. Пратэсты 2020 года сталі важнай праявай заканчэння працэсу станаўлення беларускай нацыі. У процівагу рэжыму, які апелюе да савецкай традыцыі, пратэстнае таварыства ўзяло на ўзбраенне традыцыйныя нацыянальныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». На іх аснове фармуецца новая (несавецкая) беларуская ідэнтычнасць. Пасіянарны выбух беларускага соцыуму - гэта своеасаблівая форма нацыянальна-вызвольнага руху.

9. Беларускі пратэстны выбух нанёс сакрушальны ўдар па апошняй постсавецкай утопіі. Ён разбурыў праект, заснаваны на ілюзіі, што можна забяспечыць развіццё краіны без дэмакратычнай трансфармацыі, кансервуючы асноўныя элементы савецкага мінулага. Яго можна разглядаць як апошняе рэха рэвалюцый 1989-1991 гадоў.

10. Ранейшымі метадамі Лукашэнку ўлады не ўтрымаць. Складваецца сітуацыя, якую класік рэвалюцыі апісаў формулай: вярхі не могуць кіраваць па-старому. Гэта азначае, што аўтарытарны рэжым у Беларусі, каб выжыць, па неабходнасці павінен стаць больш жорсткім і недэмакратычнымі, чым раней.

11. Культ голага гвалту больш за ўсё характарызуе няздольнасць кіроўнага рэжыму адаптавацца да новай рэальнасці. У рэжыму няма ніякага наратыву будучага, акрамя захавання status quo, заснаванага на гвалце і страху. Лукашэнка нават не разумее неабходнасці такога наратыву.

12. Кошт навядзення парадку сілавым спосабам ужо стаўся надта высокім і прадаўжае расці.

У супрацьстаянні рэжыму з пратэстамі адбыўся дэфолт дзяржаўных функцый. Гэта значыць, дзяржаўныя ўстановы перасталі выконваць свае абавязкі.

Фактычна разбураецца замежная палітыка Беларусі, краіна губляе сваю міжнародную суб'ектнасць.

Цалкам зруйнаваная прававая сістэма і інстытуты правасуддзя, без чаго немагчымае існаванне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы.

У краіне паслядоўна руйнуюцца структуры бізнэсу, культуры (Купалаўскі тэатр), спорту, падазраваныя ў нелаяльнасці кіроўнаму рэжыму. Улады ахвяравалі міжнацыянальным светам у краіне, пачаўся пераслед польскай нацыянальнай меншасці.

Такім чынам, дзяржава пазбаўляецца ад уласных функцый, пакідаючы толькі тыя, якія забяспечваюць захаванне ўлады, то бок, карныя. Адбылася рэдукцыя дзяржавы да палітычнага рэжыму.

Вельмі знамянальна, што многія прадстаўнікі сілавых структур дзейнічаюць ананімна. Гэта значыць, яны не падобныя на людзей, якія дзейнічаюць ад імя дзяржавы, якая валодае манаполіяй на гвалт. Гэтыя людзі больш нагадваюць нейкую прыватную ваенную кампанію (кажучы расейскай мовай, ПВК) Лукашэнкі.

13. Аляксандр Лукашэнка стаў адным з асноўных фактараў дэстабілізацыі беларускага грамадства.

14. Дагэтуль Лукашэнка апеляваў да народа праз галаву ўсіх дзяржаўных інстытутаў і наменклатуры, і ягоны рэжым адзінаасобнай улады трымаўся на народнай падтрымцы. Цяпер, калі грамадская падтрымка знікла, ён вымушаны спадзявацца на дзяржаўны апарат. Гэта азначае, што роля, палітычная вага наменклатуры ўзрастае. Яна можа ператварыцца ў суб'ект палітыкі. Пра гэта сведчаць, напрыклад, крокі Лукашэнкі да павышэння ролі і паўнамоцтваў Савета Бяспекі.

15. Беларусь увайшла ў перыяд перманентнага сацыяльна-палітычнага крызісу, які не можа быць развязаны ў рамках існага палітычнага рэжыму. Мы атрымалі расколаты, траўмаваны соцыум.

16. Маятнік грамадскіх настрояў моцна хіснуўся ў іншы бок. За 27 гадоў кіравання Лукашэнкі ў краіне адбылася антыаўтарытарныя вакцынацыя, выпрацаваліся «антыцелы» супраць дыктатуры, «прававога беззаконня», патэрналісцкай дзяржавы. Беларусь саспела да паўнавартаснай рынкавай эканомікі і дэмакратыі ліберальнага тыпу. На парадку дня перааснашчэнне дзяржавы на новых прынцыпах.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках