6 траўня 2024, панядзелак, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Казахстане да масавых пратэстаў і забастовак далучыліся энэргетыкі

3
У Казахстане да масавых пратэстаў і забастовак далучыліся энэргетыкі

Яны пагражаюць адключыць святло ва ўсім горадзе.

У горадзе Жанаазэне на захадзе Казахстана да масавых пратэстаў і забастовак далучыліся рабочыя мясцовай энэргакампаніі «Азэнэнэргасэрвіс»: яны пагражаюць адключыць святло ва ўсім горадзе. Таксама працягваюць страйкаваць супрацоўнікі нафтавых кампаній, паведамляе «Настоящее время».

Забастоўкі ў Жанаазэне з патрабаваннем падвысіць заробак пачаліся ў сярэдзіне ліпеня, і такіх шматлікіх пратэстаў працоўных калектываў у горадзе не было даўно. На стачку выйшлі нафтавікі, супрацоўнікі сэрвісных кампаній, кіроўцы і нават камунальнікі. Цяпер страйкуюць і патрабуюць павысіць заробкі працоўныя больш чым дзясятка кампаній, а напярэдадні да іх далучыліся энэргетыкі «Азэнэнэргасэрвіса». Яны патрабуюць ад кіраўніцтва, каб ім удвая падвысілі заробак, выдавалі прэміі на Дзень энэргетыка і 13-ы заробак за год, у адваротным выпадку яны пагражаюць абясточыць увесь горад.

«Мы просім хутчэй развязаць пытанне з нашымі заробкамі. Мы прыпынім сваю працу, бо патрабаванні ўсё яшчэ не выкананыя. Шараговых жыхароў Жанаазэна просім паставіцца з разуменнем, калі ў вашых дамах не будзе электрычнасці, - гаворыцца ў звароце страйкоўцаў. - Пры гэтым хочам сказаць, што ад электрычнасці жыццёва важныя аб'екты, такія як МНС, лякарні, радзільні, мы адключаць не будзем».

Кіраўніцтва ГКП «Азэнэнэргасэрвіс» сітуацыю не каментуе. Мясцовыя ўлады паспяшаліся супакоіць жыхароў: яны заявілі, што хоць пратэстная акцыя сапраўды праходзіць, прадпрыемства прадаўжае працу ў штатным рэжыме.

«Групай работнікаў ГКП «Азэнэнэргасэрвіс» абвешчаная пратэстная акцыя што тычыцца працоўных дачыненняў. Нягледзячы на гэтую сітуацыю, дзейнасць прадпрыемства не была прыпыненая, - запэўніваюць у акімаце Жанаазэна. - Праблем з падачай электраэнэргіі жылому сектару, сацыяльным, камерцыйным аб'ектам няма. Усе аб'екты жыццезабеспячэння і аб'екты, якія маюць стратэгічнае значэнне, працуюць у штатным рэжыме».

Да страйку нафтавікоў далучыліся рабочыя яшчэ адной кампаніі - нафтаздабыўной «Каражанбасмунай». Амаль 200 супрацоўнікаў адмаўляюцца выходзіць на змену, праца на радовішчы практычна паралізаваная. Пратэстоўцы патрабуюць павялічыць ім заробак і ўвесці сацыяльны пакет.

«Шмат каму, хто знаходзіцца па-за маёй спіной, не паднялі заробак. Ён павялічыўся толькі на 4%, - кажуць рабочыя кампаніі Industrial Service Resources у сваім відэа. - Кіраўніцтва тлумачыць гэта тым, што няма штатных пазіцый. Другое патрабаванне: рабочых аўтсорсінгавых прадпрыемстваў павінны прыняць у штат. Яны нароўні з іншымі працуюць, таму заслугоўваюць гэтага».

Дзесяць гадоў таму, у снежні 2011 года, Жанаазэн таксама ахапілі масавыя забастоўкі, якія скончыліся трагедыяй: паліцыянты адкрылі агонь па бяззбройных жыхарах, якія выйшлі на пратэсты. Паводле афіцыйных звестак, загінулі 16 чалавек, амаль сотня пацярпелі. 37 чалавек, у тым ліку ўдзельнікаў страйку нафтавікоў, асудзілі на рэальныя і ўмоўныя тэрміны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках