11 траўня 2024, Субота, 0:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэсоўцы выказаліся пра апошнія заявы Лукашэнкі

5
Бізнэсоўцы выказаліся пра апошнія заявы Лукашэнкі

За апошнія паўгода толькі з Берасцейскай вобласці з'ехалі за мяжу амаль 3000 прадпрымальнікаў.

На мінулым тыдні зноў страсянулі бізнэс. «У нас неўзабаве будзе індывідуальных прадпрымальнікаў 12 мільёнаў! У нас народу столькі няма! Мы стварылі каласальны афшор, дзе людзі нічога не плацяць, а ўжо ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі - ад журналістаў (прыкладаў мора) да чыноўнікаў», - заявіў Лукашэнка.

Бізнэсоўцам, мяркуючы з усяго, празрыста намякнулі на яшчэ больш складаныя часы. Як успрынялі гэтую навіну ў Саюзе прадпрымальнікаў Берасцейскай вобласці? «Вечерний Брест» пацікавіўся меркаваннем актыўнага чальца Саюза Пятра Камяковіча:

«Шчыра сказаць, прадпрымальнікі не зразумелі выстаўленых прэтэнзій. Аб якім афшоры наогул ідзе гаворка? У нас падатковая нагрузка, разам з ФСАН і іншымі выплатамі, пад 50%. У той жа час нікому не выгадна працаваць непразрыста. Бізнэс на Берасцейшчыне ў пераважнай большасці імкнецца працаваць сумленна, плаціць падаткі. Галоўнае - каб былі адпаведныя ўмовы для развіцця. А ўсе гэтыя размовы аб навядзенні парадку відавочна не дадаюць упэўненасці, хутчэй, наадварот, ствараюць лішняе напружанне. Складана казаць пра нейкае развіццё ў такіх умовах», - канстатуе бізнэсовец з больш чым 30-гадовым стажам.

Паміж тым…

За апошнія паўгода з Берасцейскай вобласці, на розныя ацэнкі, з'ехалі за мяжу ад 1500 да 3000 прадпрымальнікаў. Усяго рознымі тыпамі бізнэсу займаюцца больш за 33 тысячы нашых землякоў. Суседнія краіны праводзяць актыўныя дзеянні, каб перавабіць да сябе актыўных беларусаў. Так, урад Літвы дазволіў беларускім імігрантам лёгка адкрываць рахункі, ствараць кампаніі і дэклараваць падаткі онлайн.

У Польшчы запусцілі праграму, па якой беларусы могуць не праходзіць доўгую працэдуру атрымання дазволу на працу, без праблем перавезці ў краіну супрацоўнікаў з іх сем'ямі, а таксама атрымаць юрыдычную дапамогу.

Латвійскія ўлады стварылі спецыяльную групу, якая стала ў паскораным рэжыме разглядаць заяўкі беларускіх IT-спецыялістаў, якім патрабуюцца візы для сябе і сваякоў.

Ва Украіне спрасцілі атрыманне дазволу на жыхарства і працэс працаўладкавання, а таксама прадоўжылі тэрмін часовага знаходжання на тэрыторыі краіны беларускіх IT-спецыялістаў і іх сямейнікаў да 180 дзён.

Колькі прадпрымальнікаў працуюць у Беларусі?

Паводле адкрытых крыніцах (Белстат і Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі), у нашай краіне на 1 чэрвеня 2021 года было зарэгістравана 272 968 індывідуальных прадпрымальнікаў, гэта значыць, крыху больш за 2,5% ад насельніцтва краіны. Агулам кожны 34-ы жыхар Беларусі з'яўляецца ІП.

Аляксандр Чарнапалаў, доктар эканамічных навук:

«Некаторым маім апанентам хочацца настроіць насельніцтва на тое, што лепш працаваць на дзяржаву, то бок, наёмнымі работнікамі. Бо індывідуальныя прадпрымальнікі - найбольш незалежная частка грамадства. Я не раз адзначаў, што для нармальнага развіцця трэба, каб у бізнэс быў уцягнуты не кожны 34-ы жыхар, як у нас, а хаця б кожны 7-ы. Каб была канкурэнцыя. Пабудаваць закрытую эканоміку ў нас у кожным выпадку не атрымаецца. Прывяду просты прыклад, каб кожнаму было зразумела. Нядаўна ўрад абвясціў, што гатовы адмовіцца ад закупак тавараў з Еўропы ў адказ на заходнія санкцыі і замяніць іх расейскім імпартам альбо ўласнай вытворчасцю. Напрыклад, замест рухавікоў нямецкіх будуць усталёўваць на нашы аўтобусы «МАЗ» свае маторы або расейскія. Практычна кожны з нас напэўна ездзіў у такіх аўтобусах. Каб вызначыць, які ў іх матор, не трэба быць спецыялістам у галіне аўтамабілебудавання. «МАЗ» з нямецкім маторам «варкоча» і хутка набірае хуткасць. З нашым - тарабаніць, як трактар, і ледзь-ледзь узбіраецца на мост. Вось вам толькі адзін прыклад, чаму праз слабую канкурэнцыю ва ўмовах адміністрацыйнага ўздзеяння на эканоміку пакутуе ў канчатковым выніку спажывец. Калі стукнуць па прыватнаму бізнэсу, асабліва малому і сярэдняму, такіх прыкладаў стане нашмат больш».

Нагадаем, што шэраг беларускіх тэлеграм-каналаў распаўсюдзіў інфармацыю пра «адпускныя» настроі ў грамадстве.

«Закрывайце свае фірмы, крамы, кавярні, гандлёвыя месцы, стаўце на стаянкі свае таксоўкі і едзьце на лецішчы, на мора, выязджайце на прыроду. Пазбавім пірата з сінімі пальцамі і яго халуёў кармавой базы! Усяго некалькі тыдняў прыпынення дзелавой актыўнасці і сістэма абрынецца.

Беларусь сыходзіць у адпачынак», - прапануюць беларусы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках