2 траўня 2024, Чацвер, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пастановы МАП могуць істотна паўплываць на луканоміку

3
Пастановы МАП могуць істотна паўплываць на луканоміку

Пра гэта заявіў адзін з лідараў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафесійных звязаў.

Дзеянні супраць працоўных могуць мець цяжкія наступствы для рэжыму ў Беларусі.

– Ціск на незалежны прафзвяз быў увесь час, але такога не было ніколі, – каментуе «Салідарнасці» рэпрэсіі на ААТ «Гродна Азот» намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў (БКДП) Сяргей Антусевіч. – Затрыманні, спробы дыскрэдытацыі, звальненні, звароты ў пракуратуру...

У свеце ёсць вельмі мала краінаў, якія дазваляюць сабе ігнараваць звароты і патрабаванні Міжнароднай арганізацыі працы. І тое, што робіцца цяпер у цэнтры Еўропы, у краіне, якая ратыфікавала ўсе асноўныя канвенцыі МАП, не ўкладаецца ў здаровы сэнс.

Намеснік старшыні БКДП паведаміў, што пра ўсе рэпрэсіі своечасова інфармуюцца ўсе міжнародныя арганізацыі.

– Інфармаванне ўжо перайшло ў онлайн-рэжым, таму што навіны будуць з’яўляцца не проста кожны дзень, а кожную гадзіну. І мы бачым, у якім шоку цяпер знаходзяцца нашы калегі з міжнароднага прафзвязнага руху.

Звычайна ўрады ўсіх краінаў імкнуцца няўхільна выконваць патрабаванні, на якія паказваюць міжнародныя прафзвязныя арганізацыі, Глабальныя звязы, міжнародныя канфедэрацыі прафзвязаў.

У 2004 годзе ў Беларусі працавала Камісія расследавання МАП і тады выявіла цэлы шэраг парушэнняў, якія не ліквідаваныя да цяперашняга часу. І цяпер сітуацыя з правамі працоўных прадаўжае пагаршацца, – адзначыў прафзвязны лідар.

Ён нагадаў, што ў свой час менавіта дзякуючы кантрольным механізмам МАП атрымалася скончыць з дыскрымінацыяй незалежных прафзвязаў на ААТ «Гродна Азот» і адстаяць першасную арганізацыю.

– Мы здолелі захаваць арганізацыю да гэтага часу. Пасля 9 жніўня мінулага года яна шматкроць павялічылася. І я думаю, што першасная арганізацыя незалежнага прафзвязу на прадпрыемстве будзе прадаўжаць працаваць, нягледзячы на небывалую хвалю рэпрэсій.

Я думаю, што асноўная мэта гэтага прэсінгу – запалохаць. Мы не ведаем, паводле якой справы людзей затрымліваюць, у якім яны статусе і г.д. Вядома, рана ці позна мы даведаемся ўсе падрабязнасці. Відавочна, што людзі, якія робяць на нас ціск, не разумеюць, для чаго гэта робяць. Яны проста выконваюць загад і не думаюць пра наступствы, – мяркуе Сяргей Антусевіч.

Ён упэўнены, што ігнараванне асноватворных нормаў міжнароднага права і заканадаўства можа мець цяжкія наступствы для ўсёй краіны, напрыклад, адаб'ецца на сацыяльна-эканамічным становішчы. МАП можа стаць яшчэ адным важкім голасам супраць беларускага рэжыму на міжнароднай арэне.

– Бо ўжо быў прэцэдэнт, калі праз невыкананне патрабаванняў МАП, на падставе іх рэкамендацый Еўразвяз прыняў пастанову выключыць Беларусь з Абагульненай сістэмы прэферэнцый (АСП). І цяпер пастановы МАП могуць істотна паўплываць на эканоміку Беларусі, і без таго падарваную санкцыямі, – не выключае суразмоўца «Салiдарнасцi».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках